Удзельнікі перагавораў па Украіне пацвердзілі прыхільнасць да выканання рэжыму спынення агню, заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Марцін Сайдзік.
“Мы, члены трохбаковай кантактнай групы і прадстаўнікі АРДВ і АРЛВ (асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей. — Заўв. БелТА.), падкрэсліваючы неабходнасць забеспячэння міру і спакою ў сувязі з будучымі святамі, пацвярджаем сваю прыхільнасць да выканання ўсёабдымнага ўстойлівага і бестэрміновага рэжыму спынення агню пачынаючы з 00.00 24 снежня гэтага года па кіеўскім часе”, — сказаў Марцін Сайдзік, зачытваючы заявы кантактнай групы.
У заяве бакі таксама выказалі прыхільнасць да выканання мінскіх пагадненняў і эфектыўнага прадаўжэння мінскага працэсу ў новым годзе. Ад сябе Марцін Сайдзік дадаў, што быў бы вельмі рады атрымаць падтрымку гэтай ініцыятывы і на вышэйшым палітычным узроўні.
Спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе канстатаваў, што значная колькасць абавязацельстваў, прадугледжаных мінскімі пагадненнямі, не была поўнасцю выканана ў гэтым годзе. Аднак адсутнасць дастатковага прагрэсу не павінна спыняць на шляху прадаўжэння перагаворнага працэсу ў новым годзе — з новымі сіламі і энтузіязмам, рэзюмаваў ён.
Марцін Сайдзік таксама адзначыў, што рабочая група па гуманітарных пытаннях у асноўным падрабязна абмеркавала тэму вызвалення асоб, якія ўтрымліваюцца ў сувязі з канфліктам. На працягу гэтага тыдня было вызвалена некалькі асоб як з украінскага боку, так і з боку АРДВ.
“Украінскі бок заявіў аб сваёй гатоўнасці ў аднабаковым парадку ў якасці гуманітарнага жэста вызваліць дадаткова 15 чалавек да канца гэтага года. Сярод іх — жанчыны і параненыя”, — сказаў спецпрадстаўнік АБСЕ. Ён заявіў, што высока ацэньвае і вітае гэты крок, спадзяецца, што ён будзе падставай для такіх дзеянняў з боку АРЛВ.
Што тычыцца вызвалення палонных у фармаце “ўсіх на ўсіх”, Марцін Сайдзік адзначыў, што праблема заключаецца ў тым, што бакі павінны дамовіцца аб правераных спісах менавіта тых асоб, якія павінны быць вызвалены.