Як з сучаснага школьніка вырасціць інтэлектуала, які ўмее самастойна думаць і прымаць рашэнні, супастаўляць факты і рабіць высновы, лагічна разважаць.
Для стымулявання навучэнцаў на разумовую і пазнавальную актыўнасць стала шырока выкарыстоўваць метад праблемнага навучання. З усіх прыёмаў праблемнага навучання выбрала найбольш практычна прымянімыя на ўроках хіміі: праблемнае выкладанне матэрыялу і праблемную сітуацыю.
Праблемнае выкладанне матэрыялу магчыма на невялікай колькасці тэм. Напрыклад, гэты метад падыходзіць пры вывучэнні будовы бензолу. Добра зарэкамендаваў сябе пры вывучэнні закону захавання масы рэчыва і прызнання перыядычнага закону Мендзялеева. Сямікласнікі з цікавасцю сочаць за этапамі станаўлення закона захавання масы рэчыва: за памылкамі хіміка Бойля, адкрыццямі рускага навукоўца Ламаносава і эксперыментальнымі доследамі француза Лавуазье. Васьмікласнікаў дзівіць гісторыя прызнання перыядычнага закону: тое, што акадэмікі і прафесары Расіі спачатку паднялі на смех выказванні Мендзялеева, але потым закон быў усё ж прыняты сярод навукоўцаў.
Праблемная сітуацыя будуецца на немагчымасці растлумачыць факт з апорай на наяўныя веды. Яна можа мець выгляд зададзенага праблемнага пытання, дэманстрацыі доследу, матэрыялу з прэсы, мастацкай літаратуры ці асабістых назіранняў навучэнцаў.
Прыклады праблемных сітуацый
Сітуацыя нечаканасці. Перад вучнямі ставіцца пытанне: “Чаму атамы ўзаемадзейнічаюць паміж сабой з утварэннем хімічных злучэнняў?”.
Сітуацыя доказу той ці іншай пастаноўкі пытання. Напрыклад, усе кіслоты змяняюць колер індыкатару метыларанжу на чырвоны. Чаму?
Сітуацыя выбару. Навучэнцам прапануецца выбраць лепшы варыянт рашэння задачы. Напрыклад, якое ўгнаенне лепш выкарыстоўваць агародніку для падкормкі цыбулі — мачавіну або аміячную салетру?
Сітуацыя канфлікту (сутыкнення поглядаў). Гэтую сітуацыю я разыгрываю з дапамогай прыёму “Веру — не веру”, калі навучэнцам у пачатку ўрока па новай тэме трэба вызначыць, якое з меркаванняў дакладнае.
Сітуацыя неадпаведнасці. Напрыклад, задаецца пытанне: “Якая з формул складзена няправільна: Na3, OH2, Fe2O?”. Таксама для стварэння такой сітуацыі выкарыстоўваю прыёмы “Знайдзі памылку” і “Правільныя/няправільныя сцвярджэнні”.
Сітуацыя здагадкі, дапушчэння. Што будзе, калі паветраны шар напоўніць вадародам?
Сітуацыя выпрацоўкі рашэння. Напрыклад, як рашаць задачу, калі дадзена сумесь рэчываў? Або як зрушыць хімічную раўнавагу ў бок утварэння аміяку з азоту і вадароду?
У сваёй педагагічнай дзейнасці ствараю праблемныя сітуацыі, якія дапамагаюць вучню набываць новыя веды ў працэсе пазнавальнага пошуку. Праблемнае пытанне павінна папярэднічаць тлумачэнню вучэбнага матэрыялу, аднак яно ўдала рэалізуецца і на этапе засваення, замацавання ведаў. Праблемную сітуацыю на ўроку можна ставіць і вырашаць з дапамогай слоўных (дыскусія), наглядных (дэманстрацыя вопыту) і практычны метадаў (лабараторная і практычная работы).
Праблемныя сітуацыі на арганізацыйна-матывацыйным этапе ўрока
7 клас. Тэма “Хімічныя ўласцівасці вады”. Вы ведаеце, што вада выкарыстоўваецца для тушэння пажараў. Ці можна скарыстацца вадой для тушэння пажару на складзе, дзе захоўваецца метал натрый?
8 клас. Тэма “Масавая доля рэчыва ў растворы”. У нас ёсць 2 растворы. У адным 250 г вады і 50 г цукру, а ў другім 60 г вады і 10 г цукру. Як, не каштуючы растворы на смак, вызначыць, які з іх саладзейшы?
9 клас. Тэма “Мінеральныя ўгнаенні”. Позняй восенню фермер вырашыў вапнаваць участкі з кіслай глебай і правесці падкормку суперфасфатам, але вясной аказалася, што жаданы эфект не быў дасягнуты. Чаму?
10 клас. Тэма “Спірты”. Чаму першыя прадстаўнікі вуглевадародаў з’яўляюцца газамі, а першыя прадстаўнікі спіртоў — вадкасці?
11 клас. Тэма “Алюміній і яго злучэнні”. Пытанне перад дэманстрацыйным доследам: “Ці ўплывае паслядоўнасць змешвання рэчываў на прадукт рэакцыі?”
Праблемныя сітуацыі на кантрольна-аперацыйным этапе ўрока
7 клас. Тэма “Вадарод”. Выкарыстоўваю гісторыю, якая адбылася з французскім хімікам, дырэктарам Парыжскага музея навукі Пілатрам дэ Разье. Неяк ён вырашыў праверыць, што будзе, калі ўдыхнуць вадарод. Да яго ніхто такога эксперыменту не праводзіў. Не заўважыўшы ніякага эфекту, вучоны вырашыў пераканацца, ці пранік вадарод у лёгкія? Ён яшчэ раз глыбока ўдыхнуў гэты газ, а затым выдыхнуў яго на агонь свечкі, чакаючы ўбачыць выбліск полымя. Аднак вадарод у лёгкіх эксперыментатара змяшаўся з паветрам і адбыўся моцны выбух.
“Я думаў, што ў мяне вылецелі ўсе зубы разам з каранямі”, — так Разье характарызаваў выпрабаваныя адчуванні.
Эксперымент ледзь не каштаваў яму жыцця. Пытаюся ў навучэнцаў: “Чаму ж адбыўся выбух?”
8 клас. Тэма “Кавалентная сувязь”. Вывучыўшы алгарытм складання электроннай схемы ўтварэння кавалентнай сувязі, пытаюся: “У якой з малекул — Cl2, O2 ці N2 — сувязь больш трывалая? Дайце тлумачэнне”.
9 клас. Тэма “Аксіды вугляроду”. Выкарыстоўваю гістарычны факт. Ва ўсходняй частцы буйнога вулканічнага раёна, размешчанага на захад ад Неапаля, знаходзіцца невялікая пячора. У XVIII—XIX стагоддзях яна ператварылася ў папулярны атракцыён, які ладзілі мясцовыя гіды для багатых турыстаў. Для гэтага яны бралі з сабой сабаку. Пасля некалькіх мінут знаходжання ў пячоры жывёла страчвала прытомнасць. З людзьмі пры гэтым нічога не адбывалася. Чаму?
10 клас. Тэма “Хімічныя ўласцівасці глюкозы”. Як распазнаць растворы гліцэрыны і глюкозы?
11 клас. Тэма “Хімічная раўнавага”. Як зрушыць раўнавагу ў бок утварэння аміяку з сумесі вадароду і азоту?
Плюсы і мінусы
Мадэрнізацыя працэсу навучання няўхільна прыводзіць кожнага настаўніка да разумення таго, што неабходна шукаць такія педагагічныя метады і прыёмы, якія б змаглі зацікавіць навучэнцаў і матываваць іх на вывучэнне прадмета. Пазнавальныя здольнасці фарміруюцца і развіваюцца ў працэсе вучэбнай дзейнасці. Калі дзіця не проста слухач, а актыўны ўдзельнік і здабывае веды ўласнай працай — гэтыя веды больш трывалыя.
Праблемнае навучанне дазваляе сфарміраваць у дзяцей інтэлектуальныя ўменні: успрыманне аб’ектаў, назіранне, аналіз, класіфікацыя, доказ. А таксама творчыя ўменні: бачыць праблемы, ставіць пытанні, шукаць рашэнні. Акрамя гэтага, выкарыстоўваючы праблемны метад навучання, настаўнік паспяхова рэалізуе асобасна арыентаваны і кампетэнтнасны падыходы ў адукацыі.
У праблемнага навучання ёсць і слабыя бакі. Па-першае, пры пастаноўцы праблемы на ўроку не заўсёды ёсць месца сітуацыі поспеху, нехта змог здагадацца і вырашыць праблему, а нехта — не. Таму неабходна чаргаваць калектыўнае вырашэнне праблемы з індывідуальным. Для некаторых вучняў выбраць з пераліку формулы аксідаў — ужо поспех. Па-другое, захапляцца метадам праблемнага навучання нельга. Хімія — навука практычная і патрабуе вялікага часу для метаду практыкаванняў. Аднак, нягледзячы на недахопы, рэкамендую выкарыстоўваць гэты метад як дасведчаным настаўнікам, так і маладым спецыялістам.
Кацярына РОДЗЬКІНА,
настаўніца хіміі сярэдняй школы № 1 Клімавіч