Патрабаванне кіраўніка дзяржавы — слухаць і чуць людзей

- 10:17Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае наяўнасць праблемных момантаў з выканальніцкай дысцыплінай сярод дзяржслужачых і ў пытанні работы са зваротамі грамадзян. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта.

Для абмеркавання на нарадзе было ўнесена некалькі блокаў пытанняў, якія тычацца кадравай палітыкі, прэстыжу, статусу дзяржаўнай службы. “У вас ёсць прапановы і пытанні. Я гатовы да абмеркавання, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Традыцыйна мы будзем абмяркоўваць на такіх нарадах пытанні выканання даручэнняў прэзідэнта. Я перш за ўсё папярэджваў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта — у нас праблемы ёсць (не ведаю — вялікія, малыя) — сёння зробім вывады па выканальніцкай і, на жаль, працоўнай дысцыпліне нашых дзяржслужачых. Я прасіў праверыць гэтыя пытанні і сёння далажыць”.

Паводле слоў прэзідэнта, яшчэ адна тэма нарады — якасць работы са зваротамі грамадзян, аб чым раней даваліся адпаведныя даручэнні. “Нам трэба нейкую нармальную форму выпрацаваць у рабоце са зваротамі грамадзян. Усё цягнецца з савецкіх часоў: нехта напісаў у Адміністрацыю прэзідэнта або на імя прэзідэнта, нехта скардзіцца на мясцовыя органы ўлады, а мы туды адпраўляем для разгляду гэтыя скаргі і заявы. Паток непатрэбнай інфармацыі, плацім за гэта грошы, пошта нясе туды гэтыя пісьмы, потым яны вам прысылаюць назад. А яшчэ і фельд’егерскую сувязь выкарыстоўваем нятанную. Пара гэтаму палажыць канец. І я папрасіў, каб тут былі ўнесены канкрэтныя прапановы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Усе пытанні, якія абазначыў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы сустрэчу, былі абмеркаваны вельмі канкрэтна і падрабязна. Кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта агучаны прапановы па выбудоўванні новай сістэмы работы са зваротамі грамадзян. Галоўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы ў гэтым пытанні — слухаць і чуць людзей, бачыць тэндэнцыі і аператыўна на іх рэагаваць, адзначыла прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы.

Таксама прэзідэнту былі даложаны першыя вынікі праверкі працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны ў дзяржапараце. Гэтая работа будзе прадоўжана. Прадметам размовы сталі і пытанні кадравай палітыкі, работа сродкаў масавай інфармацыі.

Акрамя таго, памочнікі прэзідэнта далажылі аб ходзе рэалізацыі стратэгічных праектаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такія нарады з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта будуць мець традыцыйны характар і праводзіцца прыкладна раз у два месяцы. На мерапрыемства таксама былі запрошаны дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась і кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на такіх нарадах хацеў бы чуць не самасправаздачы ад іх удзельнікаў, а ў першую чаргу абмяркоўваць актуальныя праблемы, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. “Я хацеў бы пабудаваць работу так, каб не было такога меркавання, што немагчыма непасрэдна да прэзідэнта данесці рашэнне тых ці іншых пытанняў або непасрэдна перад ім паставіць пытанне. Калі ласка, вось форма работы. Прытым вы тут ініцыятары. Калі такіх пытанняў назбіралася мноства, мы можам часцей праводзіць гэтыя сустрэчы”, — сказаў ён.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і па-за фарматам нарады любы яе ўдзельнік можа ў любы час далажыць прэзідэнту тое ці іншае пытанне, што і адбываецца на самай справе. “Тым не менш такія нарады даю ць магчымасць канкрэтызаваць нейкія напрамкі дзейнасці і прыняць адпаведныя меры”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“І папярэджваю ўсіх, што рашэнні, якія мы прымаем тут (няхай нават не фармалізаваныя, а вусныя мае рашэнні), павінны безагаворачна выконвацца. Цягнуць з пытаннямі або адкладаць іх на доўгі час, пад сукно палажыць не атрымаецца. Тым больш што сёння нам трэба вызначыцца па самых сур’ёзных напрамках нашай работы. Ну і, вядома, гучныя пытанні. Гэта таксама тыя праблемы, якія мы павінны сёння разглядаць”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.