Патрэбнае даследаванне

- 11:01Адукацыйная прастора

Артыкул хочацца пачаць з віншаванняў з нагоды Дня роднай мовы, які адзначаецца якраз у дзень напісання гэтых радкоў — 21 лютага. Хоць сёння ўжо аўторак, віншую ўсіх, хто з павагай ставіцца да роднага беларускага слова! І найперш гераінь майго матэрыялу — прадстаўніц сярэдняй школы № 152 Мінска: адзінаццацікласніцу Вераніку Бусло і яе настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Алену Уладзіміраўну Курылёнак.

Вераніка пад кіраўніцтвам Алены Уладзіміраўны рыхтавалася да даследчага конкурсу. Рабіла яна гэта старанна і скрупулёзна, але журы, на жаль, не ацаніла вышыні творчага палёту дзяўчыны і апусціла яе на апошняе месца. Сказаць, што дзяўчына засмуцілася, нічога не сказаць. “Чаму? Гэта несправядліва!” — круцілася ў яе галаве.
У роспачы Алена Уладзіміраўна патэлефанавала нам у рэдакцыю і папрасіла дапамагчы Вераніцы вярнуць веру ў сябе, а таксама ў прафесіяналізм і кампетэнтнасць людзей, з якімі ёй давялося і яшчэ давядзецца сустрэцца ў сваім жыцці. Канечне, можна было б проста сказаць: “Не перажывайце, гэта не самае вялікае гора ў жыцці”. Але, напэўна, гэта няправільна, мы павінны даваць надзею, быць больш уважлівымі і карэктнымі ў адносінах адно да аднаго. Тым больш калі гаворка ідзе пра такіх цікаўных і таленавітых дзяцей.
Вераніка выступала на раённай навукова-практычнай канферэнцыі ў секцыі па літаратуразнаўстве. Тэма яе даследавання гучала так: “Філасофскае асэнсаванне пошукаў будучыні ў рамане Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні”. Магчыма, некаму такая фармулёўка можа падацца занадта сумнай і нецікавай, але за словазлучэннем “філасофскае асэнсаванне” хаваецца глыбокі роздум маладой дзяўчыны, якая выбар сваёй тэмы патлумачыла так:
“Па-першае, ваенная проза Кузьмы Чорнага належыць да нашых найлепшых мастацкіх здабыткаў. Яна вабіць перш за ўсё праўдзівасцю, глыбінёй філасофска-аналітычнай думкі пісьменніка, жыццёвасцю намаляваных характараў, майстэрскім даследаваннем псіхалогіі чалавека.
Па-другое, Кузьма Чорны пісаў пра вайну, цікавасць да якой не знікае, а нават расце. Вялікая Айчынная вайна — гэта цэлая эпоха ў жыцці народа. Мяняецца час — мяняецца погляд на падзеі і з’явы вайны, у другім вымярэнні паўстаюць людзі і іх справы. Кожнае новае пакаленне адкрывае ва ўроках Вялікай Айчыннай вайны нешта новае, вельмі актуальнае менавіта сёння, калі прайшло ўжо 70 гадоў пасля заканчэння той вайны, але ў свеце працягваюцца войны, у якіх гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі.
Па-трэцяе, тэма філасофскага асэнсавання пошукаў будучыні ў рамане Кузьмы Чорнага з’яўляецца вельмі актуальнай для нас, маладых людзей, якія таксама выбіраюць свае шляхі ў будучыню, і ад нашага выбару залежыць, ці будзе шчаслівым наша далейшае жыццё”.
Далей Вераніка Бусло вызначыла аб’ект (паказ у рамане шляхоў пошуку будучыні прадстаўнікамі розных сацыяльных груп народа) і прадмет свайго даследавання (раман Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні” прысвечаны ваеннай тэме і асуджэнню войнаў як самага страшнага зла чалавецтва). Акрэсліла мэты і задачы даследавання, адзначыўшы, што раман з’яўляецца адказам на пытанне, якое хвалявала пісьменніка здаўна: “Куды мы ідзём? Ці ёсць у нас і нашых нашчадкаў будучыня?”
Задачы даследавання:
— правесці аналіз аўтарскай пазіцыі ў творы, яго філасофскага, гуманістычнага зместу;
— даследаваць шляхі пошукаў будучыні ў творы і вынікі гэтых пошукаў;
— даследаваць, што ёсць жыццё для кожнага з герояў рамана;
— вызначыць шляхі, якімі яны ідуць да шчасця, апісаць іх погляд на будучыню.
Метадамі даследавання сталі канкрэтна-аналітычны, параўнальна-супастаўляльны. А гіпотэза Веранікі гучала наступным чынам: “Калі дапусціць, што героі рамана ходзяць па крузе ў пошуках будучыні для сябе і сваіх дзяцей, дык чаму ж яны так і не знаходзяць шчасце і долю? Адказ ёсць у творы: Беларусь раз’яднана, а значыць, будучыня народа і Радзімы — у яднанні, у адзінстве, без якога ніколі не будзе шчасця на гэтай шматпакутнай зямлі. Пацвярджэнне гэтага — наша незалежная Рэспубліка Беларусь — мая Радзіма, адзіная, мірная і вольная”.
Тут у размову ўключылася Алена Уладзіміраўна, якая была кіраўніком даследавання Веранікі:
“Кузьма Чорны сказаў сваё самабытнае слова ў літаратуры дзякуючы глыбокаму веданню жыцця, разуменню душы чалавека працы, захапленню багаццем роднай мовы.
Якуб Колас пісаў: “Вобразы К.Чорнага глыбока самабытныя, але ў той жа час настолькі шырока абагульнены, што перарастаюць нацыянальныя рамкі. Па сіле абмалёўкі, па глыбіні пранікнення ў чалавечую псіхалогію гэты яркі талент стаіць на адным з першых месцаў у беларускай прозе”.
Пісьменнік не раз расказваў, якія няшчасці прыносілі народу войны. У іх загінулі набыткі людской працы, яны спусташалі палеткі, раскідвалі дзяцей па свеце, адбіралі ў іх маленства, рабілі іх сіротамі. Вайне як страшнай спусташальнай стыхіі ў творах Кузьмы Чорнага супрацьпастаўляецца стваральная праца.

