Павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці

- 12:04Адукацыйная прастора

Штогод некалькі маладых спецыялістаў уключаюцца ў педагагічную дзейнасць Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Мастоў. Яны пэўным чынам уплываюць на “амаладжэнне” калектыву і ўносяць новы, свежы струмень у яго педагагічнае жыццё. Яны розныя: смелыя і сарамлівыя, амбіцыйныя і няўпэўненыя, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно — адсутнасць неабходнага педагагічнага вопыту. І наша задача — дапамагчы ім адаптавацца ў заўтрашнім дні, каб яны не расчараваліся ў выбары прафесіі, а, наадварот, сталі наватарамі і элітай педагагічнага калектыву.

Работа з маладымі спецыялістамі ў нашым цэнтры з’яўляецца адным з самых важных складнікаў метадычнай дзейнасці. Яна добра наладжана, пра гэта сведчыць тое, што моладзь застаецца ў нас працаваць. З першага дня працы за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны выхавальнік-настаўнік. Гэта дазваляе маладым кадрам набываць вопыт, павышаць прафесійную кампетэнтнасць, разбірацца ў тонкасцях прафесіі. Самае важнае — малады спецыяліст можа прысутнічаць у свайго настаўніка на любым рэжымным мерапрыемстве, задаць пытанні, якія ў яго ўзнікаюць. Дапамога настаўніка пры складанні падрабязнага канспекта заняткаў дапамагае выбраць аптымальныя метады і прыёмы, якія будуць найбольш даступныя на канкрэтных занятках.

У рабоце з маладымі прымяняем разнастайныя формы і метады: анкетаванне, кансультаванне (індывідуальнае, групавое), семінары, семінары-практыкумы, узаеманаведванне заняткаў, майстар-класы, дзелавыя гульні. Маладыя педагогі далучаюцца да выступленняў на метадычных аб’яднаннях педагогаў, да ўдзелу ў тыдні маладога спецыяліста, які праходзіць штогод у красавіку, у раённых і абласных конкурсах. Так, настаўнік-дэфектолаг Юлія Біч была адзначана дыпломам I ступені ў раённым конкурсе сярод маладых спецыялістаў “Выхавальнік-стажор — 2013”, а сёлета яна ўжо прымае ўдзел у ІІ Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без межаў”, які праходзіць у Санкт-Пецярбургу. Хрысціна Пляскач у 2015 годзе прымала ўдзел у конкурсе маладых спецыялістаў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Мастоўскага раёна “Малады спецыяліст XXI стагоддзя”. Вераніка Дзямідзік у 2016 годзе разам са сваімі выхаванцамі старшай групы прымала ўдзел у раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”. Работа была адзначана дыпломам I ступені ў намінацыі “Незвычайнае ў звычайным”. Вераніка Мінько заняла 2-е месца ў конкурсе “Выхавальнік-стажор — 2016”. Ганна Чарніцкая з’яўляецца актыўнай удзельніцай пастаяннага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”: у 2015 годзе — дыплом III ступені (відэаролік пра космас “Падарожжа ў Галактыку”), у 2016 годзе — дыплом III ступені (інтэрактыўная гульня “Свойскія жывёлы”). Вераніка Лысеня таксама распрацоўвае інтэрактыўныя гульні (“Транспарт”, “Падарожжа ў лес”, “Лічым разам”).

Усе маладыя спецыялісты з’яўляюцца членамі раённай школы маладога педагога пад кіраўніцтвам выхавальніка-метадыста ДЦРД Мастоў Святланы Дубіцкай. Усю работу школы каардынуе метадыст Мастоўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Міхайлаўна Шчука. Чатыры разы на год праходзяць сустрэчы, на якіх маладыя педагогі дзеляцца сваімі першымі ўражаннямі, расказваюць пра цяжкасці і атрымліваюць кваліфікаваную метадычную дапамогу.

Такім чынам, сістэма работы па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці маладых спецыялістаў дазваляе ім хутка адаптавацца да працы ва ўстанове дашкольнай адукацыі, пазбегнуць моманту няўпэўненасці ва ўласных сілах, наладзіць зносіны з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, сфарміраваць паспяховую матывацыю да далейшай самаадукацыі, раскрыць сваю індывідуальнасць.

Таццяна ФІТЛОЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Мастоў.