Паспяховым становіцца тое, што зроблена прафесіяналамі. Соф’я Філістовіч — пра падрыхтоўку да навучальнага года

- 14:09Интервью

Мінская вобласць займае лідзіруючыя пазіцыі па многіх кірунках, а педагогі цэнтральнага рэгіёна ўносяць значны ўклад у развіццё адукацыі краіны. Пра тое, ці гатовы школы Міншчыны да новага навучальнага года і якія задачы ставяцца перад настаўнікамі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф’я Філістовіч.

Филистович

— Соф’я Пятроўна, што сёння ўяўляе сабой адукацыйная сістэма Міншчыны?

— З 1 верасня ў нашым рэгіёне працягнуць работу 1024 установы, сярод якіх 463 — дашкольнай, 504 — агульнай сярэдняй адукацыі, 24 каледжы, 30 устаноў спецыяльнай адукацыі. Таксама ў нас дзейнічаюць 3 установы прыватнай формы ўласнасці: сярэдняя школа “Эка-Эл”, дзіцячы сад і пачатковая школа “Елісеевы палі”.

У дзіцячых садах і школах будуць зай­мацца 218 тысяч дзяцей. Упершыню школьны званок празвініць для больш чым 16,5 тысячы першакласнікаў.

Сёлета на Міншчыне з’явіліся дзве новыя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. У Дзень ведаў навучэнцаў чакаюць у сярэдняй школе № 15 Салігорска, якая разлічана на 930 месцаў, і ў сярэдняй школе № 2 Копішча Мінскага раёна. У апошняй будуць вучыцца 1125 дзяцей, а пабудавана яна за кошт сродкаў прыватнага інвестара “А 100 Дэвелапмент”, які ўзвёў у вёсцы і сярэднюю школу № 1.

У 2024/2025 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Міншчыны працягнуць сваю работу больш як 28 тысяч педагогаў. Безумоўна, маладых спецыялістаў мы таксама чакаем — іх сёлета 826.

— Якую дапамогу атрымаюць маладыя спецыялісты? Што будзе зроблена для іх камфортнай адаптацыі на першым працоўным месцы?

— Важнае месца ў перспектыўных і бягучых планах на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі Мінскай вобласці займае работа з маладымі спецыялістамі, пачынаючы з традыцыйных форм пагружэння ў прафесію і заканчваючы пошукам новых падыходаў у станаўленні педагогаў.

За арганізацыю работы з маладымі спецыялістамі адказваюць вопытныя настаўнікі, якія суправаджаюць іх дзей­насць. У школе арганізоўваецца ўзаеманаведванне ўрокаў і кансультацыі, аказваецца метадычная дапамога пры падрыхтоўцы ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Штогод кіраўніцтвам і спецыялістамі рай-, гар­выканкамаў праводзяцца сустрэчы ў калектывах з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі па размеркаванні.

Для навучання настаўнікаў, якія толькі прыйшлі ў прафесію, функцыянуюць раён­ныя школы маладых спецыялістаў. Варта адзначыць, што на Міншчыне вялікая ўвага ўдзяляецца пытанню пазачарговага прысваення другой кваліфікацыйнай катэгорыі тым выпускнікам УВА, якія маюць дыплом магістра ці дыплом з адзнакай.

У калектыўных дагаворах устаноў адукацыі прадугледжаны шэраг мерапрыемс­тваў для падтрымкі маладых спецыялістаў: аплата праезду да месца працы, пакрыццё сродкаў за наём жылля, штомесячныя даплаты за наяўнасць статусу маладога спецыяліста, за работу па кантракце, дадатковыя дні да працоўнага водпуску. Акрамя гэтага, устаноўлены надбаўкі за склада­насць і напружанасць.

Адно з найбольш актуальных пытанняў — жыллёвае — таксама ў прыярытэце. Першачарговае значэнне надаём забеспячэнню жыллём менавіта маладых педагогаў: прадастаўляем пакоі ў інтэрнатах, кватэры ў арэндных дамах. Тыя, хто прыязджае працаваць на малую радзіму, жывуць з бацькамі. Тым, хто хоча стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллё­вых умоў, даецца такая магчымасць.

— Актуальная для пачатку жніўня тэма — завяршэнне рамонтаў. Колькі ўстаноў адукацыі ахоплена адпаведнымі работамі?

— Бягучыя, касметычныя рамонты выконваліся ва ўсіх школах рэгіёна, а капітальныя сёлета вядуцца ў 17 установах агульнай сярэдняй адукацыі. У дзіцячых садах таксама праводзіліся касметычныя рамонты, імі ахапілі 176 дашкольных устаноў. Капітальны рамонт вядзецца ў дзвюх да­школьных установах.

На падрыхтоўку ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да новага навучальнага года з бюджэту вобласці выдзелена 65,6 млн рублёў. Так, на бягучыя рамонты аб’ектаў накіравана 39,9, а на капітальныя — 17,2 млн рублёў. Акрамя гэтага, 8,5 млн рублёў выдзелена на набыццё абсталявання, закупляецца ўсё неабходнае для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў харчавання ва ўстановах адукацыі згодна з прадпісаннямі тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі.

Прыярытэтным пытаннем у рабоце з дзецьмі з’яўляецца захаванне іх бяс­пекі. Менавіта для стварэння бяспечных і камфортных умоў пры арганізацыі падвозу дзяцей Мінскім абласным выканаўчым камітэтам у 2024 годзе пастаўлена 50 школьных аўтобусаў. Таксама ў бягучым годзе Міністэрствам адукацыі для Мінскай вобласці за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту запланавана закупіць і паставіць 22 школьныя аўтобусы, 9 з якіх абсталяваны пад’ёмным прыстасаваннем і месцамі пад інвалідныя каляскі. Адзін школьны аўтобус будзе набыты за кошт спонсарскіх сродкаў Беларусбанка і перададзены ў Валожынскі раён.

— За апошнія гады педагогі Міншчыны распрацавалі многа паспяховых адукацыйных праектаў. Якія з іх бу­дуць працягнуты ў новым навучальным годзе?

— Не сакрэт: паспяховым становіцца тое, што зроблена прафесіяналамі, зацікаўленымі і неабыякавымі людзьмі, а такіх у адукацыі Міншчыны многа. У межах праектнай дзейнасці нашы педагогі раскрылі мноства актуальных тэм: сучасныя падыходы ў арганізацыі выхаваўчага працэсу, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму праз вывучэнне гісторыі малой радзімы, развіццё функцыянальнай дасведчанасці, стварэнне ўмоў для навучання дзяцей з рознымі адукацыйнымі патрэбамі, метады і спосабы работы са школьнікамі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця і інш.

Установы адукацыі штогод прадстаўляюць вынікі рэалізацыі інавацыйных праектаў на фестывалі праектных практык у снежні, а педагагічных праектаў — на творчай справаздачы ў чэрвені. Так, два месяцы назад адбылася творчая справаздача тых школ, якія завяршылі ў мінулым навучальным годзе рэалізацыю сваіх педагагічных ідэй. На працягу двух дзён прадстаўнікі 25 устаноў адукацыі Мінскай вобласці прэзентавалі іх вынікі. Работу ацэньваў экспертны савет галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама.

Мы ганарымся і тым, што педагогі Мінскай вобласці актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі як рэспубліканскіх эксперыментальных і інавацыйных праектаў, так і абласных педагагічных ідэй. У мінулым навучальным годзе ў вобласці 54 установы адукацыі рэалізоўвалі 19 эксперыментальных праектаў, а інавацыйнымі ідэямі было ахоплена 149 устаноў адукацыі. 102 педагагічныя праекты былі падтрыманы ў 138 школах. 

У новым навучальным годзе не плануем зніжаць свае паказчыкі ў азначаным кірунку, бо праектная дзейнасць выступае ў ролі ўніверсальнага інструмента для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў, іх умення свабодна арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы і крытычнага мыслення. Што тычыцца тэмы і напрамкаў адзначанай дзейнасці, то іх падказвае педагагічная практыка, запыты грамадства і дзяржавы. Сярод актуальных тэм, якім прысвячаюцца даследчыя і інавацыйныя работы педагогаў і вучняў вобласці, можна назваць фарміраванне грамадзянскіх і патрыятычных кампетэнцый шляхам выкарыстання медыятэхналогій у музейнай педагогіцы, развіццё прадметных кампетэнцый вучняў на аснове выкарыстання мабільных дадаткаў у адукацыйным працэсе, фарміраванне асноў фінансавай дасведчанасці дзяцей з дапамогай ўкаранення комплексу актыўных форм пазаўрочнай дзейнасці і інш.

Работа па актуальных пытаннях адукацыйнай практыкі таксама будзе прадоўжана з верасня.

— У Мінскай вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца музейнай педагогіцы. Ці плануецца ў школах, якія яшчэ не ахоплены гэтым кірункам, адкрыццё музеяў, музейных пакояў і чаму будуць прысвечаны экспазіцыі?

— Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці музеі — гэта цэнтры выхаваўчай работы з навучэнцамі. У кожнай установе адукацыі ёсць экспазіцыі, прысвечаныя ваеннай тэматыцы, дзе за кожным музейным прадметам стаіць цікавая гісторыя.

Музейная педагогіка дапамагае забяспечыць пераемнасць пакаленняў, захаваць гістарычную памяць, любоў да роднага краю. Так, 1 верасня сярэдняй школе № 3 Чэрвеня будзе прысвоена імя Л.Ф.Камароўскага, франтавіка, першага дырэктара ўстановы адукацыі, заслужанага настаўніка Беларусі. Тут жа будзе створана экспазіцыя, прысвечаная педагогу.

У сярэдняй школе № 1 Смілавіч плануецца адкрыццё музейнага пакоя “Халакост — трагічная старонка гісторыі Чэрвеньскага раёна”, прысвечаная памяці ахвяр халакосту.

У гімназіі Дзяржынска ў кабінеце гісторыі падчас летніх канікул створана новая экспазіцыя музея баявой Славы, прысвечаная героям Дзяржыншчыны. А ў сеніцкай сярэдняй школе № 2 у кастрычніку бягучага года плануецца адкрыццё экспазіцый “Наша гордасць у год якасці: прадпрыемс­твы Мінскага раёна” і “Знакамітыя людзі Мінскага раёна”. У каладзішчанскай сярэдняй школе № 2 восенню таксама адкрыюцца музеі — “Беларуская хатка” і “Музычныя інструменты”.

— Соф’я Пятроўна, якія мэты і задачы будуць прыярытэтнымі для сістэмы адукацыі Мінскай вобласці ў новым навучальным годзе?

— Сістэма адукацыі Міншчыны працягне працаваць над выкананнем найважнейшых задач, сярод якіх павышэнне якасці адукацыі, захаванне яе даступнасці, стварэнне бяспечных умоў адукацыйнага працэсу, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў для рэальнага сектара эканомікі. Важным напрамкам у сістэме адукацыі быў і застаецца выхаваўчы аспект. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі працягнецца работа над павышэннем яе якасці. Што тычыцца педагогаў, то іх галоўная задача — з дапамогай уменняў і ведаў, розных тэхналогій і методык арганізоўваць навучанне кожнага навучэнца ў адпаведнасці з яго здольнасцямі і магчымасцямі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА