Педагагічны дуэт маладосці і вопыту

- 11:32Адукацыйная прастора

Мужчынскія кадры сярод настаўнікаў пачатковых класаў — і нагода для гордасці, і, на жаль, вялікая рэдкасць у сучаснай педагогіцы. Згодна з сёлетняй статыстыкай, сярод настаўнікаў пачатковых класаў нашай краіны толькі кожны двухсоты — мужчына. Тым не менш жодзінская сярэдняя школа № 6 можа пахваліцца адразу двума настаўнікамі-“пачаткоўцамі”. За плячыма Валерыя Тадэвушавіча Станчыка 37 гадоў педагагічнага стажу, амаль 30 з якіх ён прысвяціў рабоце ў гэтай школе. Павел Васільевіч Ільінскі — малады настаўнік з двухгадовым стажам. Разам яны — яркі тандэм маладосці і вопыту, якім ганарыцца родная школа.

Як гэта традыцыйна складваецца, педагогіку выбіраюць людзі, якія з дзяцінства цесна звязаны з гэтай навукай. Родныя і блізкія Паўла Васільевіча Ільінскага працуюць педагогамі ў сферы культуры:

бацька — балетмайстар, маці і сястра — педагогі-харэографы. Юнаком Павел марыў стаць настаўнікам музыкі, але склалася так, што ў Пінскі педагагічны каледж паступіў на аддзяленне пачатковай адукацыі. Падчас размеркавання адзінай навучальнай установай, якая прапаноўвала адразу два працоўныя месцы, была жодзінская сярэдняя школа № 6. Навучальная ўстанова адразу вырашыла і жыллёвае пытанне — выдзеліла пакой у інтэрнаце. З будучай жонкай, з якой разам вучыўся і размяркоўваўся, Павел разлучацца не хацеў, таму на жодзінскай сярэдняй школе № 6 і сышліся.

Дарэчы, жонка Паўла Васільевіча, Ірына Анатольеўна, таксама настаўніца пачатковых класаў. Больш за тое, працуюць яны з мужам у адной паралелі 3-х класаў.

За парогам школы працоўны дзень маладой сям’і педагогаў не заканчваецца: мужу і жонцы заўсёды ёсць што абмеркаваць, падзяліцца класнымі навінамі і ўдалымі прафесійнымі момантамі дня, разам падрыхтавацца да заняткаў.

Пайшоў трэці год у прафесіі. За плячыма двухгадовая адпрацоўка і ўсвядомлены выбар застацца ў прафесіі. Наперадзе дыплом аб вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”, а праз паўтара года і новыя першакласнікі. Адзінае жаданне Паўла Васільевіча, якое пакуль яшчэ не здзейснілася, — сумяшчаць педагогіку з музыкай, без якой ён не ўяўляе свайго жыцця.

— Вучням вельмі падабаецца жывая музыка, таму карыстаюся магчымасцю прынесці ў клас сінтэзатар і найграць любімыя імі мелодыі і песні. Слухаем іх у розных тэмбрах, у выкананні розных музычных інструментаў — гэта заўсёды выклікае ажыятаж сярод дзяцей, у якім бы ўзросце яны ні былі. Такія музычныя рэпрызы дабра ўліваюцца ва ўрочную дзейнасць у якасці фізкультмінутак, — расказвае Павел Васільевіч.

Да жаночага калектыву настаўнік прывык яшчэ з каледжа, але на першым працоўным месцы ўсё ж спрацавала на карысць тое, што куратарам маладога спецыяліста прызначылі адзінага на той момант мужчыну — настаўніка пачатковых класаў школы Валерыя Тадэвушавіча Станчыка. Настаўнікам Ірыны Анатольеўны, жонкі нашага героя, прызначылі Вольгу Мікалаеўну Новік. Усе чацвёра працуюць у адной паралелі, што яшчэ больш спрасціла перыяд адаптацыі маладых спецыялістаў.

— Самым цяжкім момантам, як зараз успамінаецца, было вядзенне класнага журнала. Таму мы з жонкай папрасілі дапамогі ў куратараў і ўчатырох шчыравалі над першымі ў нашым з Ірынай педагагічным жыцці “дакументамі настаўніка”. Дзякуй жонцы, якая спрацавала на перспектыву: сфатаграфавала ўсе да адзінай запоўненыя старонкі, і ў наступным годзе, дзякуючы такой шпаргалцы, гэтая справа ўжо не здавалася настолькі цяжкай. На практыцы ў каледжы з вядзеннем журнала амаль не сутыкаўся, але тыя ўрокі, якія мы праводзілі падчас вучобы, вельмі дапамаглі. Выкладчыкі каледжа заўсёды прыгаворвалі: “Карыстайцеся момантам! Такой практыкі ўніверсітэт вам не дасць”. Разам з жонкай мы адчулі няхватку ўніверсітэцкай практыкі тады, калі прыйшлі атрымліваць вышэйшую адукацыю на завочнае аддзяленне ў БДПУ імя Максіма Танка. На мой погляд, самы правільны шлях у педагогіку — спачатку каледж, а пасля, паралельна з работай, вышэйшая адукацыя, — перакананы настаўнік.

Сваё 1 верасня ў якасці маладога настаўніка і класнага кіраўніка 1 “Е” класа Павел Васільевіч успамінае з усмешкай: бацькі цяжка вызваляліся ад стэрэатыпу, што першай настаўніцай іх дзяцей павінна быць жанчына, а дзеці наогул былі перакананы, што іх настаўнік — зусім не настаўнік, а вучань старшых класаў. Адзін хлопчык падчас святочнай лінейкі ўпарта пытаўся ў маладога педагога, чаму ўсё ж спазняецца яго першая настаўніца, а пасля зусім знерваваўся і, заліваючыся слязамі, расказаў, што чакаў “добрую цёцю”, а прыйшоў нейкі “дзядзька”. Але дзіця хутка адаптавалася і праз дзень хвалілася сябрам, што яго класны кіраўнік — мужчына.

Куратар і галоўны дарадца маладога настаўніка-“пачаткоўца” Валерый Тадэвушавіч Станчык мае дзве спецыяльнасці — настаўнік пачатковых класаў і настаўнік геаграфіі. Але калі 30 гадоў назад педагог прад’явіў у мясцовым аддзеле адукацыі два дыпломы, яму сказалі: “Хочаш быць настаўнікам геаграфіі — заходзь гадкоў праз пятнаццаць, якраз твая чарга падыдзе. А вось настаўніку пачатковых класаў, тым больш мужчыне, мы заўсёды рады”. Так і з’явіўся адзіны на ўвесь горад мужчына-“пачатковец”, да якога таксама не адразу прывыклі. Але зараз, па прызнанні кіраўніцтва школы, усе імкнуцца аддаць сваіх дзяцей менавіта ў клас Станчыка.

Калі маладыя педагогі толькі прыходзяць працаваць у школу, вопытны педагог адразу разумее: выпадковы гэта госць у прафесіі або той, хто прыйшоў у педагогіку праз абдуманы выбар і затрымаецца надоўга.

— Да нас размяркоўвалася нямала маладых педагогаў, але большасць для адпрацоўкі. Такіх бачна адразу: ім усё цяжка, непасільна, яны пастаянна ныюць і енчаць. А тым часам формула сапраўднага педагога простая: дабрыня, шмат імправізацыі і гібкасці ў адносінах з вучнямі і, зразумела, любоў да дзяцей. Калі Павел Васільевіч і Ірына Анатольеўна разбавілі наш вопытны калектыў сваёй маладосцю і актыўнасцю, лавіў сябе на думцы, што нібы так было заўсёды — настолькі арганічна маладыя спецыялісты ўліліся ў школьную сям’ю. За два з лішнім гады іх работы ні аднаго разу не пачуў скаргі на цяжкасці ў прафесіі. Так, час ад часу прыходзілі, прасілі дапамогі, кансультаваліся, але хутчэй гэта тычылася “папяровых” спраў.

Вопытны і малады педагогі ў адзін голас упэўніваюць: лепшы ўрок будуецца на класіцы. Тым не менш інавацыйныя тэхналогіі таксама вартыя іх увагі.

— Я спагадны да новых тэндэнцый педагог, але разумею, што няма той ідэальнай, якая дапамагла б заахвоціць і навучыць усіх без выключэння дзяцей. Калі дзіця вучыцца не хоча, якой бы прасунутай тэхналогіяй настаўнікі ні карысталіся — будзем няздольны яго навучыць. Доўгі час захапляўся ТРВЗ-педагогікай і зараз падчас факультатыву “Развіццё творчых здольнасцей” карыстаюся запазычанай з гэтага педагагічнага кірунку гульнёй “Данетка”. Яна вучыць школьнікаў структураваць і дакладна будаваць пытанні, каб пачуць патрэбны адказ. З развіццёвага навучання ўзяў на заметку схему рашэння ўраўненняў “цэлае — частка”. З мінулым выпускам вучняў спрабаваў карыстацца сістэмай актыўнай ацэнкі. Разам распрацавалі спецыяльную сігнальную сістэму, цесна супрацоўнічалі з бацькамі. Мне падабалася, што, дзякуючы стратэгіі актыўнай ацэнкі, у адрозненне ад класічнай сістэмы выкладання, клас знаходзіўся ў пастаянным тонусе, актыўна працаваў увесь урок. З цяперашнімі трэцякласнікамі актыўная ацэнка аказалася незапатрабаванай, шукаю іншыя адукацыйныя стратэгіі, якія “стрэляць” з маімі вучнямі, — дзеліцца вопытам сваёй работы В.Т.Станчык.

Малады калега Валерыя Тадэвушавіча прызнаецца, што яго методыку па большай частцы можна назваць эксперыментальнай. Класічную адукацыйную схему, атрыманую ў каледжы, настаўнік аздабляе цікавымі прыёмамі і метадамі, падгледжанымі на адкрытых уроках, майстар-класах, падчас навучання ў гарадской школе маладога педагога. З апошняга — выкарыстанне мультымедыя для арфаграфічнай размінкі на ўроках рускай мовы, маляванне з дапамогай геаметрычных фігур на ўроках выяўленчага мастацтва. Здараецца, новыя прыёмы самі знаходзяць маладога настаўніка нават падчас перапынку. Так, зайшоўшы з пытаннем да свайго старэйшага калегі Валерыя Тадэвушавіча і ўбачыўшы штосьці незвычайнае ў таго на дошцы, Павел Васільевіч абавязкова пацікавіцца гэтым у куратара. Шмат увагі настаўнікі ўдзяляюць індывідуальнай рабоце на ўроку: іх вучні часта працуюць з карткамі, выконваюць дыферэнцыраваныя заданні і г.д.

Спецыфіка выкладання ў пачатковых класах яшчэ і ў тым, што для сваіх маленькіх вучняў настаўнік павінен быць і татам, і матуляй, і выхавальнікам, і “захавальнікам сакрэтаў”, і, галоўнае, самым аўтарытэтным чалавекам.

— Настаўнік пачатковых класаў павінен заўсёды быць у тонусе: адзін раз скажаш, што не глядзеў нейкі мульцік ці не чытаў кнігу, і згубіш свой статус блізкага да дзіцяці чалавека, — перакананы Валерый Тадэвушавіч. — А яшчэ мы з калегам, Паўлам Васільевічам, прыйшлі да высновы: трэба вучыць бацькоў не каменціраваць дзейнасць настаўнікаў дома. Бацькі нават не здагадваюцца, што маленькія “шпіёны” абавязкова здадуць самаму аўтарытэтнаму чалавеку, настаўніку, усе сямейныя тайны і неасцярожна сказаныя словы “па сакрэце”. І потым няёмка і непрыемна ўсім: і настаўніку, і бацькам.

Каверзнымі пытаннямі малыя ставяць у тупік нават вопытнага Валерыя Тадэвушавіча. Маладому калегу па нявопытнасці прыходзіцца яшчэ цяжэй: некаторыя дзіцячыя пытанні застаўляюць працаваць і фізікам, і хімікам, і географам адначасова. Напрыклад, на пытанне вучня “Што такое тэорыя адноснасці?” настаўніку прыйшлося правесці сапраўдны дослед з дапамогай падручных сродкаў.