Іменем Кузьмы Чорнага названа школа ў Цімкавічах, дзе існуе прысвечаны яму народны музей. Цімкавічы з’яўляюцца старажытным населеным пунктам Капыльскага раёна, які знаходзяцца за 25 кіламетраў ад Нясвіжа і мае багатую гісторыю. Паводле прыгожай легенды, назва Цімкавічы паходзіць ад імя Цімка, так звалі славутага асілка, які некалі жыў тут, дапамагаў бедным і слабым. Яшчэ імя Кузьмы Чорнага маюць вуліцы ў Бабруйску, Мінску, Нясвіжы, Слуцку. У 2000 годзе на Капыльшчыне адкрыты два мемарыяльныя знакі.

Зробленае К.Чорным у час вайны, як адзначыў А.Адамовіч, “сапраўдны подзвіг пісьменніка-салдата. Столькі напісаць і так напісаць, будучы смяртэльна хворым ужо з 1942 года, амаль страціўшы зрок, — інакш чым подзвігам салдата, што да апошняй хвіліны не пакінуў свой акоп, гэта назваць немагчыма”.
Творы К.Чорнага не страцілі сваёй актуальнасці і ў наш час, тым больш на ваенную тэматыку, бо і сёння ў свеце неспакойна, адбываюцца лакальныя войны, тэракты, захопы заложнікаў. І сёння гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі, застаюцца сіротамі дзеці, разбураюцца вёскі, гарады, знішчаецца нацыянальнае багацце. Людзі страчваюць упэўненасць у сваёй добрай будучыні, таму тэма філасофскага асэнсавання пошукаў будучыні ў рамане Кузьмы Чорнага з’яўляецца вельмі актуальнай для маладых людзей, якія таксама выбіраюць свае шляхі ў будучыню, і ад іх выбару залежыць, ці будзе шчаслівым іх далейшае жыццё.
Гэты твор заклікае нас змагацца за мір, рабіць усё, што ад нас залежыць, каб чалавецтва не зазнала такіх страшных войнаў, якія былі ў гісторыі.
Канкурсантка правяла велізарную працу пры падрыхтоўцы свайго навукова-практычнага даследавання. Яна вельмі стала, сур’ёзна, нягледзячы на свой юны ўзрост, асэнсавала твор, яго праблематыку, філасофскую накіраванасць, выпісала з твора крылатыя фразы, папрацавала ў Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, пазнаёмілася з рэцэнзіяй К.Чорнага “Пошукі будучыні”, наведала музей у вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна, што на Радзіме пісьменніка.
У сваім 11 класе дзяўчына з дапамогай кіраўніка правяла круглы стол, дзе школьнікі разважалі пра сэнс выказаных пісьменнікам і героямі яго рамана крылатых фраз і пра тое, наколькі яны актуальныя ў наш час. Былі выказаны вельмі цікавыя меркаванні, якія канкурсантка супаставіла з выказваннямі герояў твора, з тымі абставінамі, у якіх апынаўся кожны з іх.
Пасля круглага стала былі зададзены пытанні аднакласнікам. Напрыклад, што яны ведаюць пра тыя войны, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі, як склаўся лёс іх сваякоў пасля вайны. За некаторых аднакласнікаў канкурсантка проста не магла нарадавацца. Многія вельмі многа ведаюць пра гісторыю Радзімы і лёс іх родных і блізкіх.
А калі прагучала пытанне “А што, калі заўтра вайна?”, юнакі без усялякага пафасу адказалі: “Мы ў адказе за тых, хто слабейшы і меншы за нас”.
І самае цікавае — гэта сустрэча з Раманоўскім Мікалаем Алегавічам — унукам К.Чорнага, журналістам, перакладчыкам, рэдактарам, гутарка з ім пра яго дзеда, праблематыку яго твораў, іх значэнне і актуальнасць.
Навукова-даследчая работа атрымалася вельмі цікавай, актуальнай, добра аформленай. Яе будзе карысна прачытаць усім, хто цікавіцца творчасцю Кузьмы Чорнага, хто неабыякавы да галоўных праблем сучаснасці, якія ставяцца ў рамане “Пошукі будучыні” і ва ўсёй творчасці таленавітага пісьменніка”.
Мне ж хочацца звярнуць вашу ўвагу на кароткія вывады, якія зрабіла Вераніка:
“Пісьменнік страсна пратэстуе супраць імперыялістычнай вайны, несправядлівай мяжы, што перарэзала Беларусь, супраць усіх нягод, якія робяць дзяцей сіротамі пры жывых бацьках. Так у творы з’яўляецца абагульнены вобраз “страшнага злодзея”, які крадзе маленства ў дзяцей, забірае іх ад бацькоў, у старых крадзе спакойную старасць, у беларусаў — бацькаўшчыну і чыніць гэтым найвялікшыя няшчасці. Асабліва бічуецца “страшны злодзей”, калі ён набывае рэальнае аблічча фашыста і бязлітасна губіць, фізічна знішчае дзяцей — любоў і надзею бацькоў, будучыню Радзімы.
На прыкладзе сямейнай хронікі нацыстаў Шрэдэраў, дарэмна растрачанага жыцця графа Паліводскага, ганебнага лёсу здрадніка Акаловіча пісьменнік вельмі яскрава паказвае асуджанасць тых, хто марыць пабудаваць сваё шчасце на няшчасці і пакутах іншых людзей. Гэта чорныя сілы вайны, асуджаныя на пагібель. Асновы ж фашызму, падкрэслівае аўтар, у празе да ўласнасці, да золата, у жаданні панаваць над усім светам.
У рамане сцвярджаецца думка аб тым, што мір для чалавека — найвялікшае шчасце, што шчаслівую будучыню сабе і дзецям можна знайсці толькі на сваёй зямлі, толькі ў міры і працы”.
Я не літаратуразнавец і не крытык, але работа Веранікі лягла на душу. Чытаць яе было сапраўды вельмі цікава і пазнавальна. І пасля прысуду журы раю Вераніцы выйсці за межы гэтага прысуду і ацаніць яго па-філасофску. Дарэчы, нам не хапае прафесійных літаратуразнаўцаў і крытыкаў, маладых і дзёрзкіх, з вялікімі амбіцыямі, але якія ведаюць сваю справу. І, магчыма, праз некалькі гадоў імя Веранікі Бусло з’явіцца ў беларускай літаратурнай перыёдыцы. Будзе цікава пачытаць.
А звяртаючыся да арганізатараў падобных даследчых конкурсаў, хочацца данесці думкі Алены Уладзіміраўны: “Конкурс трэба рабіць без месцаў, а з намінацыямі. Нельга гаварыць пасля такой вялікай працы, што ў рабоце няма даследчага характару. Нельга творчасць ацэньваць ні баламі, ні адзнакамі, ні іншымі паказчыкамі. Увогуле хіба можна ацаніць творчасць? У даследаванні Веранікі была творчасць і захапленне. Вельмі шкада, што гэтага не заўважылі паважаныя члены журы.
І давайце ўсім канкурсантам будзем выказваць вялікую падзяку за тое, што яны пагадзіліся прыняць удзел у гэтым конкурсе, падрыхтаваўшы такія грунтоўныя работы”.
Ад сябе ж хочацца дадаць наступнае. Навукова-практычныя канферэнцыі і даследчыя конкурсы набылі ў нас масавы характар, і ў гэтай масе часам губляюцца добрыя, здольныя дзеці, бо яны проста не вытрымліваюць такога напружання. А з іншага боку, такая масавасць дэвальвуе саму сутнасць навуковага даследавання. Вынікі ж удзелу ў такіх інтэлектуальных мерапрыемствах ідуць у залік навучальнай установе, кожная з якіх у нашай краіне знаходзіцца ў нейкім рэйтынгу (гарадскім, раённым, абласным, рэспубліканскім). І вучні з настаўнікамі ўвесь час знаходзяцца ў гонцы за паказчыкамі. Канечне, дзіцячую творчасць і здольнасці трэба развіваць, але не коштам рэйтынгаў.
Мне здаецца, што самы галоўны рэйтынг школы — гэта яе настаўнікі, адданыя сваім вучням. Згуртаваны, моцны педагагічны калектыў здольны на многае. Кожны з вас гэта ведае. І кожны з вас ведае, што дзяцей у класе нельга параўноўваць паміж сабой, бо кожны павінен развівацца адносна сваіх здольнасцей. Ці ёсць сэнс у параўнанні школ? Сэнс — у спакойным камфортным навучанні дзяцей у школе, у сумеснай вучэбна-выхаваўчай дзейнасці вучня і настаўніка, якая дасць самы галоўны вынік — дапаможа юнаку ці дзяўчыне сарыентавацца ў сваім будучым жыцці.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.