Патрыётамі не нараджаюцца, іх выхоўваюць, лічаць у сярэдняй школе № 5 Пружан

- 11:21Уроки мужества

“Патрыётамі не нараджаюцца, іх выхоўваюць”, — лічаць у сярэдняй школе № 5 Пружан. І важная роля ў такой рабоце належыць кіраўніку па ваенна-­патрыятычным выхаванні. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У нашай установе на гэтай пасадзе працуе нераўнадушны чалавек, цудоўны педагог, прафесіянал сваёй справы Алег Мікалаевіч Дабрадзей, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы Алена Аскерка. — Ён прыйшоў да нас 30 гадоў назад настаўнікам фізічнай культуры і здароўя, але неўзабаве быў прызваны на тэрміновую службу ў армію. Аддаўшы доўг Радзіме, малады чалавек вярнуўся ў школу, дзе працуе і сёння. ­Алега Мікалаевіча любяць дзеці і паважаюць калегі, якія даверылі яму ўзначаліць раённыя метадычныя аб’яднанні настаўнікаў фізкультуры і кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. З 2022 года імя педагога размешчана на раённай Дошцы гонару.

Патрыятычная работа ва ўстанове адукацыі ўключае не толькі традыцыйныя агульна­рэс­публіканскія мерапрыемствы кшталту “Школы актыўнага грамадзяніна” і “Азбукі бяспекі”, але і факультатывы “Мая Айчына”, “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, “Будучыня пачынаецца сёння”, “Гатовы Ра­дзіме служыць!” і “Падрыхтоўка школьніка — лідара і арганізатара дзіцячага, маладзёжнага і грамадскага аб’яднання”.

На занятках Алег Мікалаевіч выхоўвае ў вучняў такія якасці, як вернасць Радзіме, гонар за родную краіну, самаадданасць. У гэтай рабоце педагог улічвае ўзроставыя асаблівасці дзяцей, узровень іх фізічнай падрыхтоўкі і інтарэсы.

— Якасна займацца ваенна-патрыятычным выхаваннем немагчыма без удзелу ўсяго педкалектыву, — гаворыць Алег Дабрадзей. — Максімальнага эфекту можна дасягнуць толькі ў цесным узаемадзеянні з класнымі кіраўнікамі, педагогам-арганізатарам і настаўнікамі-прадметнікамі. 

Пад кіраўніцтвам Алега Мікалаевіча працуе ваенна-патрыятычны клуб “Патрыёт”, які мае статут, палажэнне, форму, дэвіз і эмблему. Яго стварэнню папярэднічала вялікая работа, праведзеная ра­зам з класнымі кіраўнікамі, педагогам-псіхолагам і бацькамі вучняў.

— У клубе 45 школьнікаў ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў, размеркаваных па 3 групах, якія займаюцца агнявой, фізічнай, тактычнай, страявой і медыцынскай падрыхтоўкай, а таксама арыентаваннем на мясцовасці, — адзначае Алег Дабрадзей. — Заняткі праводзяцца 5 разоў на тыдзень. Акрамя іх, ла­дзяцца экскурсіі, паходы, конкурсы і спаборніцтвы. Клубаўцы актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх раённых і абласных ваенна-патрыятычных мерапрыемствах, у тым ліку на базе маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці-героі, а таксама ў зборах па праграме “Пераможца”, спаборніцтвах па стральбе і лазертагу, конкурсе “Дзень спецназа”. З ліку юных патрыётаў створана сцяганосная група, арганізавана Варта Памяці ля помніка “Спаленым вёскам”.   

— Шматлікія дасягненні клубаўцаў добра матывуюць іншых вучняў да папаўнення іх радоў, — працягвае Алена Аскерка. — На рахунку школьнікаў перамогі на раённым конкурсе, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны “Давайце, хлопцы”, у раённым этапе рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”, ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца” і спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”.

