Педагагічны вопыт Вольгі Жыгун садзейнічае папулярызацыі і зберажэнню нацыянальнай культуры

- 15:1680 лет вместе

28 гадоў назад Вольга Жыгун ззяла на першай паласе “Настаўніцкай газеты”. Настаўніца музыкі — выдатнік адукацыі Беларусі, выбітны спецыяліст, які ўмее распазнаць талент у кожным дзіцяці. Вольга Юр’еўна выкладае ў трох сельскіх школах Рагачоўскага раёна. Яе запалу можна толькі пазайздросціць! Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Жанчына-легенда

На старонках “Настаўніцкай газеты” Вольга Жыгун не раз станавілася і героем, і аўтарам публікацый. У першым выпадку ў матэрыяле ад 29 лютага 1992 года “Прыйшлі такія “малыя” і адразу заявілі аб сабе” пад аўтарствам інспектараў упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Г.Шаўцовай, В.Осіпава адзначаўся паспяховы ўдзел у конкурсе сярод музычных кіраўнікоў дашкольных устаноў рэспуб­лікі — Вольга Юр’еўна стала пераможцай. У артыкуле адзначаецца: “Удзельнікам было прыемна пазнаёміцца паміж сабой, пагутарыць з членамі журы, а нам яшчэ раз пераканацца ў тым, што ўсе ўдзельнікі конкурсу лю­дзі цікавыя, неардынарныя. Гэтым творцам не трэба баяцца перамен, дзе б яны ні працавалі”.

У пятнічным нумары ад 3 кастрычніка 1997 года Вольга Юр’еўна паўстала на першай паласе разам з калегамі — фіналістамі рэспубліканскага конкурсу. Аўтар падкрэс­лівала прафесіяналізм настаўнікаў, адзначала асаблівасці правядзення ў канцы верасня ў Мінску фіналу IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Крыштальны журавель”. На здымку застылі прыгожыя фіналісты прэстыжнага конкурсу, якіх вітае на той момант міністр адукацыі Беларусі Васіль Стражаў. Вольга Юр’еўна — у цэнтры здымка ў беласнежным касцюме, яе можна пазнаць па кучаравых валасах, якія надаюць педагогу адмысловы шарм і магнетызм. А яшчэ на адным здымку красуецца крыштальны журавель, які ўручалі ўсім фіналістам. Гэтая статуэтка беражліва захоўваецца ў педагога.

У кастрычніку 1998 года на старонках рэспубліканскага профільнага выдання настаўніца падзялілася вопытам, расказаўшы, як маленькія вучні вучацца любіць музыку, задумвалася пра метапрадметныя сувязі вучэбнай дысцыпліны.

Настолькі ўнікальны і трапяткі момант: гартаць газету 28- і 33-гадовай даўнасці, беражліва трымаць у руках жураўля і асабіста пазнаёміцца з гераіняй, пра якую згадвалі калегі, скрозь прызму часу пагаварыць пра педагогіку, жыццё і жаночае шчасце.

— Свой удзел у конкурсе добра памятаю: узяла з сабой мужа, які выкладаў працоўнае навучанне і дапрызыўную падрыхтоўку ў сярэдняй школе № 6 Рагачова, малодшую дачку, якая падчас прэзентацыі ўключала магнітафон. Мая сям’я — тады і зараз — самая лепшая група падтрымкі, — з газетай у руках шчыра прамаўляе Вольга Жыгун. — На конкурсе праводзіла ўрок у незнаёмым класе: сямікласнікі слухалі, спазнавалі нешта новае з вялікім задавальненнем. Дарэчы, урок давала па аўтарскай праграме, зацверджанай Міністэрствам адукацыі ў 1994 годзе.

Пазней гераіня стала дэлегатам І з’езда настаўнікаў Беларусі, прымала ўдзел у рэцэнзійнай камісіі падручніка па музыцы, будучы саіскальнікам кафедры этыкі і эстэтыкі Нацыянальнага інстытута адукацыі Беларусі, атрымала прэмію са сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспуб­лікі Беларусь за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў.

Вольга Юр’еўна — фанат сваёй справы, знайшла сябе і ў педагогіцы, і ў творчасці. Яна нястомна зараджае сваіх выхаванцаў пазітывам, любоўю да якаснай музыкі і ўпэўненасцю ў тым, што працавітаму чалавеку ўсе дзверы адчынены. Яна право­дзіць урокі музыкі ў пачатковых класах у Старасельскай сярэдняй школе, Запольскай базавай школе, мастацтва (гісторыю айчыннай і сусветнай мастацкай культуры ў 5—9 класах) — у Забалоцкай базавай школе, а таксама запрашае школьнікаў у аб’яднанне па інтарэсах. Дзеці з задавальненнем прыходзяць займацца вакалам. Прычым не толькі трэцякласнікі, але і хлопцы 6—8 класаў.

— Сваіх вучняў я люблю і лічу, што неталенавітых дзяцей няма! — падкрэслівае педагог. — Кожны, хто да мяне прыхо­дзіць на гурток, спачатку “гудзіць”, не трапляе ў ноты, але з часам ва ўсіх атрымліваецца доб­ра спяваць.

Не на словах, а на справе пераконваюся, што хлопцы-васьмікласнікі сапраўды спяшаюцца на заняткі да Вольгі Юр’еўны і вось што кажуць: “Мне часам здаецца, што прыйшоў не да настаўніцы, а да роднага чалавека”, “Вольга Юр’еўна — аўтарытэт для многіх з нас”.

— З дзецьмі працаваць складана, але вельмі цікава, — працягвае суразмоўніца. — Яны класныя — разумныя і таленавітыя. Мне часам здаецца, што працую яшчэ і псіхолагам, калі прашу няўседлівых хлопцаў адкласці гаджэты ўбок. Ведаю, што ў іх часам бываюць дрэнныя школьныя паводзіны, але ў мяне яны ўсе — любімыя, творчыя дзеці. А як хораша яны спяваюць беларускія народныя ці ваенныя песні, гэта трэба чуць! А ўсё таму, што пераношу сваё асабістае адчуванне гісторыі на выкладанне прадмета: спачатку расказваю ім пра ваенны час, згадваем гістарычныя звесткі і толькі потым, калі прааналізавалі, адчулі боль землякоў, пачынаем разбіраць тэкст, спрабуем спяваць, як я кажу, душой. Сваіх вучняў заклікаю ніколі не забывацца пра працаві- тасць, шчырасць, мужнасць людзей Беларусі. Я вырасла патрыётам і ўдзячная сваёй краіне за ўсё, што ў мяне ёсць. Гэтыя прынцыпы стараюся прывіваць моладзі.

Як часта можна пачуць размовы на тэму “Моладзь сёння не тая!”. Маладое пакаленне заўсёды падвяргалася крытыцы з боку старэйшага. Але ці такая страшная мо­ладзь, як яе малююць? Напрыклад, сваіх выхаванцаў Вольга Юр’еўна не крытыкуе, а, наадварот, падтрымлівае іх у памкненнях і дасягненнях, бачыць смелыя ідэі і ўспрымае іх на ўра, дапамагае з любым творчым выступленнем.

— На Дзень настаўніка падрыхтавалі феерычны канцэрт, і ў момант, калі музычны пройгрыш стаў больш лірычным, мае выхаванцы запрасілі настаўніц на вальс, — узгадвае цікавую гісторыю суразмоўніца. — Прызнацца, хлопцы не ўмелі танцаваць, але і гэты недахоп мы з лёгкасцю загадзя выправілі. Як прыемна было калегам, эфект нечаканасці атрымаўся.

Музыка па цвёрдым рашэнні

Вольга Жыгун — з сям’і вайскоўцаў і медыкаў, таму яна рыхтавалася паступаць у Ленінградскі медыцынскі інстытут, які скончыла маці. Але ж увесь час вучылася ў музычнай школе, потым займалася харэаграфіяй. І калі ў 10 класе паехала на дзень адкрытых дзвярэй у медінстытут, то канчаткова вызначылася з будучай прафесіяй і што яна не ­будзе звязана з медыцынай.

— Вырашыла стаць музыкантам. У сям’і быў шок, але мой выбар прынялі, — узгадвае настаўніца. — Дарэчы, па маім шляху пайшлі трое маіх дзяцей: усе атрымалі вышэйшую музычна-педагагічную адукацыю. Прызнацца, не ўяўляю, што калісьці пакіну адну з трох школ, нават у адпачынку мне сумна, летам мяне можна знайсці ў класе за фартэпіяна. А дзеці, мае сонейкі, прыхо­дзяць да мяне і пасля заняткаў, і на канікулах.

Зарадка для нейронаў

У канцы нашай гутаркі суразмоўніца навяла на вельмі важную думку: наколькі музыка наогул спрыяе развіццю кожнага дзіцяці. Бо яна дазваляе правільна ды­хаць — рабіць кароткі ўдых і вельмі павольны выдых. Чым больш CO2 застаецца ў арганізме, тым лепш працуюць усе сістэмы ў ім. Музыка спрыяе расслабленню і паляпшэнню настрою, выхоўвае маральна-­эстэтычныя якасці, развівае матэматычныя здольнасці, камунікатыўныя навыкі. Чалавек, у якога ёсць вопыт музычных заняткаў, лепш разумее іншых людзей, ён больш гнуткі, здольны ўбачыць сітуацыю вачамі іншага. Спевы ў хоры, ансамблі вучаць чуць і слухаць іншых, а не толькі сябе. І гэтыя ўменні, гэтак жа як і здольнасці, якія набываюць тыя, хто займаецца музыкай, могуць аказацца незаменнай дапамогай, напрыклад, у кар’еры палітыка ці дыпламата.

Дзеці, якія спяваюць, лепш гавораць і пішуць, лягчэй запамінаюць замежныя словы, хутчэй засвойваюць граматыку. Таму ўласныя прыёмы выкладання музыкі педагог скампанавала ў дыдактычных гульнях. Самая любімая — вызначэнне ладу, тэмпу, рытму, настрою кампазіцыі. Дзеці інтуітыўна адчуваюць музыку, і гэтая расшыфроўка для іх самая цікавая гульня. Падборку дыдактычных гульняў можна знайсці ў электронным дадатку LearningApps, імі можна скарыстацца ў адзін клік.

Дарэчы, настаўніца шчыра дзеліцца вопытам не толькі з калегамі рэгіёна, вобласці, рэспублікі, удзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях, мае больш за 41 публікацыю ў навуковых выданнях, яе практычнай дзейнасцю цікавяцца спецыя­лісты Расіі, ЗША, Англіі, Аўстраліі і іншых краін. Методыка цікавая, бо садзейнічае папулярызацыі і зберажэнню нацыянальнай культуры. Акрамя таго, Вольга Юр’еўна праводзіць сустрэчы, чытае лекцыі ў ГАІРА для калег Гомельшчыны.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара