Паўвекавая вайна скончылася перамір’ем

- 14:29Інфармацыйная гадзіна

Стала вядома пра афіцыйнае спыненне зацяжнога паўвекавога канфлікту ў Калумбіі. Улады і баевікі групоўкі “Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі — Армія народа” (FARC), якія засталіся, нарэшце прыйшлі да міру.

У аўторак члены FARC перадалі пасрэднікам з ААН два апошнія кантэйнеры са зброяй і боепрыпасамі. Урачыстая цырымонія з нагоды заканчэння баявых дзеянняў прайшла ў горадзе Фансека на паўночным усходзе Калумбіі. Прэзідэнт краіны Хуан Мануэль Сантас назваў 15 жніўня гістарычнай датай для ўсёй краіны. Па даных ААН, баевікі FARC добраахвотна здалі каля 8 тысяч адзінак баявой стралковай зброі і 1,3 млн боепрыпасаў да яе. Уся зброя, па дамоўленасці паміж бакамі, пойдзе на пераплаўку. Пазней з яе вырабяць мемарыялы ў памяць аб грамадзянскай вайне. Нагадаем, у выніку ўзброенага супрацьстаяння, якое цягнулася ў краіне з 1960-х гадоў, загінула каля 260 тысяч чалавек, яшчэ каля 6,5 млн вымушана было пакінуць родныя месцы.