Педагог Леанід Жыцянёў разам са сваімі гурткоўцамі праводзіць паспяховую селекцыйную работу

- 9:00Главная, Образование

Ні адна ўстанова адукацыі краіны не мае такой вялікай калекцыі насення, якую сабраў разам з вучнямі Леанід Жыцянёў. Аднак гэта далёка не ўсе дасягненні педагога дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці ў Целяханах Івацэвіцкага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З аграномаў у педагогі

Леанід Аляксеевіч захапіўся светам раслін яшчэ ў дзяцінс­тве. Разам з бацькам, які хварэў і меў інваліднасць, маленькі Лёня ўвесь час шчыраваў на агаро­дзе. У выніку яшчэ ў пятым класе ў яго з’явілася мара стаць аграномам. Усе кішэнныя грошы ён траціў на кніжкі па аграноміі, біялогіі, сабраў уласную бібліятэку. Больш за тое, адважыўся ў старшых класах весці перапіску з навуковымі інстытутамі СССР, якія займаліся раслінаводствам і селекцыяй. Пасля заканчэння Целяханскай сярэдняй школы ў 1979 годзе паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Па размеркаванні малады спецыяліст вярнуўся на малую радзіму, пяць гадоў працаваў аграномам у калгасе.

— Мне хацелася эксперыментаваць, аднак пасля працоўнага дня, праведзенага на палетках, сіл і магчымасцей зусім не заставалася. Гэта падштурхнула мяне задумацца аб пераменах. Так я апынуўся ў Цэнтры дзіцячай творчасці. Спачатку адчуваў сябе тут іншапланецянінам, — з усмешкай успамінае Леанід Аляксеевіч.

Гэта не перашкодзіла яму стварыць свой сусвет, разгарнуць насычаную, а галоўнае — выніковую дзейнасць з дзецьмі. Ужо тады, 34 гады назад, Леанід Жыцянёў паставіў перад сабой задачу арганізаваць работу так, каб школьнікам было цікава, каб іх сумесная дзейнасць была прадукцыйнай.

Пачыналася ўсё з аднаго гуртка па інтарэсах — “Раслінаводства”, а зараз Леанід Аляксеевіч право­дзіць заняткі адразу ў чатырох. Увесь матэрыял выхаванцы ра­зам з Леанідам Аляксеевічам вырош­чваюць на вучэбна-доследным участку, які знаходзіцца каля цэнтра. На палове гектара знайшлося месца сотням гатункаў розных раслін: тут больш за 50 відаў цюльпанаў, 65 відаў касачоў, 36 — лілейнікаў… Шмат экзатычных раслін, дэкаратыўных злакаў, іглічных… Тут праходзяць практычныя заняткі, падчас якіх вучні знаёмяцца з асновамі экалагічнага земляробства, агратэхнікай, атрымліваюць інфармацыю па раслінаводстве, селекцыі, генетыцы.

У 1994 годзе педагог арганізаваў навуковае аб’яднанне па інтарэсах “Колас”. Галоўным аб’ектам даследавання юных натуралістаў сталі збожжавыя культуры. Дзейнасць — разнастайная, у асноўным скіравана на стварэнне новых гібрыдаў ячменю і пшаніцы, экалагічныя выпрабаванні дзікіх гатункаў, захоўванне генафонду культурных гатункаў і не толькі. За час існавання аб’яднання яго выпускнікамі сталі больш за 200 навучэнцаў. Некаторыя з іх скончылі або вучацца ў сельскагаспадарчых, педагагічных УВА, дзе выбралі біялагічны профіль. Іншыя працягваюць навуковую дзейнасць у Навукова-практычным цэнтры па земляробстве НАН Беларусі, Цэнтральным батанічным садзе, Палескім аграрна-экалагічным інстытуце НАН Беларусі.

— Калі мае гурткоўцы становяцца вучонымі, ганаруся, што яны мяне пераўзышлі, і звяртаюся да іх па дапамогу. Вялікая радасць за тых, хто застаецца працаваць на зямлі аграномам. Дырэктар “Целяханы-агра” Дзяніс Вішнеўскі таксама мой вучань. Добра спраўляецца, мне за яго не сорамна. Хадзіў на мае заняткі з другога класа, — дзеліцца Л.Жыцянёў.

Зярнятка да зярнятка

Асаблівай увагі заслугоўвае калекцыя збожжавых, якую сабраў педагог разам з удзельнікамі навуковага аб’яднання па інтарэсах “Колас”. Адной толькі пшаніцы 2120 узораў. Сярод іх гатункі, якім больш за 6—12 тысяч гадоў. Сабраны ўсе віды, якія калі-не­будзь раслі ў свеце, нават такія рэдкія, занесеныя ў Чырвоную кнігу іншых краін, як пшаніца “ўрарту”, “арарацкая”, “беатыйская”. З розных краін свету прадстаўлены таксама ячмень, авёс, проса — 404, 656, 93 гатункі адпаведна. Вялікая колькасць узораў зернебабовых культур, рэдкіх разнавіднасцей кукурузы. Ёсць нават папуляцыя пасяўнога лёну, які вырошчваўся раней у старажытных земляробчых рэгіёнах — Эфіопіі, Індыі, Пакістане. Усё гэтае багацце захоўваецца ў асобным невялікім пакоі. На паліцах ад падлогі да столі безліч падпісаных шкляначак з насеннем. На іх абавязкова ўказаны год, калі яно было сабрана.

— Тэрмін захоўвання насення ў нашых умовах не павінен перавышаць дзесяць гадоў. Калі гэты час мінае, мы ўзнаўляем калекцыю. У мінулым годзе, напрыклад, перасявалі 500 відаў пшаніцы і жыта. Кожнага гатунку садзім па два-тры радкі. Сярод узноўленага насення пшаніца “спельта” — старажытны гатунак, які раней вырошчвалі на тэрыторыі Германіі, Іспаніі, Францыі. Яго асаблівасць у тым, што вельмі складана дастаць зерне з каласкоў. Нават сучасны камбайн з такой задачай не справіўся б, — адзначае педагог.

Каштоўны здабытак калекцыі — гатункі збожжавых, якія калісьці вырошчвалі на тэрыторыі Беларусі і ў Целяханах у прыватнасці. Каб іх знайсці, педагог вывучаў каталогі генетычных банкаў раслін розных краін свету, пісаў лісты ў розныя структуры.

— Вось пшаніца, якая расла ў нашых краях у мінулым стагоддзі. Захоўвалася насенне ў генетычным банку ў Санкт-Пецярбургу. Выведзены гэты гатунак быў аграномамі графіні Патоцкай. Зерне ў гэтай пшаніцы залацістае, калі зрабіць муку і згатаваць хлеб, ён будзе светлым і вельмі смачным. А вось авёс, які быў сабраны ў 1930 го­дзе каля вёскі Аброва Івацэвіцкага раёна. Знайшоў яго ў генетычным банку ЗША. Цяпер ён ёсць і ў нашай калекцыі, — з гордасцю расказвае Леанід Аляксеевіч.

Гурткоўцы таксама вядуць свае каталогі, у якіх даюць поўнае апісанне раслін. Частку насення захоўваюць у папяровых пакетах. Гэта дублікат, якім можна падзяліцца.

— За апошнія пяць гадоў мы перадалі 240 узораў збожжавых культур для вывучэння і далейшага захоўвання ў Беларускі генетычны банк раслін, 436 узораў — у галоўны батанічны сад Расіі і Нацыянальны цэнтр генетычных рэсурсаў раслін Украіны. Калі быў ва Усерасійскім інстытуце раслінаводства імя М.І.Вавілава, папрасіў некалькі ўзораў пшаніцы, якія сабраў сам Вавілаў у Горным Бадахшане. Зерне перад Вялікай Айчыннай вайной не паспелі падзяліць на гатункі. Разам з дзецьмі нам удалося гэта зрабіць, — тлумачыць суразмоўнік.

Неверагодна, але факт: не маючы ўласнай лабараторыі і спецыяльнага абсталявання, удзельнікі “Коласа” разам з Леанідам Аляксеевічам праводзяць паспяховую селекцыйную работу. Не толькі вывучаюць, як адчува­юць сябе новыя гатункі зерневых у Целяханах, але і ствараюць свае!

— 20 гадоў назад мы задаліся мэтай узнавіць гатунак ярыцы — яравога жыта, якое вырошчвалася на Целяханшчыне. Усерасійскі інстытут раслінаводства імя М.І.Вавілава падзяліўся з намі зернем, сабраным у 1940 годзе ў Пінскай вобласці, у склад якой уваходзілі і Целяханы. Але па батанічных прыметах яно не адпавядала апісанню старажылаў. Пасля доўгіх пошукаў мы знайшлі насенне з адпаведнымі паказчыкамі ў Нацыянальным банку генетычных рэсурсаў раслін Польшчы і ў генетычнай калекцыі жыта кафедры генетыкі і селекцыі Санкт-Пецярбург­с­кага дзяржаўнага ўніверсітэта. Навуковыя ўстановы перадалі нам неабходныя экзэмпляры. І ў выніку шматгадовай работы целяханская ярыца ўзноўлена! — падкрэслівае педагог.

Аперацыя “Выратаванне”

Не пакідаюць без увагі гурткоўцы і дзікія расліны ў наваколлі родных Целяхан. З 2008 года пачалі абследаваць флору малой радзімы ў радыусе 10 кіламетраў. А праз год нечакана знайшлі вельмі рэдкую расліну — святаяннік чатырохкрылы. Лічылася, што ён амаль знік з беларускай зямлі.

— Дзеці зрабілі гербарныя ўзоры кветкі, і мы адправілі іх у Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. Што тут пачалося… — прыгадвае педагог. — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя арганізавала на базе нашага цэнтра рэспубліканс­кую акцыю па захаванні святаянніку. Мы сабралі насенне расліны, вырасцілі расаду і высадзілі яе ў тым месцы, дзе знайшлі кветку. Зараз там больш за тысячу адзінак. Спадзяёмся, пагроза знікнення гэтай расліны мінула.

Леанід Аляксеевіч падкрэс­лівае: для яго гурткоўцаў стала вялікім гонарам тое, што іх дзей­насці ўдзялілі такую ўвагу. Дарэчы, у 2014 годзе Нацыянальны банк выпусціў нават манету з выявай святаянніку. Яна стала першай у серыі “Адроджаныя расліны”.

Дасягненні

  • 13 новых батанічных разнавіднасцей пшаніцы адкрыта гурткоўцамі. Тыпавыя гербарыі і насенне захоўваюцца ва Усерасійскім інстытуце генетычных рэсурсаў раслін імя М.І.Вавілава.
  • Больш за два дзясяткі выпускнікоў Л.Жыцянёва сталі аграномамі, біёлагамі, навуковымі супрацоўнікамі.
  • 17 дыпломаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 30 дыпломаў галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама атрымалі ўдзельнікі навуковага аб’яднання па інтарэсах “Колас”.
  • 9 навучэнцаў Леаніда Аляксеевіча, двойчы сам педагог і аб’яднанне былі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Беларуская сакура

Так Леанід Аляксеевіч называе бэз. Любоў да гэтай расліны натхніла яго стварыць на вучэбна-дос­ледным участку невялікі сад.

— Гэта была мая мара! На сёння тут сабрана каля 70 гатункаў з розных краін свету. Асабліва хочацца вылучыць тыя, якія маюць гучныя назвы, — “маршал Маліноўскі”, “маршал Бірузоў”, “маршал Ракасоўскі”… Гэта нездарма, бо дае мне магчымасць расказ­ваць дзецям пра гэтых людзей, пра па­дзеі тых часоў. Абавязкова падкрэс­ліваю, што знакаміты Ракасоўскі нарадзіўся ў Целяханах, — дзеліцца Л.Жыцянёў.

Перш чым з’явіўся бэзавы сад, Леанід Аляксеевіч шмат гадоў вывучаў і збіраў па крупінках інфармацыю пра гатункі, якія раслі раней на малой радзіме, распытваў пажылых жыхароў, шукаў бэз па дварах.

— Справа ў тым, што ў пачатку мінулага стагоддзя ў мястэчку Целяханы жыў і працаваў аграном Кучынскі, які займаўся селекцыяй гэтай расліны ў маёнтку мясцовага пана. Калі прыйшла савецкая ўлада, калекцыя не ахоўвалася, людзі забралі бэз у свае двары. Нам удалося на сёння сабраць 18 гатункаў з той калекцыі. Калі да нас прыехалі прадстаўнікі Цэнтральнага батанічнага саду, іх вельмі ўразіла наша калекцыя і асабліва мясцовыя гатункі, — паведамляе Леанід Аляксеевіч.

Марына ЖДАНАВА