Апошнія 11 гадоў настаўніца вышэйшай катэгорыі выкладае інфарматыку ў сярэдняй школе № 28 Брэста, у тым ліку ў профільных ІТ-класах. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Любоў да дакладных навук ёй перадалася ад маці Святланы Канстанцінаўны, якая выкладае матэматыку ў Рухчанскай базавай школе Столінскага раёна. З прафесіяй Вікторыя Якаўлеўна вызначылася ў старшых класах, абапіраючыся на матэматычны склад розуму і прыклад маці.

Працоўную дзейнасць выпускніца матфака БрДУ імя А.С.Пушкіна пачынала на роднай Століншчыне ў Плотніцкай сярэдняй школе. Маладую настаўніцу матэматыкі і інфарматыкі сустрэў дружалюбны калектыў, які дапамог паспяхова адаптавацца да работы.
— Вялікая педнагрузка і класнае кіраўніцтва не напужалі, а дазволілі хутка набыць практычныя навыкі, каб дапоўніць добрую ўніверсітэцкую падрыхтоўку, — заўважае Вікторыя Астроўская, якая ў дадатак да настаўніцкага атрымала і дыплом бухгалтара-эканаміста.
Шукаючы сябе, яна пасля двух гадоў работы ў школе сышла дзеля цікавасці ў банкаўскую сферу. Але амаль адразу зразумела, што гэта зусім не тое, да чаго гарнулася душа. І вярнулася ў адукацыю. Апошнія 11 гадоў настаўніца вышэйшай катэгорыі выкладае інфарматыку ў сярэдняй школе № 28 Брэста, у тым ліку ў профільных ІТ-класах.
Іх адкрыццё выклікала вялікую цікавасць у дзяцей і іх бацькоў. Вікторыя Якаўлеўна знаёміць пяцікласнікаў з новым прадметам і асновамі алгарытмізацыі на базе візуальнай мовы праграмавання Scratch, вывучае з шасцікласнікамі мову праграмавання Python, а таксама развівае лагічнае і абстрактнае мысленне ў выхаванцаў.
— Даволі часта выпускнікі, якія выбіраюць ІТ-спецыяльнасці, не заўсёды дакладна ўсведамляюць, з чым сутыкнуцца ў будучай прафесіі, таму часам расчароўваюцца ў ёй, — гаворыць педагог. — Дзякуючы ранняму знаёмству з праграмаваннем, школьнікі атрымліваюць уяўленне пра дзейнасць розных спецыялістаў ІТ-сферы. Вучоба ў профільным класе выдатна матывуе да высокіх вынікаў і дазваляе зазірнуць у перспектыву, каб вызначыцца з прафесійнай будучыняй.
Сучасныя дзеці змалку актыўна карыстаюцца гаджэтамі, але пераважна ў забаўляльных мэтах. Тым не менш марнатраўства паспяхова ператвараецца ў карысны занятак, калі вучні, напрыклад, знаёмяцца з тым, як ствараюцца гульні. А вось навучыць школьнікаў рабоце з камп’ютарам, на думку настаўніцы, можна ўжо з 6-гадовага ўзросту ў гульнявой форме.
Веданне асноў праграмавання ў лічбавую эпоху — не толькі паказчык агульнай адукаванасці чалавека, але і адна з умоў запатрабаванасці на рынку працы.
Па словах педагога, каб стаць ІТ-спецыялістам, зусім неабавязкова мець адмысловыя інтэлектуальныя здольнасці. Канечне, такім спецыялістам не абысціся без уседлівасці, лагічнага мыслення, творчага падыходу да розных задач. Ды і матэматычны склад розуму будзе не лішнім. Але добрыя навыкі вылічэння неабходны не заўсёды. Так, вэб-дызайнер можа і не ведаць, як рашаюцца складаныя матэматычныя задачы. Таму ў вучняў ёсць выбар: займацца графікай, праектаваннем і дызайнам сайтаў ці ствараць мабільныя дадаткі. Гэта абсалютна розныя кірункі, якія патрабуюць ведання розных моў праграмавання. І кожную з іх неабходна вывучаць асобна.
Вікторыя Астроўская выдатна разумее, што без самаадукацыі ў яе рабоце не абысціся. Улічваючы імклівае развіццё ІТ-сферы, настаўніца ахвотна ўдасканальвае прафесійныя ўменні і навыкі. За плячыма педагога шматлікія курсы, прысвечаныя інтэрактыўным і STEM-падыходам у адукацыі, а таксама ўдзел у розных метадычных мерапрыемствах і прафесійных конкурсах, дзе Вікторыя Якаўлеўна прэзентавала свае напрацоўкі па эфектыўным выкарыстанні ІКТ у адукацыйным працэсе. Вопыт настаўніцы размешчаны і на анлайн-рэсурсах.
Не адстаюць ад педагога і вучні — пераможцы і прызёры раённага этапу прадметнай алімпіяды, гарадскіх конкурсаў “ІТ-майстар” і “Відэазахоп”, абласной алімпіяды па інфармацыйнай бяспецы, абласнога этапу адкрытага рэспубліканскага ІТ-чэмпіянату “РобІн”, міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні, рэспубліканскай гульні “Інфамышка”, конкурсу “Энергамарафон”… З году ў год выпускнікі пры паступленні выбіраюць тэхнічныя спецыяльнасці.
— Больш за ўсё радуюць цікаўныя вочы дзяцей і вынікі іх работы, — гаворыць Вікторыя Астроўская, якая ўдзячна адміністрацыі школы за камфортныя ўмовы працы, дапамогу і падтрымку ў рэалізацыі розных праектаў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі





