Педагог і школьнік удастоены высокага звання «Чалавек года горада Гродна»

- 14:30Новости

У мінулыя выхадныя Гродна святкаваў 895-годдзе. Па традыцыі ва ўрачыстай атмасферы тут ушаноўвалі тых, хто ўнёс асаблівы ўклад у развіццё абласнога цэнтра. Настаўніца працоўнага навучання гімназіі № 10 імя Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Марыя Цісевіч і навучэнец гарадской гімназіі імя А.І. Дубко Кірыл Батурын удастоены звання «Чалавек года горада Гродна», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Дзякуючы працы і намаганням кожнага з іх пра Гродна ведаюць далёка за яго межамі. Так, Марыя Цісевіч услаўляе Прынёманскі край праз перамогі ў конкурсах. На працягу некалькіх гадоў навучэнцы Марыі Аляксандраўны не толькі актыўна, але і вынікова прымаюць удзел у конкурсах міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Двойчы тэатр моды «Папараць-кветка» пад яе кіраўніцтвам быў удастоены дыплома першай ступені ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці «Добры дзень, свет!». У ліпені 2023-га ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску» тэатр моды ўдзельнічаў у нацыянальным фестывалі-конкурсе «Агонь маладзёжных талентаў». І тут ён быў адзначаны высокай узнагародай — дыпломам першай ступені ў намінацыі «Агонь унікальнасці».

— Наш тэатр моды існуе з 2018-га, і работу ў ім старалася не спыняць, нават калі ішла ў дэкрэтны водпуск, — расказала М. Цісевіч. — Мінулы навучальны год для нас стаў паспяховым. Шмат у чым дзякуючы перамогам і дасягненням апынулася на сцэне абласной філармоніі як «Чалавек горада Гродна» (у намінацыі «Адукацыя, навука». — Заўвага аўтара.). Як і многія з тых, хто стаяў на сцэне побач са мной, не лічу гэты поспех толькі сваім. На рэалізацыю новых ідэй мяне натхняюць мае вучні. Важна, што ўсе нашы планы заўсёды падтрымлівае і дапамагае ўвасабляць у жыццё кіраўніцтва гімназіі.

На фота злева направа: настаўнік хіміі Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І. Дубко Віталь Стаціна, начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык, Кірыл Батурын з мамай Вольгай Васільеўнай, дырэктар гімназіі Юлія Анісімава

Навучэнец Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І. Дубко Кірыл Батурын удастоены звання «Чалавек года горада Гродна» ў намінацыі «Грамадска-палітычная дзейнасць, моладзь».

Мінулым летам малады чалавек стаў прызёрам I Міжнароднай алімпіяды па хіміі імя Абу Райхана аль-Біруні сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных школ, акадэмічных ліцэяў, гімназій і прафесійных вучылішчаў, якая праходзіла ва Узбекістане. Удзельнічалі ў ёй юныя таленты з 16 краін. Разам з Кірылам Беларусь прадстаўлялі чатыры школьнікі, якія сталі прызёрамі рэспубліканскай алімпіяды па хіміі.

Адзінаццацікласнік адзначае, што сваім поспехам у алімпіядным руху абавязаны настаўніку Віталю Стаціну. Менавіта гэты педагог Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І. Дубко захапіў маладога чалавека хіміяй яшчэ ў восьмым класе. А ўжо ў дзявятым Кірыл стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце, дзякуючы чаму яго рэкамендавалі да ўдзелу ў міжнародным спаборніцтве.

Са слоў Кірыла, шлях да перамог у алімпіядным руху заўсёды ляжыць праз вялікую працу. І вельмі важна на гэтым шляху, каб побач былі людзі, якія ў цябе вераць. Для маладога чалавека такімі сталі блізкія і настаўнік, які накіроўваў яго і падтрымліваў.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота з уласнага архіва герояў публікацыі