Два першыя тыдні навучальнага года ўсе першакласнікі — ідэальныя дзеці. Пасля ў кожным пачынае праяўляцца характар і тыя станоўчыя і адмоўныя рысы, з якімі педагогам і давядзецца працаваць чатыры гады. Дарэчы, гендарная прыналежнасць настаўніка, як адзначаюць суразмоўцы, ніякай ролі ў пытанні дысцыпліны не іграе. Ёсць настаўніцы, у якіх вучні баяцца лішні раз паварухнуцца. Мае ж суразмоўцы бяруць іншым: аўтарытэтам і дабрынёй. Вучні Паўла Васільевіча ведаюць: калі настаўнік рэзка замаўкае, трэба шукаць парушальніка дысцыпліны. Адразу пачынаюць глядзець па баках, рабіць заўвагі: “Цішэй, настаўнік маўчыць, значыць, і ты павінен маўчаць!”. А вось вучні Валерыя Тадэвушавіча, калі той у рэдкім выпадку ўздумае павысіць голас, хутка яго раскусваюць: “Валерый Тадэвушавіч, чаго вы сварыцеся, мы ж усё роўна ведаем, што вы добры!”. Нягледзячы на гэта, педагог перакананы, настаўнік пачатковых класаў павінен браць дабрынёй, спагадай і любоўю да дзяцей. Інакш у пачатковай педагогіцы рабіць няма чаго.

— Майму калегу пашанцавала, што яму першапачаткова давялося працаваць з 1 класам. Куды цяжэй, калі клас ужо сфарміраваны, а настаўнік прыходзіць у гэты калектыў “новенькім”. Асабліва адчувальна для Паўла Васільевіча такая сітуацыя на заменах, калі чужы зладжаны дзіцячы калектыў раскусвае ўсе твае хітрыкі за першыя пяць хвілін, — заўважае калега маладога педагога.

Да розных па характарах вучняў у педагогаў выпрацаваны свае падыходы: ціхіх, спакойных і няўпэўненых у сабе настаўнікі лішні раз пашкадуюць, абдымуць, падбадзёраць. Шустрых і непаседлівых, каб тыя ўсведамлялі сваю значнасць, займаюць карыснай і адказнай дзейнасцю.

А вось у дачыненні да гаджэтаў у маладога і вопытнага настаўнікаў падыходы крыху розныя. Павел Васільевіч дазваляе прыносіць у школу мабільныя тэлефоны, але просіць пакідаць іх у рукзаках і карыстацца толькі на перапынках. Валерый Тадэвушавіч завёў спецыяльную скрыначку, у якую тэлефоны яго вучняў адпраўляюцца на час урокаў. Узяць можна толькі з дазвалення настаўніка пасля званка з апошняга ўрока. Настаўнік прызнаецца, што асабліва хітрыя вучні спрабуюць абысці забарону педагога: адзін тэлефон здаюць у імправізаваны сейф, а другім, запасным, карыстаюцца, пакуль не заўважыць настаўнік.

Напрыканцы размовы пытаюся, які наказ педагагічны тандэм мужчын-настаўнікаў дасць сваім вучням праз два гады, адпраўляючы іх з пачатковай школы.

— Адзінае пытанне, якое напрыканцы 4 класа хвалюе маіх вучняў, якія “там” настаўнікі. Падключаю псіхалогію: злых і дрэнных педагогаў не бывае, такімі іх робяць непаслухмяныя вучні. Трэба слухаць і вучыцца, і ўсе будуць адносіцца да вас з павагай і любоўю, — гаворыць Валерый Тадэвушавіч.

Павел Васільевіч, якому прыйдзецца ўпершыню выпускаць родны ўжо клас, сціпла прызнаецца: галоўнае, каб не забывалі.

***

Зайшоўшы на ўрокі сённяшніх герояў, я папрасіла некалькіх вучняў сфатаграфавацца разам з любімымі настаўнікамі. Выбеглі ўсе да адзінага. Дзеці туліліся да педагогаў, хацелі не столькі трапіць на фота, колькі апынуцца разам з любімым настаўнікам. Хіба гэта не самы шчыры доказ таго, што гэтыя педагогі ідуць у сваім прафесійным жыцці самым правільным з магчымых шляхоў?..

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.