Пазнавальная актыўнасць — у фізічных эксперыментах

- 11:47Педагагічная майстэрня

Сучаснаму грамадству патрэбны ініцыятыўныя, творчыя, актыўныя маладыя людзі, якія валодаюць высокай прафесійнай і асобаснай культурай і арыентуюцца на сацыяльна значны поспех і пазітыўную самарэалізацыю ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Вучэбны прадмет “Фізіка” ўносіць істотны ўклад у вырашэнне задач агульнай адукацыі, забяспечваючы фарміраванне ў навучэнцаў прыродазнаўчанавуковай карціны свету, развіццё інтэлектуальных, творчых здольнасцей, садзейнічае фарміраванню сучаснага навуковага светапогляду.

Ва ўмовах узрастання тэндэнцыі да развіцця матывацыйнай сферы становіцца актуальным развіццё пазнавальных здольнасцей, працэсаў самаактуалізацыі і самарэалізацыі асобы на фоне разгортвання педагагічных умоў, прадметнага зместу, сродкаў, форм і тэхналогій навучання. Вынікі майго педагагічнага даследавання сведчаць аб тым, што 89 працэнтам навучэнцаў 7-х класаў цікава і камфортна на ўроках фізікі (урок вучыць думаць, аналізаваць, даведвацца новае, разумець навакольны свет); толькі 58 працэнтаў навучэнцаў 8-х класаў праяўляюць цікавасць да вучэбнага прадмета “Фізіка”. У гэты перыяд у навучэнцаў узнікае шэраг псіхалагічных бар’ераў у галіне матывацыі: адсутнасць веры ў паспяховае авалоданне вучэбным прадметам, нізкая самаацэнка здольнасцей, няяснасць мэт выкарыстання фізікі ў будучай прафесійнай дзейнасці.

Як заахвоціць навучэнцаў да спасціжэння таямніц светабудовы? Як навучыць іх бачыць незвычайнае ў звычайным і звычайнае ў незвычайным? Якія метады і прыёмы работы будуць садзейнічаць творчаму росту? Як навучыць школьніка правядзенню самастойнай даследчай работы і раскрыць яго здольнасці? Гэтыя і многія іншыя праблемы падкрэсліваюць неабходнасць распрацоўкі такіх сродкаў арганізацыі адукацыйнай дзейнасці, якія б дазволілі навучэнцу з любым узроўнем тэарэтычнай падрыхтоўкі паўнацэнна рэалізаваць сябе.

Практычны вопыт паказвае, што адной з актуальных праблем навучання з’яўляецца ўкараненне эксперыментальнай і даследчай дзейнасці ў адукацыйны працэс па фізіцы, таму з мэтай павышэння пазнавальнай актыўнасці, матывацыі да вывучэння фізікі і развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў на практыцы выкарыстоўваю эксперыментальны і даследчы метады навучання ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.

Неабходнасць арганізацыі даследчай работы навучэнцаў, з майго пункту гледжання, не выклікае сумненняў. Арганізаваць творчы працэс можна толькі ў тым выпадку, калі сам творча падыдзеш да яго падрыхтоўкі і зможаш пераканаць навучэнцаў паверыць у свае сілы. Навучэнцы, якія займаюцца даследчай дзейнасцю, распрацоўваюць свае метады даследавання, супастаўляюць даныя першакрыніц, творча аналізуюць свае даследаванні і робяць высновы. Удзел у даследчай дзейнасці дае магчымасць глыбей разабрацца ў сваіх здольнасцях і ўменнях, задумацца аб будучай прафесіі.

Эксперыментальную і даследчую дзейнасць я рэалізоўваю ў рамках урочнай і пазаўрочнай дзейнасці (факультатыўныя заняткі, індывідуальныя і групавыя заняткі, падрыхтоўка навучэнцаў да конкурсаў і канферэнцый), выкарыстоўваю разнастайныя метады, прыёмы і віды работы.

У працэсе навучання выкарыстоўваю прыёмы і метады, накіраваныя на фарміраванне і развіццё даследчых уменняў навучэнцаў: класныя лабараторныя работы, дамашнія практычныя заданні, фізічныя практыкумы, пазнавальныя задачы, тэарэтычныя творчыя задачы і практыкаванні, даследчыя і эксперыментальныя заданні, праблемны метад, эўрыстычныя заданні, франтальныя доследы, складанне кантралюючых заданняў, складанне справаздач аб пэўнай рабоце, даследчыя лабараторныя работы.

Педагагічны працэс, які праектуецца і рэалізуецца, будую ў адпаведнасці з пэўнымі прынцыпамі, якія адэкватным чынам нарміруюць даследчую дзейнасць навучэнцаў.

1. Прынцып адпаведнасці метадам прыродазнаўчанавуковага даследавання. Вучэбныя даследаванні навучэнцаў прынцыпова адрозніваюць ад навуковых эксперыментаў: па ступені навізны, па абсталяванні, якое выкарыстоўваецца, па складанасці, па дапушчальных хібах у вымярэннях. Аднак навучэнцы ў сваіх эксперыментах праходзяць усе стадыі, характэрныя для “дарослых” даследаванняў: усведамленне праблемы, вызначэнне мэты даследавання, фармулёўка гіпотэзы, вызначэнне методыкі эксперымента і стварэнне эксперыментальнай устаноўкі, правядзенне доследаў, фіксацыя, апрацоўка і інтэрпрэтацыя вынікаў, фармулёўка высноў. Праходжанне навучэнцамі названых стадый пазнавальнай дзейнасці фарміруе даследчы стыль мыслення і адпаведныя эксперыментальныя ўменні.

2. Прынцып выбару навучэнцамі ўзроўню самастойнасці выканання даследчых заданняў. Існуючы ў навучэнцаў узровень валодання даследчымі працэдурамі вельмі адрозніваецца, таму я даю ім магчымасць выбраць узровень самастойнасці ў выкананні даследчых працэдур.

3. Прынцып апераджальнага характару эксперыментаў навучэнцаў. Навучэнцы сутыкаюцца з новымі з’явамі, уяўленнямі, ідэямі ў сваіх эксперыментальных даследаваннях, перш чым яны будуць выкладзены і вывучаны на ўроку. Даследаванні не могуць быць толькі доследнай ілюстрацыяй вывучанага матэрыялу, якая адмоўна адбіваецца на вучэбнай матывацыі навучэнцаў. Многія аб’екты, паняцці і з’явы навучэнцы паспяхова вывучаюць менавіта пры дапамозе самастойных даследаванняў: шчыльнасць рэчыва, рэастат, сазлучаныя сасуды, залежнасць сілы току ў правадніку ад напружання і г.д. Пры гэтым навучэнцы самастойна спасцігаюць вядучыя паняцці і ідэі, а не атрымліваюць іх у гатовым выглядзе. Я ствараю сітуацыі, якія даюць навучэнцам магчымасць знаёміцца з уяўленнямі, паняццямі і ў той жа час патрабуюць ад іх самастойна вызначаць і выяўляць гэтыя паняцці на прапанаваных прыкладах.

4. Прынцып спалучэння класнай і пазаўрочнай даследчай дзейнасці навучэнцаў. Праграмныя даследаванні навучэнцаў, якія павінны выконвацца, як правіла, на ўроках, я дапаўняю дамашняй даследчай работай.

Вучэбная работа пачынаецца ў 7 класе. Першыя франтальныя лабараторныя работы, якія згодна з каляндарна-тэматычным планаваннем неабходна выканаць, мы робім разам. Гэта неабходна для таго, каб навучэнцы навучыліся строга захоўваць парадак выканання лабараторнай работы і бачылі, што парушэнне паслядоўнасці прыводзіць да атрымання няправільнага адказу. Для фарміравання самастойнасці арганізоўваю работу ў парах. У канцы другой чвэрці навучэнцы выконваюць два тэставыя заданні на развіццё лагічнага і механічнага мыслення.

Лічу, што важна бачыць магчымасці і здольнасці навучэнца. Пазнанне пачынаецца са здзіўлення, а працягваецца праз дзейнасць. Вучыць — гэта значыць пастаянна выкарыстоўваць прыёмы, якія стымулююць самастойны пошук, з дапамогай якога навучэнец знаходзіць, адкрывае для сябе новыя веды. На кожным уроку (пачынаючы з трэцяй чвэрці) прапаноўваю навучэнцам дэманстраваць і тлумачыць доследы, якіх няма ў падручніку для 7 класа.

У працэсе навучання акцэнт раблю на рэалізацыю прынцыпу пераемнасці “ўрок — факультатыўныя заняткі”. На кожным уроку ўдзяляю вялікую ўвагу франтальнаму эксперыменту і выкананню эксперыментальных заданняў. На факультатыўных занятках разам з рашэннем тыповых задач выконваем эксперыментальныя задачы, з другога паўгоддзя прыступаем да выканання эксперыментальных заданняў.

Індывідуальная эксперыментальная і даследчая дзейнасць характарызуецца мэтанакіраванасцю, актыўнасцю, матываванасцю і свядомасцю, вынікам якой з’яўляецца фарміраванне пазнавальных матываў, даследчых уменняў, суб’ектыўна новых для навучэнцаў ведаў ці спосабаў дзейнасці. Праводзячы самастойныя даследаванні, навучэнцы пачынаюць разумець работу вучоных, а для гэтага вельмі важна сваімі рукамі зрабіць частку навуковай работы. Вынікі педагагічнага даследавання сведчаць аб тым, што 89 працэнтам навучэнцаў падабаецца выконваць не класічныя лабараторныя работы, а эксперыментальныя і даследчыя работы з індывідуальным заданнем.

Для развіцця пазнавальнай цікавасці і даследчых здольнасцей навучэнцаў выкарыстоўваю задачы з кнігі Перальмана “Займальная фізіка”. Выкананне падобных заданняў дазваляе навучэнцам самастойна ставіць доследы і канструяваць прылады.

У кожным класе заўсёды ёсць вучні, неабыякавыя да прылад і тэхнікі. Для іх у мяне заўсёды знойдзецца заданне. Менавіта яны дапамагалі мне ў вырабе дадатковага абсталявання для франтальнага эксперымента і лабараторных работ. Выкананне эксперыментальных заданняў дазволіла навучэнцам самастойна паставіць доследы, сканструяваць прылады і падрыхтаваць вучэбна-даследчыя работы: “Прылады, якія пацвярджаюць закон захавання механічнай энергіі (цэнтрабежная дарожка)”, “Прылады, якія дэманструюць закон захавання механічнай энергіі (самаходная каляска)”, “Вывучэнне капілярных з’яў”, “Стэнд для вывучэння залежнасці супраціўлення праваднікоў ад іх параметраў”, “Стойкая шкляная лямпа”, “Сіла трэння. Прылада для вымярэння сілы трэння”, “Даследаванне праяўлення сілы пругкасці”, “Даследаванне фруктовых і агароднінных гальванічных элементаў”.

Асаблівасць маёй работы — гэта інтэнсіўная самастойная дзейнасць навучэнцаў. У выніку выканання навучэнцамі вучэбна-даследчых работ кабінет фізікі папоўніўся прыладамі. З іх дапамогай на вучэбных занятках можна праводзіць дэманстрацыйныя доследы і простыя даследаванні. Гэтыя прылады апрабоўваліся на вучэбных і факультатыўных занятках па фізіцы як у нашай установе адукацыі, так і ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Мазырскага раёна. Работа, пабудаваная такім чынам, садзейнічае развіццю пазнавальнай цікавасці, самаразвіццю і самаўдасканаленню навучэнцаў, фарміруе даследчы стыль мыслення і эксперыментальныя ўменні.

Вучэбна-даследчыя работы адзначаны дыпломамі і падзякамі раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Крок у будучыню”, Гомельскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў па прыродазнаўчанавуковых кірунках “Пошук”, Рэспубліканскага конкурсу вучэбна-даследчых работ па фізіцы.

З 2011 года падрыхтавана 17 вучэбна-даследчых і эксперыментальных работ: “Прылады, якія пацвярджаюць закон захавання энергіі (цэнтрабежная дарожка)”, “Прылады, якія пацвярджаюць закон захавання энергіі (самаходная каляска)”, “Вывучэнне капілярных з’яў”, “Стэнд для вывучэння залежнасці супраціўлення правадніка ад яго параметраў”, “Стойкая шкляная лямпа”, “Трусы як аб’ект фізічнага даследавання”, “Трусы як аб’ект біялагічнага даследавання”, “Ачысцім планету ад смецця”, “Асаблівасці сіл трэння і каэфіцыент трэння. Прылада для вымярэння каэфіцыента трэння”, “Вывучэнне ваганняў ніцяных і звязаных маятнікаў”, “Даследаванне яблыка як фізічнага цела”, “Даследаванне фруктовых і агароднінных гальванічных элементаў”, “Даследаванне стану цела”, “Даследаванне сілы пругкасці”, “Даследаванне змянення зместу аскарбінавай кіслаты ў яблыках”, “Даследаванні прагравання вады ў вадаёмах”, “Гісторыя святлодыёда”.

Педагагічны вопыт я прадстаўляў на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам, прысвечанай 75-годдзю Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі “Актуальныя пытанні бесперапыннай педагагічнай адукацыі: стан, праблемы і перспектывы”, абласным семінары “Павышэнне пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў пры дапамозе выкарыстання эксперымента пры навучанні фізіцы”, рэспубліканскай е-mail-канферэнцыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў дзейнасці ўстаноў адукацыі”, міжнароднай навукова-метадычнай інтэрнэт-канферэнцыі “Развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў у працэсе навучання прыродазнаўча-матэматычным дысцыплінам”, раённа-метадычным фестывалі “Ад поспеху — да майстэрства”, семінары-практыкуме раённага рэсурснага цэнтра настаўнікаў фізікі і астраноміі і выкладчыкаў кафедры методыкі выкладання фізікі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, І Палескім адукацыйным і навуковым форуме “Юны даследчык”.

У сярэдняй школе № 13 Мазыра прайшло абагульненне майго педагагічнага вопыту па тэме “Вучэбна-даследчая і эксперыментальная дзейнасць па фізіцы як фактар развіцця пазнавальнай актыўнасці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў”.

Вынікі дыягностыкі навучэнцаў 9-х класаў сведчаць аб мэтанакіраванай і сістэмнай рабоце па павышэнні пазнавальнай актыўнасці, матывацыі да вывучэння вучэбнага прадмета, развіцці інтэлектуальных і даследчых здольнасцей навучэнцаў.

Такім чынам, даследчая дзейнасць фарміруе ў навучэнцаў цэласную сістэму ўніверсальных ведаў, уменняў і навыкаў, вопыту самастойнай дзейнасці і адказнасці, што павышае якасць выкладання вучэбнага прадмета і ўзровень ведаў навучэнцаў па фізіцы.

Сяргей ДВОРАК,
настаўнік фізікі сярэдняй школы № 13 Мазыра.