У Міністэрстве адукацыі прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Больш за 150 кіраўнікоў з усіх куткоў краіны сабраліся, каб абмеркаваць актуальныя пытанні, якія тычацца ранняга выяўлення нядобранадзейнасці ў сем’ях з дзецьмі, павышэння эфектыўнасці сістэмы аховы дзяцей, якія пражываюць у нядобранадзейных сем’ях, суправаджэння замяшчальных сем’яў і змяненняў у заканадаўстве. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У прывітальным слове да ўдзельнікаў мерапрыемства намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая адзначыла, што неабходны пастаянны аналіз якасці сацыяльных расследаванняў, якія праводзяць установы адукацыі па выяўленні крызісных сітуацый у сем’ях з дзецьмі і сямейнай нядобранадзейнасці, каб пазбегнуць фармальнага стаўлення да гэтага пытання. Педагогам неабходна правільна расстаўляць прыярытэты — на першым месцы заўсёды павінны быць жыццё, здароўе і лёс дзіцяці.
Кацярына Аляксандраўна таксама закранула тэму работы спецыялістаў СПЦ з замяшчальнымі сем’ямі, з педагогамі і навучэнцамі сельскіх устаноў адукацыі, у якіх па штатным раскладзе адсутнічаюць педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі. Пад увагай была і тэндэнцыя зніжэння колькасці замяшчальных сем’яў, у прыватнасці па прычыне старэння кадраў і, адпаведна, выхаду на пенсію прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
Аб рэалізацыі комплексу мер па павышэнні эфектыўнасці сістэмы аховы дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, зацверджанага ў верасні мінулага года намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, расказала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.
— Для нас, людзей, якія працуюць у гэтай сферы ўжо не першы дзясятак гадоў, відавочна, якое вялікае значэнне мае дзейнасць органаў апекі і папячыцельства для будучыні нашых дзяцей, а значыць, будучыні Беларусі, — адзначыла Алена Фёдараўна. — Пражыванне дзяцей ва ўмовах сямейнай нядобранадзейнасці ніколі (можа, за вельмі рэдкім выключэннем) не прыводзіла да выхавання законапаслухмяных і паспяховых грамадзян краіны. Мерапрыемствы комплексу мер накіраваны на ўдасканаленне наладжанай з 2007 года сістэмы работы з нядобранадзейнымі сем’ямі з улікам праблем, якія былі акрэслены ў дакладной запісцы Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь і кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у жніўні мінулага года. Комплекс уключае тры асноўныя блокі: удасканаленне работы камісій па справах непаўналетніх, прыняцце мер па ўзмацненні адказнасці за бяспеку дзяцей усіх суб’ектаў прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці і аналіз эфектыўнасці мер па дзяржаўнай ахове дзяцей у нядобранадзейных сем’ях. Шэраг мерапрыемстваў комплексу ўжо рэалізаваны. Але на некаторыя моманты яшчэ варта звярнуць увагу.
Алена Фёдараўна адзначыла, што ў рабоце па павышэнні адказнасці за бяспеку дзяцей усіх суб’ектаў прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці не бачыцца значных змяненняў па ўзмацненні прафілактычнай работы з бацькамі, якія пакутуюць на алкагалізм і іншыя залежнасці, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Патрабуе таксама ўдасканалення рэалізацыя мер па недапушчэнні распаўсюджвання сярод падлеткаў і моладзі наркаманіі, алкагольнай, гульнявой і іншых залежнасцей, у тым ліку ў рамках рэалізацыі рэспубліканскіх і рэгіянальных планаў і праграм работы ў гэтым напрамку. Невідавочна змянілася практыка работы па аказанні прававой, сацыяльнай дапамогі і фінансавай падтрымкі сем’ям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Не ўсе выканкамы падрыхтавалі і пастаянна абнаўляюць пералікі ўстаноў і арганізацый, у тым ліку грамадскіх, якія аказваюць прававую, сацыяльную, псіхалагічную і іншую дапамогу сем’ям з дзецьмі, не ажыццяўляюць размяшчэнне такога пераліку ў рэгіянальных СМІ, ва ўстановах адукацыі, культуры, спорту, сацыяльнай аховы, аховы здароўя. Выезды на месцы паказваюць, што не забяспечваецца аператыўнае і эфектыўнае ўзаемадзеянне камісій па справах непаўналетніх з установамі сацыяльнай сферы, арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншымі органамі і ўстановамі. Толькі ў некаторых раёнах арганізавана работа з сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або маюць патрэбу ў дзяржаўнай ахове, рэгіянальных груп спецыялістаў з прыцягненнем дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, найбольш аўтарытэтных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Пытанням актуальных напрамкаў узаемадзеяння органаў апекі і папячыцельства і сацыяльна-педагагічных цэнтраў было прысвечана выступленне кансультанта ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алены Вайцяховіч.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Таццяна Бялевіч закранула тэму суправаджэння замяшчальных сем’яў, аказання ім сацыяльна-педагагічнай падтрымкі:
— На пачатак бягучага года амаль у 7,5 тысячы апякунскіх, прыёмных сем’яў і ДДСТ выхоўваецца больш за 11,6 тысячы дзяцей. Акрамя гэтага, у 4,5 тысячы сем’яў усынавіцеляў пражываюць амаль 7 тысяч непаўналетніх (з іх на суправаджэнні першых трох гадоў знаходзяцца амаль 900 сем’яў). Штогод заключаецца значная колькасць дагавораў аб патранатным выхаванні. Таму пытанне суправаджэння і аказання сацыяльна-педагагічнай падтрымкі гэтым сем’ям актуальнае.
Таццяна Аляксееўна адзначыла, што цэнтр усынаўлення як рэспубліканская ўстанова, якая атрымала права выбудоўвання мадэлі практычнага ўзаемадзеяння з абласнымі СПЦ у арганізацыі адзіных падыходаў пры рабоце з замяшчальнай сям’ёй, з сямейнай нядобранадзейнасцю, распачаў шэраг дзеянняў з мэтай фарміравання адзінай супольнасці зацікаўленых спецыялістаў. Напрыклад, была створана інтэрактыўная карта адрасоў СПЦ і спецыялістаў, якія там працуюць, прытулкаў. Ужо здзейснена 22 выезды ў рэгіёны і наведана больш за 30 сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Сумесна са спецыялістамі цэнтраў і аддзелаў адукацыі за першае паўгоддзе бягучага года спецыялісты цэнтра ўсынаўлення наведалі 76 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 252 дзіцяці. Праведзена анлайн-анкетаванне спецыялістаў СПЦ на прадмет запыту тэматыкі метадычнай падтрымкі, на падставе якога здзейснена планаванне практычных форм работы спецыялістаў цэнтра ўсынаўлення.
На завяршэнне мерапрыемства вопытам работы па прымяненні заканадаўства, якое рэгулюе пытанні дзяржаўнай аховы дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, падзяліліся начальнік Цэнтра сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Бубневіч, а таксама намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці загадчыца дзіцячага сацыяльнага прытулку Гомельскага гарадскога СПЦ Аксана Баева і дырэктар Круглянскага раённага СПЦ Жанна Яфрэмава.
Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня Рэспубліканскага савета дырэктараў СПЦ дырэктар Гродзенскага абласнога СПЦ Ірына Кажура адзначыла, што неабходна сумесна актывізаваць намаганні для ўдасканалення работы па раннім выяўленні нядобранадзейнасці ў сем’ях з дзецьмі, выяўленні крызісных станаў у дзяцей, ахове дзяцей, якія пражываюць у нядобранадзейных сем’ях, каб у кожнага хлопчыка і дзяўчынкі было бяспечнае і шчаслівае дзяцінства, а таксама ўпэўнены старт у будучыню і адпаведна ў будучыню краіны.
Вольга БАРТАЛЕВІЧ
Фота аўтара





