100 балаў на цэнтралізаваным экзамене — запаветная мара і педагога, і вучня. Мы пераканаліся: абсалютна рэальна ажыццявіць яе.
Складнікі майго поспеху — гэта сістэмнасць у вывучэнні праграмных тэм і алгарытмізацыя, уласная аўтарская методыка і матываваны вучань.

Мой сёлетні матываваны вучань — Андрэй Крывашэенка — з 5 класа паглыблена вывучае гісторыю. Штогадовыя даследчыя работы, дыстанцыйныя конкурсы і алімпіяды гістарычнай накіраванасці дазволілі нацэліць нашу работу на атрыманне высокага выніку. У 11 класе Андрэй стаў пераможцам трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі Беларусі і ўладальнікам дыплома ІІ ступені абласной алімпіяды па сусветнай гісторыі, а таксама ўдзельнікам заключнага этапу.
Калі паўстала пытанне, які прадмет здаваць у якасці цэнтралізаванага экзамену, выбар быў зроблены імгненна — сусветную гісторыю.
Разбіраючы заданні рэпетыцыйных тэсціраванняў, алімпіяд, мы разам распрацавалі траекторыю падрыхтоўкі. Да таго ж улічылі і той факт, што прадмет “Сусветная гісторыя” (найноўшы час) вывучаецца на базавым узроўні з выкарыстаннем вучэбнага дапаможніка “Сусветная гісторыя” для 9 і 11 класа.
Пры падрыхтоўцы да ЦТ і ЦЭ па прадмеце “Сусветная гісторыя” выкарыстоўвалі вучэбную праграму, зацверджаную пастановай Міністэрства адукацыі ад 21.06.2021 № 131. Праграма складаецца з сямі тэм, якія неабходна вывучыць для паспяховай здачы цэнтралізаваных тэсціравання і экзамену: “Краіны Еўропы і ЗША ў 1918—1939 гг.”, “Савецкая дзяржава ў 1917—1939 гг.”, “Краіны Усходу і Лацінскай Амерыкі ў 1918—1939 гг.”, “Другая сусветная вайна. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа”, “Краіны Еўропы і ЗША ў 1945 г. — пачатку XXI ст.”, “СССР. Расійская Федэрацыя (1945 г. — пачатак ХХI ст.)”, “Краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі пасля Другой сусветнай вайны”.
Першачарговай задачай стала рашэнне тэставых заданняў мінулых гадоў. Гэта дапамагло зразумець, якія тэмы ўключаны ў тэсты і якія формы заданняў ужо былі, змест гісторыі ж не змяніўся з 2019 года. Так сфарміраваўся навык работы з заданнямі рознага ўзроўню складанасці.
Разбор заданняў і карэкцыйная работа праводзіліся падчас індывідуальных кансультацый у кабінеце гісторыі. Тэхналогія простая: адпрацоўка дапушчаных памылак, прычым паслядоўная і цыклічная, некаторыя заданні былі даведзены да аўтаматызму.
Суправаджаючы свайго вучня, я зразумела: тэстаў РТ і прапанаваных анлайн-заданняў недастаткова для ахопу ўсяго зместу вучэбнага матэрыялу. Выбар зрабіла на карысць аўтарскіх тэстаў: тэматычных, комплексных, прапанавала варыянты адкрытых і закрытых тэстаў. Пераканалася, што калі адну тэму адпрацаваць з выкарыстаннем усіх відаў тэставых заданняў — вынік будзе. Трэба адзначыць зладжанасць нашай работы: матывацыя мая як настаўніка зрабіць як мага больш заданняў і матывацыя Андрэя выканаць у поўным аб’ёме і максімальна разабраць кожную дапушчаную памылку.
У гэтым, бадай, і заключаецца сакрэт поспеху — тандэм настаўніка і вучня. Веды, навыкі, упартая праца, уважлівасць і адсутнасць панікі прынеслі найвышэйшы вынік. Галоўнае — верыць у сябе і свайго вучня!
Галіна ГАЛУЗА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці
Фота аўтара





