Дзяніс Кустаў, педагог-арганізатар Краснапольскай раённай дзяржаўнай гімназіі, што на Магілёўшчыне, нядаўна атрымаў званне “Лепшы грамадскі эколаг Беларусі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты“.
”У многіх краінах свету 22 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень водных рэсурсаў, або Сусветны дзень вады. І для нашага раёна гэты дзень не стаў выключэннем. Мы пастараліся прыцягнуць увагу да існуючых экалагічных праблем — стану водных аб’ектаў і ў цэлым нагадалі пра важнасць вады і беражлівае яе выкарыстанне. І канечне, навялі парадак на беразе гарадскога вадасховішча”, — гаворыць Дзяніс Кустаў.
Усё сабранае смецце валанцёры сартуюць. А каб звярнуць увагу прахожых на праблему смецця, якое ўпарта працягвае з’яўляцца, да кожнага пакета са смеццем эколагі прымацавалі выказванні людзей, якія па-хамску ставяцца да прыроды. На вялікіх чорных пакетах красуюцца надпісы: “А гэта не я!”, “ЖКГ усё прыбярэ”, “Я толькі трошкі”, “Само знікне!”, “Снег схавае гэта!”, “Я плачу за смецце” і іншыя. Павучальную місію гімназісты працягваюць у інтэрнэце.
Па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” з навучэнцамі пачатковых і сярэдніх класаў экаваланцёры па суботах праводзяць экалагічныя батлы, інфакіёскі, інфадайджэсты, фотаконкурсы, конкурсы відэаролікаў, выступленні агітбрыгад, адкрытыя дыялогі з запрашэннем зацікаўленых службаў раёна і інш. Усе свае мерапрыемствы іх ініцыятары шырока асвятляюць у СМІ і сацыяльных сетках.
Акрамя таго, на працягу 3 гадоў гімназісты прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку “Наш агульны дом”. Вынік — абласныя дыпломы ІІІ, ІІ і І ступені.
“Гэтай вясной мы будзем узаемадзейнічаць з цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі Краснапольскага раёна, які бярэ пробы вады, бо мы рэгулюем працэс кантролю стану якасці вады ў раёне. Сумесна з Краснапольскім РАНС наведваем пажаранебяспечныя ўчасткі, каб ведаць, дзе можа загінуць расліннасць або жывёлы”, — дзеліцца планамі Дзяніс Кустаў.
Колькасць валанцёраў у гімназіі пастаянна павялічваецца. Сакрэт актыўнага ўдзелу дзяцей у гэтым напрамку ў педагога просты: “Я заўсёды імкнуся быць прыкладам для іх, зараджаю іх сваёй энергіяй тварыць добрыя справы на карысць абароны прыроды”.
Навучыць сучаснага чалавека думаць не толькі пра сябе, але і пра навакольны свет нялёгка. Ахова і абарона прыроды дазваляюць адчуць сваю значнасць, здольнасць рабіць важныя, карысныя справы, бачыць вынікі сваёй дзейнасці, ствараць прыгожае.
Асаблівае месца ў дзейнасці юных эколагаў займае інфармацыйна-тлумачальная работа ў месцах масавага збору людзей: гарадская плошча, рынак, буйныя гандлёвыя аб’екты, работа ў інтэрнэт-прасторы. Валанцёры распрацоўваюць і раздаюць тэматычныя буклеты і памяткі з заклікам да краснапольцаў не наносіць шкоды прыродзе роднага краю, не знішчаць першацветы, не бурыць мурашнікі, не кідаць у лесе смецце і інш.
Некаторыя экалагічныя мерапрыемствы ў гімназіі ўжо сталі традыцыйнымі. У прыватнасці, па пасадцы лесу. У календары добрых спраў юных эколагаў ёсць і тэматычныя даты, якім яны стараюцца надаць новае гучанне. Напрыклад, 22 верасня (у Сусветны дзень без аўтамабіля) гімназісты заклікаюць уладальнікаў транспартных сродкаў адмовіцца ад паездак на сваіх аўтамабілях і скарыстацца веласіпедамі, якія прыпаркаваны на тэрыторыі гімназіі.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва ўстановы