— Патрыятычнае выхаванне немагчыма без захавання і пераемнасці традыцый, звязаных з памятнымі датамі ваеннай гісторыі нашай краіны, — гаворыць Алег Дабрадзей. — З гэтай мэтай праводзяцца ўрокі мужнасці, класныя гадзіны “Гор­дасць за Беларусь. На варце нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту”, “Афганскі злом” і “Званы Хатыні”, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікамі тылу і дзецьмі ваеннага ліхалецця, тэматычныя выставы, віктарыны і конкурсы, прагляд кінафільмаў. Традыцыйным стаў удзел школьнікаў у гарадскіх мерапрыемствах, прысвечаных памятным датам айчыннай ваеннай гісторыі.

З 2022 года па ініцыятыве Алега Мікалаевіча ва ўстанове ладзіцца конкурс “Дзень спецназа” паміж камандамі школы і БРСМ. Летам вучні адпачываюць у патрыятычнай змене “Спадчына”, арганізаванай у азда­раўленчым лагеры “Юны турыст”, дзе адточваюць навыкі па страявой, агнявой, медыцынскай, тактычнай і тапаграфічнай падрыхтоўцы. Усё гэта абавязкова спатрэбіцца будучым абаронцам Айчыны падчас службы ва Узброеных Сілах Беларусі.

— Любоў да Радзімы — гэта і адказнасць за навакольны свет, — заўважае Алег Дабра­дзей. — Школьнікі — актыўныя ўдзельнікі гарадскіх і раённых акцый “Тыдзень лесу”, “Чысты лес” і “І памяць зашуміць зялёным лісцем”, праекта “Дзень добрых спраў”. Не забываюць вучні і пра добраўпарадкаванне тэрыторыі ля мясцовага помніка “Спаленым вёскам”.

Юныя патрыёты не сядзяць на месцы, а актыўна падарожнічаюць і вывучаюць родны край. За плячыма пазнавальныя экскурсіі ў музей воінаў-інтэрнацыяналістаў і музей міліцыі Пружан, 111-ю Гвар­дзейскую артылерыйскую брыгаду і 38-ю асобную Гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду ­Брэста, Брэсцкую крэпасць-герой, Хатынь, на Лінію Сталіна, Курган Славы…

На ўроках дапрызыўнай пад­рыхтоўкі школьнікі вывучаюць гісторыю Узброеных Сіл і іх традыцыі, набываюць веды, уменні і навыкі, неабходныя для абароны Ра­дзімы. На вучэбных ваенна-палявых зборах адпрацоўваюцца практычныя заняткі па зладжаных дзеяннях у складзе падраздзяленняў па страявой і тактычнай падрыхтоўцы, паводзінах у экстрэмальных сітуацыях, арыентаванні на мясцовасці і аказанні першай медыцынскай дапамогі.   

— Наша школа — адна з буйнейшых у раёне, таму мы можам сфарміраваць 2 узводы для збораў, што вельмі добра ў спаборніцкім плане, — гаворыць Алег Мікалаевіч. — Абавязковая ўмова — наяўнасць камуфляжнай формы, у тым ліку ў настаўніка: гэта дысцыплінуе вучняў і надае заняткам асаб­лівую атмасферу. 

Юных патрыётаў нельга ­ўявіць без прававых ведаў і законапаслухмяных паводзін, якія выпрацоўваюцца праз прафілактычныя гутаркі “Я ў адказе за свае ўчынкі”, “Падлетак і закон”, “Твае правы — твае абавязкі” і “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”, сустрэчы з супрацоўнікамі ІСН і ДПС, вывучэнне правіл бяспечных паводзін у школе і грамадскіх месцах.

— Алег Дабрадзей цесна ўзаема­дзейнічае з раённым ваенным камісарыятам не толькі ў правядзенні ўрокаў мужнасці і падрыхтоўцы выпускнікоў да вайсковай службы, але і ў іх арыентацыі да паступлення на ваенныя факультэты айчынных УВА, — расказвае Алена Аскерка. — Радуе, што затрачаныя намаганні не дарэмныя: штогод некалькі выпускнікоў выбіраюць ваенную прафесію ў сферы авіяцыі, ваеннай разведкі і сувязі. 

Колішнія выхаванцы — сённяшнія курсанты ваенных факультэтаў — не забываюць родную школу і любімага настаўніка.

— Для педагога вельмі важна, калі выпускнікі, прыйшоўшы ў школу, гавораць табе дзякуй, — лічыць Алег Мікалаевіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