Паспрабаваць сябе ў якасці журналіста можа кожны навучэнец гімназіі № 1 Віцебска

- 16:42Новости

Настаўнікі гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава знаёмяць школьнікаў з прафесіяй журналіста, вучаць ініцыятыўнасці і сацыяльнай адказнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Першы нумар гімназічнай газеты “Праменьчык” пабачыў свет 6 сакавіка 1996 года, — расказала кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст” ­Антаніна Арашонак. — Тады рэдактарам была настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Пятроўна Главацкая, якая працавала тут звыш 40 гадоў. Газета ў друкаваным выглядзе выдавалася на працягу 11 гадоў, сабралася багатая бібліятэка друкаваных экзэмпляраў. Аднак час не стаіць на месцы, і з 2018 года наш “Праменьчык” — інтэрнэт-газета. Мы па-ранейшаму знаёмім з жыццём гімназіі і садзейнічаем творчым пачынанням навучэнцаў. У газеце 15 рубрык. Традыцыйнымі з’яўляюцца “Гарачыя навіны”, “Гімназічны свет”, “Афіша”, “Суразмоўцы”, “Падзея тыдня”, “Калонка рэдактара”. У рубрыках “Залацінкі роднай мовы” і “Крылы Пегаса” навучэнцы дзеляцца сваімі першымі пробамі пяра. Таксама ёсць рубрыка для самых малодшых “Размінкі для кемлівых” — пра першыя крокі ў навуку.

Сярод гімназістаў шмат таленавітых і творчых асоб, якія з задавальненнем прымаюць ­удзел у розных конкурсах і праектах. Такім чынам з’яўляюцца новыя рубрыкі ў газеце, напрыклад, “Карней Іванавіч Чукоўскі”. Гэтая рубрыка прысвечана конкурсу ў пачатковай школе ў гонар знакамітага пісьменніка.

Штогод у лістападзе ўстанова адукацыі прымае ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”, па выніках якога яе прадстаўнікі неаднойчы станавіліся пераможцамі, у тым ліку на заключным этапе. У выніку нарадзілася рубрыка “Энерга­эфектыўнасць: голас гімназіі”, дзе размяшчаюцца работы навучэнцаў, іх вершы і нават экалагічныя казкі.

З 2019 года ўстанова носіць імя Ж.І.Алфёрава, што таксама знайшло адлюстраванне ў газеце, найперш у рубрыцы “Ганарымся імем яго: Жарэс Алфёраў”.

Паспрабаваць сябе ў якасці журналіста можа кожны навучэнец. Сучасныя напрамкі ў прафесіі не выключэнне. Гурток “Медыяжурналістыка” пад кіраўніцтвам Ксеніі Асмалоўскай зусім малады, але за няпоўныя тры гады яго ўдзельнікі паспелі многаму навучыцца. У прыватнасці, гурткоўцы выдатна спраўляюцца з артыкуляцыйнай гімнастыкай, бо ў журналіста павінна быць бездакорная дыкцыя.

Навыкі камунікацыі і каманднай работы, мастацтва творчай імправізацыі, уменне прыгожа гаварыць і свабодна паводзіць сябе перад аўдыторыяй, лёгка і нязмушана выкладаць свае думкі — усё гэта добра дапамагае ў вучобе.

Юныя журналісты вядуць сваю старонку ў Instagram, дзе ёсць сюжэты пра падзеі ў гімназіі, інтэрв’ю з любімымі педагогамі і меркаванні навучэнцаў на розныя актуальныя тэмы. Бе­зумоўна, моладзь вучыцца працаваць з кантэнтам, знахо­дзіць і трансліраваць не проста актуаль­ную, а сацыяльна значную інфармацыю. Так, ­адзін з сюжэтаў вучні Ксеніі Ула­дзіміраўны прысвяцілі… 2,5 грама дабрыні: гімназісты расказалі равеснікам і дарослым, як звычайная пластыкавая накрыўка можа прынесці вялікую карысць. У выніку праз некаторы час усе паралелі далучыліся да гімназічнага праекта, арыентаванага на дабрачыннасць, экалагічную асвету і захаванне прыродных рэсурсаў. Поспехі гурткоўцаў адзначаны журы шэрага конкурсаў рознага ўзроўню. Камандную скарбонку дасягненняў аматары медыяжурналістыкі папаўняюць з зайздроснай рэгулярнасцю, прычым не толькі вопытныя ў зносінах з сучаснымі гаджэтамі старшакласнікі. Так, зусім нядаўна перамогу ў гарадскім конкурсе відэаролікаў на экалагічную тэматыку “Беражыце прыроду” атрымала навучэнка 4 “А” класа Марыя Кальцова.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара