Педагог — аб выніку ЦЭ свайго вучня: «100 балаў — заслужаная перамога, да якой прывялі праца і ўпартасць»

- 10:04Актуально, Образование

Што гаворыць аб цэнтралізаваным экзамене педагагічная грамадскасць і як ацэньвае вынікі першага ЦЭ, даведаліся карэспандэнты «Настаўніцкай газеты».

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юрацішкаўскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці Нона Сілюк:

— Цэнтралізаваны экзамен — новы іспыт і для сёлетніх 11-класнікаў, і для нас, настаўнікаў. І мы яго вытрымалі! Лічу, што 11-класнікі нашай школы былі падрыхтаваны да экзамену па беларускай мове. Гэтаму спрыялі і ўрокі, і факультатыўныя заняткі, і ўдзел у РТ. Я пераконвала сваіх вучняў у тым, што поспех немагчымы без пастаяннай плённай працы. Тым больш, што тэставыя заданні цалкам адпавядалі школьнай праграме базавага ўзроўню па вучэбным прадмеце. Вынікі маіх вучняў мяне задавальняюць, бо кожны з іх пацвердзіў і нават павысіў сваю гадавую адзнаку.

А вышэйшы бал набраў Арцём Панцялеенка. Гэта мяне вельмі ўзрадавала, але ніколькі не здзівіла. Арцём адказны, старанны, мэтанакіраваны, з 5-ы па 11-ы клас штогод удзельнічаў у алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

Сёлета ў яго быў дыплом ІІІ ступені на абласным этапе. Арцём меў права не здаваць ЦЭ па беларускай мове, аднак ён марыць быць доктарам і вырашыў прайсці гэтае выпрабаванне. Яго 100 балаў — заслужаная перамога, да якой прывялі праца і ўпартасць.

***

Дырэктар Азярэцкай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Людміла Лукашэвіч:

— 8 выпускнікоў нашага агракласа ў якасці першага ЦЭ здавалі беларускую мову. Сваімі баламі засталіся задаволены, у сярэднім яны пацвердзілі гадавыя адзнакі. Вядома, хваляванне было і ў дзяцей, і ў нас, педагогаў. Але ў выніку напісалі нават лепш, чым чакалі.

Яна дадала, што настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Шырынава прыклала нямала намаганняў для падрыхтоўкі сваіх вучняў да экзамену.

— Праводзіліся факультатывы, а таксама дадатковыя заняткі па суботах. Усе нашы 11-класнікі ўдзельнічалі ў рэпетыцыйным тэсціраванні, каб ацаніць свае веды, паглядзець, дзе ёсць недахопы, і падвучыць тую ці іншую тэму. Вынікі апраўдалі сябе, — падсумавала Л. Лукашэвіч.

Наталля КАЛЯДЗІЧ, Юлія НІКАНДРАВА
Фота з архіваў педагога і дырэктара