Павысіць ролю акадэмій навук

- 11:07Інфармацыйная гадзіна

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота лічыць неабходным больш актыўна прыцягваць Расійскую акадэмію навук і Нацыянальную акадэмію навук Беларусі да работы над праграмамі Саюзнай дзяржавы.

“Мы хочам павысіць ролю акадэмій навук нашых краін у прыняцці рашэнняў і абапірацца на іх экспертную думку пры выбары праграм. Чыноўнік часта не можа вызначыць, што з’яўляецца найбольш важным для навукі і руху наперад”, — сказаў ён у эксклюзіўным інтэрв’ю ТАСС.

Як адзначыў Рыгор Рапота, цяпер у рэжыме чакання знаходзіцца прыкладна паўтара дзясятка праграм. “Вучоныя Расіі і Беларусі добра ўзаемадзейнічаюць па розных лініях: медыцына, космас, электроніка, машынабудаванне, станкабудаванне, біяхімія, сельская гаспадарка”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, дзейнасць Саюзнай дзяржавы ў гэтым напрамку нагадвае венчурныя фонды. “Мы аплачваем навукова-даследчыя, доследна-канструктарскія работы, накіраваныя на атрыманне новых інавацыйных тэхналогій і матэрыялаў. Далей яны ідуць у вытворчасць. Бачачы, што такі фонд працуе, ім усе хочуць скарыстацца, і гэта добра”, — растлумачыў дзяржсакратар.

Падводзячы вынікі года, Рыгор Рапота адзначыў, што ў 2017 годзе структуры Саюзнай дзяржавы і міністэрствы Расіі і Беларусі падрыхтавалі і прынялі шэсць новых праграм, гэта больш, чым у мінулым годзе. Акрамя таго, у бягучым годзе на сістэмную аснову пастаўлена правядзенне форумаў рэгіёнаў дзвюх краін. Ён таксама адзначыў актывізацыю работы Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы.

Адной са знакавых падзей года ва ўзаемадзеянні Расіі і Беларусі дзяржсакратар назваў зацвярджэнне формулы цаны на расійскі газ, паколькі гэта знімае пэўную напружанасць у адносінах, а таксама рух наперад у пытаннях міграцыйнай палітыкі, у прыватнасці падрыхтоўку пагаднення аб узаемным прызнанні віз. “Мы разлічваем, што міністэрствам замежных спраў абедзвюх краін удасца да канца года падрыхтаваць гэтае пагадненне. Падзея знакавая, таму што граніца паміж Расіяй і Беларуссю свабодная для перасячэння грамадзянамі гэтых дзяржаў, але яе перасячэнне грамадзянамі трэціх краін у прававых адносінах ніяк не рэгулявалася”, — падкрэсліў дзяржсакратар.