Павышэнне тарыфаў павінна суправаджацца разгортваннем сістэмы адраснай сацыяльнай абароны насельніцтва

- 10:56Інфармацыйная гадзіна, Рознае

На перагаворах з Міжнародным валютным фондам у частцы павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва прыярытэт аддаецца мерам сацыяльнай абароны, заявіў у час круглага стала на сайце БелТА першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Аляксандр Забароўскі.

“Як у пачатку нашага дыялогу з МВФ, так і цяпер беларускі бок настойвае на тым, каб у першую чаргу быў аддадзены прыярытэт мерам сацыяльнай абароны. Таксама нашы манаполіі павінны мець дакладны амбіцыйны план зніжэння затрат. Зразумела, што гэтыя змяненні не ў адзін год адбываюцца. Размова аб сярэднетэрміновай праграме”, — адзначыў Аляксандр Забароўскі.

Паводле яго слоў, існуючая сістэма субсідзіравання ў сектары жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі мае два элементы. Першы — гэта перакрыжаванае субсідзіраванне, калі прадпрыемствы за кошт больш высокіх тарыфаў для сябе аплачваюць частку кошту паслуг для насельніцтва. У выніку на агульным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза беларускія вытворцы знаходзяцца ў горшых умовах у параўнанні з канкурэнтамі, што, зразумела, уплывае на іх канкурэнтаздольнасць. Асабліва гэта тычыцца энергаёмістых прадпрыемстваў: металургіі, нафтахімічнага комплексу, машынабудавання. Другі элемент — гэта бюджэтны канал, які накіраваны на субсідыі ўсім слаям насельніцтва незалежна ад іх даходу. “Таму з класічнага пункту гледжання існуючы механізм субсідзіравання паслуг ЖКГ патрабуе ўдасканалення, што прынясе шэраг істотных вынікаў для эканомікі. Адыход ад перакрыжаванага субсідзіравання дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць беларускіх прадпрыемстваў, а частка бюджэтных сродкаў, якія цяпер раўнамерна размяркоўваюцца ўсім слаям насельніцтва, будзе мэтава накіравана на субсідыі найменш абароненым грамадзянам”, — растлумачыў першы намеснік міністра.

Адносна перагаворнай пазіцыі беларускага боку Аляксандр Забароўскі расказаў, што МВФ прапаноўваецца разглядаць тарыфы на ЖКП не адасоблена, як гэта было ў многіх класічных праграмах фонду, а ва ўвязцы з трыма найважнейшымі тэмамі. Першая тэма — сур’ёзнае зніжэнне затрат манаполій. “Мы лічым несправядлівым перакладаць вельмі вялікія затраты манаполій на насельніцтва, таму працэс змянення тарыфаў павінен ісці ва ўвязцы са зніжэннем затрат манаполій і павышэннем эфектыўнасці работы сістэм ЖКГ і энергетыкі”, — расказаў ён.

Другі момант, паводле слоў першага намесніка міністра, звязаны з тым, што працэс павінен ісці паралельна з разгортваннем эфектыўнай сістэмы адраснай сацыяльнай абароны насельніцтва. “Інакш кажучы, не павінна атрымацца так, што тарыфы павысіліся, а сістэма адраснай сацабароны не паспела адрэагаваць на патрэбы малазабяспечаных, слабаабароненых грамадзян”, — растлумачыў Аляксандр Забароўскі.

Трэцяя тэма заключаецца ў тым, што неабходна мець на ўвазе развіццё энергетычнага рынку ў ЕАЭС. “У сярэднетэрміновым перыядзе цэны на энерганосьбіты ў саюзе павінны быць уніфікаваны. Праведзеныя перагаворы з расійскімі калегамі гэта пацвярджаюць. Таму мы павінны ўзважана падыходзіць да сярэднетэрміновага прагнозу цэн на прыродны газ для таго, каб загадзя не задзіраць разліковыя затраты манаполій”, — лічыць ён.

Пры гэтым Аляксандр Забароўскі падкрэсліў, што ёсць дзве асноўныя кропкі павышэння кампенсацыі затрат насельніцтвам: да канца 2017 года павінны выйсці на 75 працэнтаў, да канца 2018 года — на 100 працэнтаў. “У прынцыпе, гэтыя лічбы не з’яўляюцца навіной, яны адлюстраваны ў праграме дзейнасці ўрада. Другое пытанне, наколькі павінны быць павышаны тарыфы ў абсалютнай велічыні, каб мы дасягнулі мэты па ўзроўні пакрыцця тарыфамі затрат”, — сказаў ён.

Ён падкрэсліў, што МВФ чуе пазіцыю беларускага боку, але просіць сур’ёзных гарантый таго, што заяўленыя ўзроўні пакрыцця затрат насельніцтвам на паслугі ЖКГ будуць дасягнуты.