Патрыятызм і здаровы лад жыцця

- 11:00Адукацыйная прастора

Каля 500 педагогаў з усіх раёнаў Гомельскай вобласці прыехалі ў абласны цэнтр на педсавет. Напярэдадні навучальнага года ўдзельнікі традыцыйнай жнівеньскай сустрэчы абмеркавалі ўдасканаленне рэгіянальнай сістэмы адукацыі, вызначылі планы і задачы. 

У фае грамадска-культурнага цэнтра — тэматычныя выставы. Прадстаўнікі розных устаноў адукацыі ля сваіх стэндаў праводзяць экскурсіі для намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая і старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя. 

— За тры апошнія гады на карце вобласці з’явілася шэсць новых устаноў адукацыі, набыта 46 школьных аўтобусаў, — адзначае кіраўнік Гомельшчыны. — Усяго на патрэбы галіны за гэтыя гады з бюджэту накіравана 2 міль­ярды 600 мільёнаў рублёў. 1 верасня гэтага года ў новую школу пой­дуць дзеці ў мікрараёне Хутар абласнога цэнтра. Капітальна адрамантаваны блок у сярэдняй школе № 4 Рэчыцы. Прычым усе новыя ўстановы будуюцца з развітой спартыўнай інфраструктурай. Гэта няпростая задача, але яна выконваецца, таму што сацыяльная палітыка нашай дзяржавы — нязменны курс і самае важнае дасягненне. Да таго ж за апошняе паўгоддзе сярэдняя зарплата настаўнікаў Гомельскай воб­ласці вырасла да 1200 рублёў. Вышэй толькі ў сталіцы.

Жыццё і здароўе дзіцяці павінны быць самым галоўным, адзначыў Генадзь Салавей. Ён назваў звышзадачай стварэнне ў школах такой атмасферы фізічнага і псіхалагічнага камфорту, каб дзеці ішлі з задавальненнем і адчувалі сябе ў школах як дома. Складнікі спрыяльнага клімату — бяспека, здаровы лад жыцця, якаснае навучанне, падтрымка таленавітых дзяцей і дзяцей з праблемамі здароўя. Між тым, як паказвае аналіз, здаровых дзяцей сярод школьнікаў на Гомельшчыне менш за чвэрць. 

— Інтэнсіфікацыя навучання, у тым ліку з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў, зніжэнне рухальнай актыўнасці, вучэбны стрэс — фактары, з-за якіх адбываецца рост хранічных адхіленняў здароўя ў дзяцей, — усхвалявана падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама. — За 11 гадоў вучобы колькасць дзяцей з парушэннямі зроку павялічваецца ў 3 разы, з гастраэнтэралагічнымі захворваннямі — у 2 разы, з парушэннямі апорна-рухальнага апарату — у 2—3 разы, з нервовымі хваробамі — у 2 разы. Што тычыцца гімназій і ліцэяў, то тут да 50% вучняў заканчваюць вучэбны дзень з прыкметамі моцнага ператамлення.

Губернатар звярнуў увагу педагогаў: неабходна старанна прадумваць расклад, арганізоўваць разнастайныя хвілінныя зарадкі. Збалансаваны рэжым працы і адпачынку — у агульных інтарэсах вучняў і іх настаўнікаў.

— Фарміраванню ў навучэнцаў здаровага ладу жыцця — асаблівая ўвага, — падкрэсліў Генадзь Салавей. — Да гэтага нас абавязвае і пандэмія, і экалогія. З аднаго боку, трэба растлумач­ваць і дарослым, і дзецям неабход­насць умацавання імунітэту, расказ­ваць пра здаровае харчаванне, захаванне фізічнага і псіхічнага здароўя. З другога — прыцягваць да заняткаў фізкультурай і спортам. Нормай павінны стаць сумесныя трэніроўкі ў школьнай спартзале ўсіх педагогаў, дзяцей і бацькоў, сумесныя велапрабегі, лыжныя прагулкі, наведванне басейнаў. 

Расказваючы пра бяспеку, губернатар нагадаў, што ў вобласці створаны і рэалізуюцца праграмы навучання дзяцей і бацькоў навыкам самазахоўваючых паво­дзін. Дарэчы, за мінулы навучальны год у параўнанні з 2019/2020 коль­касць траўміраваных дзяцей скарацілася на 183, ці на 2 %. Па­стаўлены задачы намеснікам старшынь гар- і райвыканкамаў і адміністрацыям устаноў адукацыі: тэрыторыі вакол школ абсталя­ваць дарожнымі знакамі і неабходнай разметкай, у бездакорным стане і ў зручных месцах павінны быць паркоўкі і пункты высадкі дзяцей. 

