Педагагічныя практыкі

- 10:12Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

12 самых паспяховых адукацыйных праектаў прадэманстравалі на раённай канферэнцыі ў Полацку.

Жнівеньскі педсавет даў адлік новаму навучальнаму году, падведзены вынікі, вызначаны стратэгічныя напрамкі развіцця адукацыі Полаччыны.

Агульную цікавасць выклікалі фотазоны, сярод якіх і прысвечаная сяброўству з “Настаўніцкай газетай”.

А старт абмену вопытам і меркаваннямі быў дадзены раней, 15 жніўня, — відэачэленджам у сацыяльнай сетцы Instagram і на YouTube-канале ўпраўлення па адукацыі райвыканкама, дзе ўсе ўстановы адукацыі падзяліліся сваімі лепшымі здабыткамі за мінулы навучальны год. Завяршылася змястоўная і падзейная жнівеньская эстафета якраз на канферэнцыі. У ходзе яе была разгорнута выстава-панарама педагагічных практык “Ад праекта — да выніку”, на якой прадэманстравана 12 маштабных самых паспяховых праектаў, рэалізаваных у сістэме адукацыі раёна. 

Сярод запрошаных у зале прысутнічалі маладыя спецыялісты і ветэраны педагагічнай працы, прафсаюзныя лідары, педагагічныя работнікі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Афіцыйную частку канферэнцыі адкрыў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч. Ён падкрэсліў, што школы раёна гатовы да пачатку навучальнага года, а на педагогах ляжыць асаблівая адказнасць — не толькі вучыць, але і выхоўваць дзяцей, гадаваць патрыётаў сваёй краіны. 

Традыцыйна на раённай канферэнцыі заслужаныя ўзнагароды атрымалі лепшыя педагагічныя работнікі: ім былі ўручаны пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, граматы Міністэрства адукацыі, падзякі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, ганаровыя граматы, граматы і падзякі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, упраўлення па адукацыі райвыканкама. Пяцьдзясят педагогаў урачыста ўзнагароджаны ганаровым знакам “За прафесійныя дасягненні ў 2021/2022 навучальным годзе” ў сямі намінацыях: “Даступнасць і якасць дашкольнай адукацыі”, “Якасць агульнай сярэдняй адукацыі”, “Якасць метадычнай работы”, “Творчасць і прафесіяналізм у выхаваўчай рабоце”, “Дадатковая адукацыя”, “Сацыяльная адаптацыя і абарона дзяцінства”, “Прафесійны саюз”. Творчымі падарункамі для ўсіх прысутных сталі выступленні маладых спецыялістаў і самых юных удзельнікаў канферэнцыі, будучых першакласнікаў. 

Наталля СЛЯПЦОВА,
загадчык вучэбна-метадычнага аддзела Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Фота аўтара.