Педагагічны калектыў гімназіі № 1 Навагрудка ў бягучым навучальным годзе папоўніўся выдатнікам адукацыі

- 11:02Новости

Педагагічны калектыў гімназіі № 1 Навагрудка ў бягучым навучальным годзе папоўніўся выдатнікам адукацыі. Настаўніца біялогіі Святлана Новік атрымала запаветны нагрудны знак Міністэрства адукацыі з рук начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслана Абрамчыка, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У кожнага педагога — свой шлях да такой высокай узнагароды за працу. Для Святланы Васільеўны гэты шлях пачаўся на факультэце прыродазнаўства Мінскага дзяржаўнага пед­інстытута імя А.М.Горкага (зараз БДПУ імя Максіма Танка). Атрымаўшы спецыяльнасць “Настаўнік геаграфіі і біялогіі”, юная настаўніца па размеркаванні прыехала працаваць у Навагрудскі раён — у сельскую васьмігодку ў Брольніках. Працавала настаўніцай геаграфіі, біялогіі і хіміі. Пасля кароткага дэкрэтнага водпуску ўладкавалася на работу ў дзіцячы сад, а калі ў 1986 годзе ў Навагрудку адкрылася сярэдняя школа № 6 (зараз гімназія № 1), стала выкладаць там біялогію. І вось без малога 40 гадоў як адзін дзень…

Мы гутарым з выдатнікам адукацыі ў кабінеце біялогіі, а яе руплівыя дзесяцікласнікі старанна занатоўваюць новыя веды ў сваіх канспектах. Настаўніца і вучні раз-пораз пераглядваюцца і пасміхаюцца. Адным словам, атма­сфера ў класе творчая.

— Як змяніліся навучэнцы за апошнія 10 гадоў? — задаю пытанне настаўніцы, якая вучыла дзяцей яшчэ тады, калі ў школах не было камп’ютараў і інтэрактыўных дошак.

— Дзеці не змяніліся, але змяніліся ўмовы для іх, — разважае настаўніца. — У дзяцей, якія вучыліся раней, не было столькі даступных крыніц інфармацыі. Раней навучэнцы рыхтавалі свае работы, шукаючы матэрыял у бібліятэцы. Зараз уся інфармацыя даступная для вывучэння, і гэта вялікі плюс. З іншага боку, раней дзецям было прасцей, чым сёння. Па-першае, праграмы для вывучэння былі лягчэйшымі. Па-другое, былі прасцей напісаны падручнікі. Праўда, зараз пайшла тэндэнцыя, што складаныя падручнікі спрашчаюць, аднак быў перыяд, калі падручнікі былі настолькі складанымі, што дзеці скардзіліся мне: “Не разумеем, што ў кнізе напісана”. А ў біялогіі шмат тэрміналогіі, якую неабходна запомніць.

Да таго ж раней з дзецьмі працаваць было лягчэй, прызнаецца Святлана Новік, бо яны былі больш назіральнымі і больш судакраналіся з прыродай, разумелі, як выглядаюць усе расліны, больш дапамагалі бацькам на прысядзібных участках. А сёння ёсць дзеці, якія не ведаюць, як расце тое, што яны ўжываюць у ежу. Гэта стала відавочным, калі ўвялі ЦТ па біялогіі. На тэсціраванні было пытанне па жыццёвай форме бульбы, і некаторыя з навучэнцаў, выбіраючы паміж травяністай раслінай, кустом і дрэвам, былі ўпэўнены, што бульба — гэта куст.

Святлана Васільеўна з асаблівым пачуццём расказвае пра любімых вучняў:

— Мая гордасць, пераможца рэспубліканскай алімпіяды Максім Валчок, пачаў сур’ёзна вывучаць біялогію з 8 класа. Зараз ён працуе хірургам-траўматолагам у Лідзе. На маю думку, чым раней дзіця пачынае глыбока выву­чаць прадмет, тым лепш. Зацікавіць біялогіяй сучасных дзяцей нескладана: галоўнае, каб яны адчулі смак першага поспеху ў вывучэнні прадмета. Тады ім захочацца дасягнуць большых вынікаў. Вельмі люблю працаваць з профільнымі класамі і зацікаўленымі дзецьмі, такімі, як мае адзінаццацікласнікі Павел Мантуш, Настасся Сусла і Данііл Горбач. Яны сур’ёзна вывучаюць біялогію і мараць аб прафесіі ўрача.

Святлана Васільеўна пераканана, што школа можа не проста даць трывалыя веды па біялогіі, але і выхаваць экалагічна дасведчанага чалавека. Пытанні здароўезберажэння і абароны ад хвароб дзеці пастаянна вывуча­юць на ўроках біялогіі. Акрамя таго, навучэнцы ведаюць, як сартаваць адходы, каб не забрудж­ваць навакольнае асяроддзе.

У выдатніка адукацыі гімназісты не маюць маральнага права вучыцца дрэнна. За апошнія 3 гады сярэдні бал па прадмеце ў навучэнцаў Святланы Васільеўны складае адпаведна 7,9; 8,1 і 8,7. Яе навучэнка Юлія Грышко на ЦТ па біялогіі атрымала 100-бальны вынік і зараз вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Дарэчы, у тым жа го­дзе аж 10 выпускнікоў Святланы Новік паступілі ва ўніверсітэты на медыцынскія спецыяльнасці. Вось гэта прафарыентацыя!

Навучэнцы Святланы Васільеўны — удзельнікі Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па біялогіі, творчых конкурсаў экалагічнай тэматыкі. Настаўніца кіруе работай гімназічнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў біялогіі, право­дзіць майстар-класы для калег з усяго раёна, дае змястоўныя адкрытыя ўрокі для маладых спецыялістаў. Таксама Святлана Новік кіруе аб’яднаннем па інта­рэсах “Юныя эколагі”, прымае
ўдзел ва ўпрыгожванні прышкольнай тэрыторыі, стварэнні клумб, малых архітэктурных форм.

У 2021 годзе ў гімназіі з’явіўся этнаграфічны музей ільну і побыту. Святлана Васільеўна сумесна з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры арганізавала яго работу. У рамках гімназічнай бізнес-кампаніі “Навагрудскія самаробкі” навучэнцы вырошчвалі расаду памідораў, якую потым рэалізоўвалі ў мікрараёне гімназіі.

Ідзе час. Падрастаюць дзеці. Шапацяць бярозы на двары першай навагрудскай гімназіі.

Прыродны, спрадвечны цыкл паўтарецца зноў і зноў.

Таму настаўніцы біялогіі выдатніку адукацыі Святлане Новік няма часу сядзець склаўшы рукі. На пытанне журналіста аб сакрэце педагагічнага поспеху Святлана Васільеўна адказвае проста: “Трэба працаваць”.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Вольгі ПІСАР