Пашырэнне і развіццё інфармацыйнай прасторы

- 12:47Актуально, Апошнія запісы, Рознае

На пачатку тыдня ва ўпраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама адбылася планавая рабочая сустрэча ў рамках практычнай рэалізацыі праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. Падчас сустрэчы галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў і начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін абмеркавалі актуальныя праблемы двухбаковага супрацоўніцтва, вызначылі прыярытэтныя кірункі інфармацыйнай падтрымкі развіцця адукацыйнай прасторы Гродзеншчыны.

Падчас абмену думкамі партнёры пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у творчым развіцці праекта, далучэнні да ўдзелу ў ім педагогаў, найбольш актыўных пазаштатных аўтараў, прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці Гродзеншчыны, сацыяльных партнёраў.
Так, галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” В.А. Кнышаў адзначыў, што арганізацыйны этап партнёры паспяхова прайшлі, цяпер працягваецца сумесная работа па ўдасканаленні творчых кірункаў дзейнасці карэспандэнцкага пункта “Настаўніцкай”, пашырэння, так бы мовіць, асабістага творчага поля ўласнага карэспандэнта. Наспеў час дапоўніць “журналістыку мерапрыемстваў” аналітычнымі, практычнымі матэрыяламі аб развіцці адукацыйнай прасторы Гродзеншчыны. Са свайго боку рэдакцыя гарантуе падтрымку па ўсіх напрамках рэалізацыі праекта.
У пацвярджэнне сказанаму начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама А.Г.Сонгін спаслаўся на бясспрэчны факт, які адлюстроўвае прамую зацікаўленасць педагогаў у развіцці праекта: за непрацяглы час падпіска на галіновае выданне павялічылася ў вобласці амаль удвая. А галоўнае — пабольшала інфармацыйных, аўтарскіх матэрыялаў аб дзейнасці сістэмы адукацыі вобласці. Гэтая інфармацыйная падтрымка тым больш своечасовая, бо яна істотна дапаўняе тую сапраўды неацэнную падтрымку сістэме адукацыі, якую аказвае сёння кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама.
— Пажадана, — адзначыў Аляксандр Генрыхавіч, — каб на старонках газеты друкаваліся аналітычныя, сістэмныя, можа быць, і дыскусійныя матэрыялы аб практычнай рэалізацыі ва ўстановах адукацыі Гродзеншчыны інавацыйных, аўтарскіх праектаў, эфектыўным педагагічным вопыце
і інш.
На заканчэнне сустрэчы партнёры падпісалі рабочыя дакументы, у абноўленай рэдакцыі, якія ўлічваюць дасягнутыя напрацоўкі і скіроўваюць на інтэнсіўнае развіццё двухбаковага супрацоўніцтва, пашырэнне і развіццё інфармацыйнай прасторы Гродзеншчыны.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.
Фота аўтара.