Паступова вяртаемся на траекторыю аднаўлення эканамічнага росту

- 11:29Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі абмеркавана на сустрэчы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам урада і Нацбанка.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за мінулы перыяд 2016 года, сітуацыі на валютным рынку.

Абмяркоўвалася таксама супрацоўніцтва Беларусі з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі па канкрэтных пытаннях. У іх ліку праект па рэканструкцыі аўтадарогі Мінск — Гродна, які рэалізоўваецца разам з Сусветным банкам. “Трэба ўсё рабіць, каб гэтае супрацоўніцтва не спынялася. Для нас гэта вельмі выгаднае супрацоўніцтва, асабліва ў гэты перыяд”, — адзначыў прэзідэнт.

Як расказаў па выніках даклада прэзідэнту Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, ва ўрадзе разлічваюць, што інфляцыю ў 2016 годзе ў Беларусі можна будзе ўтры-маць у межах 12 працэнтаў.

“Мы інфармавалі, што, на жаль, у той матрыцы задач, якая вызначана кіраўніком дзяржавы, з сямі паказчыкаў выкананы адзін, але вельмі важны. Гэта паказчык інфляцыі, — заявіў Андрэй Кабякоў. — Мы ўжо ўвайшлі ў нармальны рэжым і разлічваем, што па выніках года, як і прадугледжвалася, інфляцыя не перавысіць 12 працэнтаў”.

Прэм’ер-міністр удакладніў, што ў жніўні на працягу першай паловы месяца нават назіралася дэфляцыя, якая ў тым ліку звязана з сезонным фактарам.

Што тычыцца іншых паказчыкаў, была звернута ўвага, што па пераважнай большасці з іх прысутнічае дадатная дынаміка, якая характарызуе якасныя змяненні ў эканоміцы. “Мы паступова вяртаемся на траекторыю аднаўлення эканамічнага росту”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Прэзідэнта падрабязна праінфармавалі аб сітуацыі на знешніх рынках, суадносінах экспарту і імпарту, плацежным балансе краіны. Абмеркаваны праблемныя пытанні, якія тычацца функцыянавання праблемных дзяржпрадпрыемстваў. Разгледжана выкананне праграмных мер па скарачэнні перакрыжаванага субсідзіравання ў сферы ЖКГ.

Прэм’ер-міністр таксама адзначыў, што ва ўрадзе разглядаюцца розныя варыянты і пытанні ўстанаўлення тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў ацяпляльны сезон. Пры гэтым неабароненым слаям насельніцтва дзяржава будзе гарантавана аказваць падтрымку.

“Аналізуем, разглядаем розныя варыянты. У любым выпадку мы будзем у максімальнай ступені пры ўмове планавання росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі разглядаць катэгорыі грама-дзян, якія не змогуць зрабіць адпаведную аплату з-за ўзроўню даходаў. Прынцып адзін: хто можа, той павінен плаціць, а тым, хто не зможа з-за аб’ектыўных прычын, дзяржава акажа сацыяльную падтрымку”, — заявіў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што і кіраўнік дзяржавы патрабуе адпаведнага падыходу. Ён заключаецца ў тым, што калі ўрад плануе нейкія рашэнні, якія могуць паўплываць на жыццёвы ўзровень насельніцтва, то неабходна адрасным чынам у адносінах да канкрэтных катэгорый грамадзян прадугледжваць нівеліруючыя меры. “Гэта значыць, канцэпт сацыяльнай дзяржавы, што мы сваіх грамадзян не кінем у цяжкую хвіліну і заўсёды, плануючы тыя ці іншыя рашэнні, будзем прадугледжваць пэўныя меры па абароне. Гэта патрабаванне прэзідэнта, ад якога ўрад не мае права адступаць”, — дадаў прэм’ер-міністр.

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур далажыў кіраўніку дзяржавы аб сітуацыі на валютным рынку і ў банкаўскім сектары.

Па выніках даклада кіраўніку дзяржавы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур заявіў журналістам, што давер да банкаўскай сістэмы Беларусі захоўваецца як унутры краіны, так і за мяжой.

“Нягледзячы на тое, што мы сутыкнуліся ў гэтым годзе з новымі выклікамі — гэта зніжэнне экспарту ў цэнавым выражэнні, у першую чаргу па такіх групах, як нафтапрадукты і калій, урад і Нацбанк разам з банкаўскай сістэмай прынялі адпаведныя меры, якія далі магчымасць сітуацыю на валютным рынку істотна стабілізаваць. Гэты стабільны стан прагназуецца і да канца года”, — заявіў старшыня праўлення Нацбанка.

Паводле яго слоў, у час даклада кіраўніку дзяржавы Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу ўрада і Нацбанка, а таксама іншых банкаў на неабходнасць прыкласці адпаведныя намаганні для захавання належнай рэсурснай падтрымкі непасрэдна для крэдытавання рэальнага сектара эканомікі.

“Давер да банкаў захоўваецца з боку партнёраў за межамі краіны. Банкі не зніжаюць, а павялічваюць рэсурсную базу за кошт сродкаў нерэзідэнтаў. Захоўваецца давер да банкаўскай сістэмы і ўнутры нашай краіны, што выяўляецца ў пэўнай дынаміцы ўкладаў насельніцтва”, — канстатаваў Павел Калаур.

Разам з тым ёсць і некаторыя праблемныя пытанні. Так, макраэканамічныя карэкціроўкі мінулага і бягучага гадоў у пэўнай ступені паўплывалі на фінансавы стан прадпрыемстваў і, адпаведна, банкаўскага сектара. “Мы назіраем пэўную дынаміку па павелічэнні праблемных актываў у банкаўскай сістэме. Цяпер гэтая лічба складае 14,3 працэнта. Але тыя меры, якія прыняты ўрадам і Нацыянальным банкам і будуць прымацца да канца года, даюць магчымасць адназначна сцвярджаць, што сітуацыя застаецца кіруемай. Паказчык праблемных актываў не выйдзе за нейкія межы, якія выклікалі б нашу асаблівую заклапочанасць”, — запэўніў старшыня праўлення Нацбанка.