Педагог Наталля Чырыца са школы № 111 Мінска рэалізуе аздараўленчы карпаратыўны кейс для вучняў і бацькоў

- 13:02Образование

Інавацыйныя тэхналогіі паляпшэння якасці жыцця дзяцей з дзіцячым цэрэбральным паралічам распрацоўвае настаўніца адаптыўнай фізічнай культуры сярэдняй школы № 111 Мінска выдатнік адукацыі Наталля Чырыца, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Педагог стварае сродкі карэкцыі і рэабілітацыі з арыентацыяй на патрэбы дзяцей, дзеліцца вопытам іх выкарыстання з калегамі і бацькамі.

Сярод распрацовак апошніх гадоў — мультыпараметрыйны комплекс для развіцця міжпаўшарных сувязей і карэкцыі рухальных дысфункцый рук у дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату (ДЦП). Праект атрымаў назву «Жывая рука».

Мультыпараметрыйны комплекс складаецца з пераносных трэнажораў і чатырох спецыяльных сталоў з замацаваным на іх абсталяваннем, — расказала суразмоўніца. — У яго ўваходзяць міні-ванна для выканання спецыяльных практыкаванняў, дыскавы тактыльна-дыдактычны стол і сталы для арт-тэрапіі (пескаграфіі) і масажу кісцей рук. Для кожнага стала распрацавана серыя дыферэнцыраваных заданняў. Кожны працуе па прынцыпе «расслабленне рукі — нагрузка — расслабленне — нагрузка — расслабленне». Комплекс выкарыстоўвацца цэласна, можна працаваць і за асобнымі сталамі, у залежнасці ад пастаўленых задач.

Першыя поліфункцыянальныя трэнажоры ў арсенале сродкаў Наталлі Чырыцы з’явіліся яшчэ ў 2017 г. з адкрыцця ў школе кабінета адаптыўнай фізкультуры. Трэнажоры развівалі ў дзяцей сенсорна-перцэптыўныя функцыі, вестыбюлярны апарат, кагнітыўныя магчымасці, спрыялі міжпаўшарнаму ўзаемадзеянню, рабоце верхніх канечнасцей і рухальнай актыўнасці ніжніх канечнасцей. Паступова педагог прыйшла да стварэння мультыпараметрыйнага комплексу для развіцця дробнай маторыкі дзяцей, абмежаваных у рухах. І ў школе адкрыўся кабінет сенсорнай інтэграцыі.

Свае напрацоўкі Н. Чырыца прадстаўляла на Міжнародным форуме ТІВО. Сёння педагог рэалізуе новы аздараўленчы праект — карпаратыўны кейс для навучэнцаў і бацькоў па прадухіленні і прафілактыцы захворванняў пазваночніка і трэніроўцы мышачна-звязкавага апарату стоп.

Галоўная мэта праекта — павышэнне якасці жыцця навучэнцаў і іх бацькоў, навучыць дзяцей самастойна клапаціцца пра сваё здароўе, — адзначае Н. Чырыца. — Для гэтага мной распрацаваны і падабраны спецыяльныя комплексы практыкаванняў і заданняў. Практыкаванні праводзяцца ў пэўнай паслядоўнасці ў тры этапы і для стварэння станоўчага эмацыянальнага фону выконваюцца пад музыку.

Прафілактыка і прадухіленне развіцця парушэнняў паставы павінна быць комплекснай і ўключаць кампенсацыю дэфектаў стоп (плоскаступнёвасць, касалапасць); арганізацыю і строгае выкананне правільнага рэжыму дня, пастаянную рухальную актыўнасць; заняткі з правільна падабранымі фізічнымі практыкаваннямі; адмаўленне ад такіх шкодных звычак, як стаянне на адной назе, няправільнае становішча цела падчас сядзення (за рабочым сталом, дома ў крэсле і г.д.); кантроль за правільнай, раўнамернай нагрузкай на пазваночнік пры нашэнні рукзакоў, сумак, партфеляў.

Калі бацькі дапамогуць сваім дзецям выконваць рэкамендацыі, а спецыяльныя практыкаванні будуць рабіць разам з дзіцем, уключаючы ў іх гульнявыя прыёмы, то эфект значна павялічыцца.

Таксама Н. Чырыца атрымала заданне на распрацоўку праекта вучэбнай праграмы па прадмеце «Адаптыўная фізічная культура для І—IV класаў спецыяльнай школы, спецыяльнай школы-інтэрната для навучэнцаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата» і аналагічнай праграмы для V—XI класаў.

Педагог мае мноства ўзнагарод, у тым ліку рэспубліканскія і міжнародныя. Толькі ў гэтым навучальным годзе яна перамагла ў рэспубліканскім конкурсе педагагічнага майстэрства «Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі» і гранд-фінале рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў «100 ідэй для Беларусі» ў намінацыі «Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка», а таксама стала ўладальніцай прэміі Мінгарвыканкама.

Н. Чырыца прызнана лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне працы. Педагог праводзіць навучальныя курсы па тэме «Грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства па ахове працы: прынцыпы, падыходы, практыка ажыццяўлення» і ўжо прызнавалася найлепшым грамадскім інспектарам ФПБ і найлепшым грамадскім інспектарам аховы працы ў Мінску.

Надзея ЦЕРАХАВА