Павысіць градус амбіцый

- 8:27Авторские колонки, Пункт погляду

Вядучая рубрыкі 
Вольга ДУБОЎСКАЯ 

 

 

 

 

 

 

Мяркую, навіну пра падпісанне пагаднення аб узаемадзеянні па забеспячэнні доступу да навуковых інфармацыйных рэсурсаў (замацавана подпісамі міністра адукацыі і старшыні Прэзідыума НАН) віталі не толькі ў сталых навуковых колах, але і ва ўніверсітэцкіх. Доступ да сур’ёзнай навуковай інфармацыі значна павысіць градус амбіцый пачынаючых навукоўцаў.

А навуковыя амбіцыі зараджаюцца ў студэнцкім асяроддзі. І ўсё пачынаецца з напісання курсавой работы. Здавалася б, звычайная частка ўніверсітэцкага навучання. З аднаго боку, так. Курсавая — гэта навуковая работа, якая мае на ўвазе самастойнае даследаванне студэнтам зададзенай тэмы. Мэта курсавой — праверыць, наколькі студэнт умее шукаць і аналізаваць інфармацыю, а таксама правільна, лагічна выкладаць і аргументаваць свае думкі.

А вось з іншага боку, менавіта падчас гэтай звычайнай дзейнасці могуць успыхнуць тыя самыя амбіцыі навукоўца. І здарыцца такое можа пры пэўных умовах. Адна з іх — доступ да патрэбнай навуковай літаратуры. У арсенале студэнта ёсць, натуральна, інтэрнэт, а таксама ўніверсітэцкія бібліятэкі. Ну і, канечне, Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 

Дзе адразу пачне шукаць інфармацыю студэнт? Правільна, у інтэрнэце. Гавораць, там ёсць усё. Насамрэч гэта не так. Прынамсі, сур’ёзнай навуковай аналітыкі, інфармацыі па апошніх дасягненнях навукоўцаў і даследчыкаў у адкрытым доступе практычна няма. 

Не так проста знайсці актуальныя даследаванні ў галіне гуманітарных навук, у чым пераканалася зусім нядаўна, бо дачка-другакурсніца якраз дапрацоўвае сваю курсавую работу. Нават у Нацыянальнай бібліятэцы асабліва нічога не знайшла. А што ўжо гаварыць пра развіццё медыцыны, нанатэхналогій ці таго ж космасу?

Вы спытаецеся, навошта студэнту ў курсавой лезці ў такія нетры? Яму трэба бачыць перспектыву свайго даследавання, а для гэтага, акрамя таго, што ўжо вывучана па тэме, трэба ведаць, куды і з чым рухаюцца іншыя навукоўцы ў гэтай галіне. 

У бібліятэцы, дарэчы, у асноўным можна знайсці толькі тэорыю, азнаёміцца з працамі заслужаных навукоўцаў, прасачыць пэўныя тэндэнцыі. Безумоўна, знаёмства з акадэмічнай літаратурай мае вялікае значэнне, бо гэта база для любой навуковай дзейнасці. Але ж студэнт павінен мець доступ і да перадавой навуковай літаратуры, тых жа манаграфій. 

Канечне, можна зрабіць выклік самому сабе і паспрабаваць заняцца даследаваннем абсалютна самастойна: вызначыць прадмет (з’яву, працэс) даследавання, а пасля аргументавана паказаць (даказаць) каштоўнасць вывучанага — выказаць сваю даследчую пазіцыю. Але тут існуе рызыка вынайсці веласіпед.

Неяк такі “веласіпед” спрабавала вынайсці і я, калі падчас навучання ва ўніверсітэце ўзялася пісаць курсавую, дзе вывучала загалоўкі ў газеце “Звязда”. Мяне захапіў працэс: я гадзінамі сядзела ў бібліятэцы і выпісвала загалоўкі. У выніку даследавання прыйшла да высновы, што практычна ўсе яны маюць занадта складаную канструкцыю — з’яўляюцца цэлымі сказамі, што моцна выбіваецца з публіцыстычнага стылю. Усё ж кароткі загаловак з ключавымі словамі ўспрымаецца лепш. Лічыцца, што ў газетнага загалоўка ёсць толькі паўтары секунды, каб прыцягнуць увагу аўдыторыі.

Магчыма, калі б я звярнулася да актуальных на той час даследаванняў у гэтай галіне (у тым ліку блізкага і далёкага замежжа), то сваю работу пабудавала б зусім па-іншаму. І вынік не так расчараваў бы. Таму доступ да актуальнай навуковай інфармацыі, які пасля падпісання пагаднення атрымаюць у тым ліку і студэнты, зробіць правядзенне нават самых простых даследаванняў куды больш натхняльным.