Скончыўшы Камунараўскую сярэднюю школу Буда-Кашалёўскага раёна, асвоіўшы дзве замежныя мовы ў ГДУ імя Ф.Скарыны і адслужыўшы год у спецназе ўнутраных войск МУС, Дзмітрый Барысевіч вярнуўся ў родную сельскую школу, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У свае 23 гады Дзмітрый Міхайлавіч працуе настаўнікам замежнай мовы, а таксама кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. А яшчэ кіруе ваенна-патрыятычным клубам “Рубеж” і танцавальным калектывам Dance Direction.
З выбарам справы жыцця вызначыўся не адразу. Калі пасля 8—9 класа прыйшоў час задумацца аб прафесіі, юнак бачыў сябе інжынерам-тэхнолагам і ўпарта змагаўся з формуламі-задачамі па матэматыцы і фізіцы. Але як ні стараўся руплівы школьнік, адолець вышэй чым на 7—8 балаў дакладныя навукі не змог. Тады ў сярэдзіне выпускнога класа малады чалавек вырашыў прыслухацца да парады бацькі (дырэктара Камунараўскай школы М.М.Барысевіча. — Заўвага аўтара.) і падналёг на нямецкую мову, каб паступаць на факультэт замежных моў ГДУ імя Ф.Скарыны. За чатыры месяцы юнак выдатна яе падцягнуў і здаў ЦТ па профільным прадмеце на 80 балаў.
— Прызнацца, гуманітарныя прадметы мне заўсёды даваліся лягчэй, хоць і па астатніх я таксама вучыўся нядрэнна. Сярэдні бал атэстата ў мяне быў 8,7, — дзеліцца ўспамінамі пра школьныя гады Дзмітрый Барысевіч. — Зрэшты, вучыцца дрэнна я не мог, бо з боку аднакласнікаў і педагогаў да мяне, дырэктарскага сына, была павышаная ўвага. Пастаянна трэба было дэманстраваць аднагодкам ля дошкі, што добрыя адзнакі я атрымліваю заслужана, таму рыхтаваўся да ўрокаў як след.
У вольны час амаль на працягу ўсёй вучобы Дзмітрый займаўся сучаснай харэаграфіяй у школьным гуртку, актыўна праяўляў сябе ў грамадскім жыцці: удзельнічаў у розных мерапрыемствах і конкурсах, спрабаваў сябе ў ролі вядучага. А яшчэ захапляўся валейболам і пісаў вершы. Словам, выкарыстаў усе магчымасці для самарэалізацыі і ўсебаковага развіцця.
Чытайце матэрыял Марыны КУНЯЎСКАЙ у нумары ад 24 лютага 2023 года.