Пазнаём родны край. Як зрабіць паход незабыўным і максімальна выкарыстаць яго выхаваўчы патэнцыял?

- 16:14Новости

Як зрабіць паход незабыўным і максімальна выкарыстаць яго выхаваўчы і адукацыйны патэнцыял? Бабруйскія педагогі знайшлі свой адказ і арганізоўваюць паходы з элементамі рабінзанады.

Такі паход у пэўнай ступені з’яўляецца ролевай гульнёй, дзе вызначаюцца пасады, замацаваныя за кожным удзельнікам падарожжа. Гэтыя пасады патрабуюць пэўных дзеянняў.

Ідэя з’явілася падчас паходу па партызанскіх мясцінах Клічаўскага раёна. На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу каля вёскі Усакіна, дзе сярод лесу адноўлены партызанскі лагер, узнікла пытанне: а як тут жылі людзі падчас Вялікай Айчыннай вайны? Як яны харчаваліся, як вырашалі праблемы з адзеннем і абуткам, лекамі, як пераносілі суровыя зімы? І ці выжылі б у такіх умовах мы, дзеці сучаснай цывілізацыі, якія прывыклі да спажывання ўсяго гатовага?

З таго часу і пачаліся паходы па партызанскіх мясцінах з элементамі школы выжывання і ролевай гульні. Спачатку гэта былі нясмелыя “пробы пяра”. Дзесьці на прывале, у рамках перасовачнага палатачнага лагера, право­дзіліся конкурсы, спаборніцтвы, якія ўключаюць элементы рабінзанады. Такія мерапрыемствы спадабаліся юным удзельнікам, а самае галоўнае, адразу ж пачалі прыносіць выхаваўчы эфект. Больш хутка і якасна ішло фарміраванне калектыву, удасканальвалася ўнутрыгрупавая камунікацыя, павышалася матывацыя да заняткаў турызмам і краязнаўствам, фарміраваліся самастойнасць, адказнасць, дысцып­лінаванасць, выяўляліся лідарскія якасці і ўменне грамадскія інтарэсы ставіць вышэй за асабістыя.

Працягваючы работу ў гэтым напрамку, наш цэнтр штогод праводзіць краязнаўчую алімпіяду-рабінзанаду. У ёй удзельніча­юць не менш за 100 навучэнцаў з 25—30 устаноў адукацыі Баб­руйска. Яны дэманструюць свае ўменні і навыкі арыентавацца без компаса і карты, здабываць агонь без запалак і запальнічкі, адшук­ваць на мясцовасці ядомыя і лекавыя расліны, па розных пры­метах складаць праг­ноз надвор’я.

Адпаведны вопыт педагога дадатковай адукацыі Вольгі Сяргееўны Чайцынай і яе выхаванцаў атрымаў далейшае развіццё. Спачатку для навучэнцаў Цэнт­ра турызму, края­знаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Баб­руйска быў праведзены першы 4-дзённы паход з элементамі выжывання. Група, якая мае дастатковы ўзровень фізічнай падрыхтоўкі і турысцкі вопыт, прайшла ляснымі дарогамі Асіповіцкага раёна. На маршруце навучэнцам былі прапанаваны наступныя заданні: навесці навясную пераправу цераз раку Пціч; згата­ваць вячэру з дзікарослых раслін; вызна­чыць час па сонцы; аказаць дапамогу “хвораму на бранхіт”, не выкарыстоўваючы медыкаментаў з паходнай аптэчкі; транспартаваць “хворага” да найбліжэйшай шашы; пераправіцца з “пацярпелым” праз меліярацыйны канал; прайсці ўчастак маршруту па азімуце.

Заданні былі нескладанымі, але ўносілі асаблівую рамантыку і навізну ў паход. Далей — больш… Юныя турысты з задавальненнем уваходзілі ў ролю беларускіх партызан і спраўляліся з больш складанымі заданнямі.

Важнымі ўмовамі паспяховай рэалізацыі падобных праектаў з’яўляюцца ўвага педагогаў і саміх юных удзельнікаў да пытанняў тэхнікі бяспекі, дакладнае разуменне таго, калі гульнявы момант экстрыму можа стаць небяспечным. Таму высокая дысцыпліна ўдзельнікаў мерапрыемства з’яўляецца абавязковай.

Паходы з элементамі рабінзанады і ролевай гульні паказ­ваюць высокую эфектыўнасць пры вырашэнні задач грамадзянска-патрыятычнага выхавання, фарміравання згуртаванасці каманды, пашырэння кругагляду і ведаў навучэнцаў аб гісторыі і прыродзе роднага краю, павышэння іх функцыянальнай дасведчанасці.

Выхаванцы набываюць упэўненасць у сваіх сілах, павагу да сябе і іншых, самавалоданне ў цяжкіх сітуацыях, уменне лічыцца з меркаваннем іншага, звычку падстаўляць плячо сябру, гаварыць праўду, не баяцца, не кпіць, быць адкрытымі з людзьмі.

Да таго ж павысілася паспяховасць удзельнікаў такіх паходаў па геаграфіі, біялогіі, хіміі, фізіцы, гісторыі. У цэлым у іх праявілася цікавасць да вучобы. Аднаго за другім хлопчыкаў здымалі з улікаў, перасталі выклікаць бацькоў у школу. Яны сталі пава­жаць сябе і іншых. Яны знайшлі сябе.

Арганізаваная сістэма работы дала станоўчы вынік. Юнакі і дзяўчаты атрымалі навыкі выжывання ў экстрэмальных умовах, удасканалілі сваю спартыўную падрыхтоўку, паглыбілі веды аб прыродзе і гісторыі роднага краю, навучыліся сябраваць, мець зносіны і аказваць дапамогу таварышам, прайшлі школу сацыялізацыі, у іх сфарміравалася пачуццё любові да радзімы, гатоўнасць яе абараняць.

Паходныя мерапрыемствы з элементамі ролевай гульні і рабінзанады здольны вырашаць выхаваўчыя і адукацыйныя задачы, якія сёння стаяць перад сістэмай дадатковай адукацыі.

***

Падарожжы, далёкія гарызонты, прыгоды — для любога чалавека гэта амаль магічныя словы, якія выклікаюць адчуванне шчасця і паўнаты быцця. Прага рамантыкі, новых уражанняў і адкрыццяў уласціва ў першую чаргу маладым. І гэтая прага лёгка задавальняецца праз уцягванне дзяцей і падлеткаў у турыстычную дзейнасць, а менавіта ў арганізацыю і правядзенне паходных мерапрыемстваў.

Турыстычны паход — найбольш эфектыўны сродак калектыўнага выхавання, карыснай арганізацыі вольнага часу, фарміравання асобы, прапаганды здаровага ладу жыцця, фізічнага і інтэлектуальнага развіцця, аздараўлення дзяцей, выхавання патрыятызму. Менавіта паход садзейнічае сацыя­лізацыі, пашырэнню ведаў па прадметах школьнага курса, прывучае да працы, прывівае навучэнцам навыкі самаабслугоўвання, выхоўвае ініцыятыву і вытрымку.

Жыццё патрабуе ад чалавека новых ведаў і ўменняў. Важна не проста запамінаць інфармацыю, а правільна прымя­няць яе ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі. У сувязі з гэтым усё большую папулярнасць у сучаснай адукацыі, у тым ліку ў сферы турызму і краязнаўства, набывае феномен функцыянальнай дасведчанасці.

З’яўляючыся комплекснай формай турызму, якая ўключае спорт, краязнаўства і экскурсіі, паход дазваляе выра­шаць задачы выхавання падрастаючага пакалення. Падчас яго школьнікі вучацца прымяняць практычна ўсе кампаненты, якія складаюць функцыянальную дасведчанасць.

Святлана МАКСІМОВІЧ,
метадыст вышэйшай катэгорыі
Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска
Фота аўтара