Генадзь Салавей падзяліўся сваім бачаннем такой важнай дзяржаўнай задачы, як падтрымка сельскагаспадарчага сектара эканомікі:

— У нашых школах 23 профільныя аграрныя класы. Стапрацэнтны вынік прафарыентацыі атрымаўся толькі ў дзвюх школах. У Залескай школе Чачэрскага раёна і Лапацінскай Гомельскага раёна ўсе адзінаццацікласнікі аграрных груп атрымалі мэтавыя накіраванні і паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Ва ўборцы ўраджаю гэтым летам 780 вучняў сельскіх школ працавалі ў 71 калгасе рэгіёна на зернетаках. Такі вопыт трэба распаўсюджваць паўсюдна. Мы павінны выхоўваць у дзяцей любоў да сельскагаспадарчай працы і павагу да людзей працы.

— Больш за 150 тысяч дзяцей прыйдуць у школы Гомельскай воб­ласці 1 верасня, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. — У новым навучальным годзе адчыняць свае дзверы 1165 устаноў агульнай сярэдняй, дашкольнай адукацыі. Мы гатовы ў 518 школ прыняць крыху больш за 150 тысяч школьнікаў. На падрыхтоўку да навучальнага года выдаткавана звыш Br19 млн з бюджэту. Акрамя таго, Br8,5 млн — пазыка Сусветнага банка. Гэтыя сродкі накіраваны на капітальныя, бягучыя рамонты ўстаноў. Да канца гэтага года ў вобласці плану­юць закупіць яшчэ 11 школьных аўтобусаў, тэхналагічнае абсталяванне. Нам ёсць чым ганарыцца.  “Крыштальны журавель” упершыню прыляцеў на нашу зямлю ў руках настаўніка гомельскай школы Вадзіма Алегавіча Лосева. На цэнтралізаваным тэсціраванні школьнікі Гомельскай вобласці заваявалі 1-е месца ў рэспуб­ліцы, пакінуўшы за сабой нават равеснікаў са сталіцы, а коль­касць стабальнікаў значна перавысіла лічбы мінулых гадоў. Два залатыя, два сярэбраныя, дзевяць бронзавых медалёў — вось вынік нашых навучэнцаў на міжнародных алімпіядах па інфарматыцы, фізіцы, біялогіі, геаграфіі. На рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах заваявана рэкордная за ўсе гады коль­касць дыпломаў і 3-е месца ў рэйтынгу краіны з невялікім адрывам ад лідараў. Гран-пры рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі”, у якім прынялі ­ўдзел больш як паўтары тысячы навучэнцаў прафесійнай школы. Абсалютнае 1-е месца па выніках удзелу ў рэспубліканскіх конкурсах мастацкага, тэхнічнага і эколага-біялагічнага профіляў. Дыплом І ступені на XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай мола­дзі, 2-е месца на Рэспубліканскім злёце вынаходнікаў і рацыяналізатараў і дзясяткі іншых узнагарод. Дзякуй!

Школа дакладных навук адкрываецца ў Гомелі з 1 верасня ў абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Руслан Смірноў звярнуў увагу, што ў рэгіёне ёсць намер падцягнуць фізіка-матэматычны цыкл.

— Спачатку профільныя класы. А вочна-завочную школу дакладных навук, у якой дзеці змогуць паглыблена вывучаць фізіку, матэматыку, інфарматыку, будуць наведваць самыя матываваныя. За ведамі ў школу адправяцца навучэнцы з усёй вобласці, пачынаючы з 5 класа. Такім чынам, мы будзем рыхтаваць своеасаблівую “лаўку запасных” для выступлення на алімпіядах, — удакладніў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

Руслан Смірноў нагадаў прысутным прыярытэты, вызначаныя на Рэспубліканскім педагагічным савеце з удзелам кіраўніка дзяржавы: 

— Школа не можа быць па-за палітыкай. Выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт. Важная эфектыўная арганізацыя выхаваўчай работы з дзецьмі з самага ранняга ўзросту. Мы павінны бачыць кожную сям’ю, кожнае дзіця. Лепш, калі падлетак заняты па максімуме. Тут трэба цесна ўзаемадзейнічаць з установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, браць на парукі хлопчыкаў і дзяўчынак, якім патрэбна асаблівая педагагічная ўвага. 

— Каля 3 тысяч школьнікаў гэтым летам працавалі ў лагерах працы і адпачынку — летась было менш на 600 чалавек. Больш як 19 тысяч былі ахоплены часовай працоўнай занятасцю — у рамонтных, вучнёўскіх атрадах, брыгадах па добраўпарадкаванні, займаліся добраахвотніцкай дзейнасцю, працаўладкоўваліся індывідуальна, — расказаў Руслан Смірноў. Ён заклікаў усіх зацікаўленых ужо цяпер планаваць новыя праекты другаснай занятасці на восеньскія, зімовыя, вясновыя канікулы. Патрыятычнаму выхаванню пры гэтым — асаблівая ўвага.

— Інфармацыйныя і класныя гадзіны трэба ператварыць у шчырыя размовы пра сэнс жыцця і служэнне людзям, пра сяброў­ства і гонар, абавязак і адказнасць, пра здаровы і актыўны лад жыцця. Галоўнае, каб у дзяцей было разуменне, што кожны павінен не толькі браць у дзяржавы, але і аддаваць узамен. З гэтага навучальнага года ва ўсіх школах краіны будзе рэалізоўвацца пілотны праект па арганізацыі экскурсій у межах вучэбных гадзін для навучэнцаў 10—11 класаў. Мы павінны забяспечыць яго рэалізацыю на сістэмнай аснове.

Да таго ж з 1 верасня ў школы Гомельшчыны прыйшлі 285 былых кадравых афіцэраў. Яны будуць мэтава займацца ваенна-патрыятычным выхаваннем, работай па арганізацыі дапрызыўнай падрыхтоўкі, ажыццяўленнем кантролю патрабаванняў па ахове працы, правіл пажарнай бяспекі. Акрамя таго, яны могуць весці заняткі па прадмеце “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” ў 10—11 класах, праводзіць вучэбна-палявыя зборы, выкладаць асновы бяспекі жыццядзейнасці.

Пра важнасць патрыятычнай работы са школьнікамі — і ў дакладзе намесніка міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Кадлубая. Таксама ён адвёў важную ролю павышэнню кваліфікацыі педагогаў-псіхолагаў, якія павінны дапамагаць вырашаць канфлікты ў школе. Аляксандр Уладзіміравіч нагадаў, што першы ўрок новага навучальнага года рэкамендуецца правесці па тэме “Адзінства беларускага народа — аснова незалежнай краіны”. Ён павінен максімальна раскрыць згуртаванасць, паразуменне беларусаў, аб’яднаных гісторыяй, культурай, духам роўнасці. Важна таксама выхоўваць у дзяцей паважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь. 

— Вашы вынікі больш чым годныя, — дадаў Аляксандр Кадлубай. — Між тым спыняцца на гэтым ніяк нельга. Сёння адукацыя — ключавы інструмент фарміравання ў падрастаючага пакалення адказных адносін да жыцця, да людзей, да саміх сябе. Задача педагогаў — стварэнне аптымальных умоў для поўнага развіцця магчымасцей дзяцей і атрымання імі своечасовай якаснай адукацыі. Упэўнены, што тут сабраліся таленавітыя кіраўнікі і нераўнадушныя людзі. Але ёсць і тыя, хто толькі пачынае свой шлях. Вельмі важна, каб чалавек, які прыйшоў у новы калектыў, пачуў словы падтрымкі ад вопытных калег. 

Падчас жнівеньскага педсавета пачынаючых настаўнікаў натхніў настаўнік года — 2020, уладальнік “Крыштальнага жураўля”, педагог гомельскай сярэдняй школы № 19 Вадзім Лосеў. Ён пажадаў юным калегам вучыць дзяцей самаму галоўнаму — чалавечнасці.

Лепшым настаўнікам рэгіёна падчас жнівеньскага педсавета ўручаны заслужаныя ўзнагароды. Адзначаны і педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Памятны знак “За велізарны асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі Гомельскай вобласці” ўручылі старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзю Салаўю. У фінале ўдзельнікам педсавета падарылі святочны канцэрт.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.