Педагог школы №2 Чавусаў Н. Тужыкава дасягнула сур’ёзных поспехаў у падрыхтоўцы вучняў да даследчых конкурсаў

- 10:00Персона

“Усіх навокал зараджае сваёй энергіяй”, — так гавораць калегі пра настаўніцу хіміі і біялогіі сярэдняй школы № 2 Чавусаў Наталлю Тужыкаву, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Урокі, пазакласная дзей­насць, удзел у спартыўных спаборніцтвах, прафсаюзная работа, падрыхтоўка школьнікаў да алімпіяд і даследчых конкурсаў, а яшчэ выхаванне ўласных траіх дзяцей — ва ўсім Наталля Міхайлаўна паспяховая.

Дзе нарадзілася, там і змагла сябе рэалізаваць, — адзначае педагог. — Заканчвала 1-ю школу Чавусаў, вучылася ў профільным хіміка-біялагічным класе, з якога шэсць выпускнікоў пайшлі ў педагогі. У гэтым пытанні вялікі ўплыў на мяне аказала класны кіраўнік настаўніца біялогіі Таццяна Мікалаеўна Ракіцкая. Жадання пакі­нуць родныя Чавусы ў мяне ніколі не было, не прываблівала мітусня вялікіх гарадоў. Уласны дом, блізкія людзі, малая радзіма — словы, якія значаць для мяне многае. У мяне два сыночкі і дачушка. Гэта вялікая радасць, але разам з тым і адказнасць. Трэба, каб дом быў поўная чаша, дзяцей варта выхоўваць добрымі людзьмі, даць ім адукацыю. Калі нарадзілася дачка Ясенія, маім старэйшым хлопчыкам прыйшлося стаць больш дысцыплінаванымі, яны зразумелі, што маме патрэбна дапамога. Самы старэйшы сын Аляксей ужо студэнт 1 курса ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, вучыцца на спецыяльнасці “Кіраванне танкавымі войскамі”. Атрымаўшы першую стыпендыю, Лёша вырашыў павіншаваць мяне з днём нараджэння і даслаў грошы. Увага і клопат сына расчулілі мяне да слёз. Часам для таго, каб адчуць сябе шчаслівым, трэба зусім нямнога. Шчасце для мяне ў тым, каб яго заўважаць.

Другой сям’ёй для Наталлі Міхайлаўны стала школа. Тут яна праводзіць шмат часу, звычайна з 8 раніцы да 5 вечара. А калі вырашае з вучнямі ў валейбол пагу­ляць, то можа і дапазна затрымацца. Добра, што жыве недалёка. У педагога заўсёды была нагрузка ў дзве стаўкі плюс факультатывы, аб’яднанні па інтарэсах, пазакласная работа ў школьным STEM-цэнтры. У раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталля Міхайлаўна вядзе гурток “Хімія пасля ўрокаў”. Мая суразмоўніца з’яўляецца старшынёй прафсаюзнага камітэта ўстановы адукацыі, куды, акрамя працуючых супрацоўнікаў, уваходзяць 32 ветэраны педагагічнай працы, дзеці вайны. З усімі неабходна падтрымліваць сувязь.

Мне сумна не праца­ваць. Па натуры я халерык, можа, таму многае паспяваю, — заўважае настаўніца. — Калі вучылася ў школе, паспяхова выступала на спартыўных спаборніцтвах: доб­ра бегала, скакала, гуляла ў валейбол. Прызавыя месцы ў спорце атрымлівала і ў студэнцтве, калі вучылася ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. І сёння ад школы мяне адпраўляюць на шматлікія спаборніцтвы.

На “Чавускай лыжні” Наталля Міхайлаўна сёлета атрымала дыплом ІІ ступені. Улетку ўдзельнічала ў турзлёце, працавала ў палатачным лагеры. Вядома ж, у такой энергічнай жанчыны ёсць і захапленні — гэта шыццё і вязанне, догляд саду і вырошчванне кветак. Якая толькі экзотыка не расце на ўчастку ў Наталлі Міхайлаўны! Яна збірае ўраджай вёдрамі, робіць нарыхтоўкі, час­туе калег.

— Акрамя традыцыйных дрэў і кустоў, у мяне, напрыклад, растуць персікі і нектарыны, рая­ніраваныя для Беларусі гатункі з высокай марозаўстойлівасцю. Вельмі салодкія! — адзначае педагог. — Люблю кветкі, больш за ўсё касачы. У калекцыянераў заказала сартавыя, дзе памер адной кветкі дасягае 20 см, а на адной галінцы іх бывае да дзясятка. Усе ведаюць, што на святы мне трэба дарыць не звычайныя зрэзаныя кветкі, а іх саджанцы для пасадкі ў адкрыты грунт.    

Калегі гавораць пра Наталлю Міхайлаўну, што яна з тых лю­дзей, у каго заквітнее ўсё, да чаго яна дакранецца. Не дзіўна, што педагог займаецца добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, афармленнем памяшканняў установы адукацыі.

Наталля Тужыкава ўдастоена ганаровага звання “Чалавек года” Чавускага раёна па выніках 2020 года. Мае нагрудны знак “Фізкультурнік Беларусі”. Яе вучні штогод перамагаюць у другім этапе Рэспуб­ліканскай алімпіяды па хіміі, у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных даследчых конкурсах па біялогіі і хіміі. Яе вучаніца Дар’я Ігнацьева атрымала 100-бальны вынік на ЦТ па хіміі. Наталля Міхайлаўна прымае ўдзе­л у конкурсах педмайстэрства, дзеліцца з калегамі эфектыўным педагагічным вопытам.

Я — даследчык

Сур’ёзных поспехаў педагог дасягнула ў падрыхтоўцы вучняў да даследчых конкурсаў. У 2014 годзе ў школе створана навуковае таварыства навучэнцаў  “Я — даследчык”. Наталля Тужыкава з’яўляецца куратарам секцыі прыродазнаўча-матэматычных дысцыплін “Патэнцыял”. З 2016 года работа  навуковага таварыства ажыццяўляецца на базе школьнага STEM-цэнтра з выкарыстаннем лічбавай лабараторыі Relab, дзе знаходзіцца абсталяванне для правя­дзення шырокага спект­ра даследаванняў, дэманстрацый, лабараторных работ і эксперыментаў. Электронны мікраскоп дазваляе паляпшаць якасць даследавання аб’ектаў, а набор датчыкаў — вымяраць розныя хімічныя, біялагічныя і фізічныя параметры. Назіранне за навакольным асяроддзем, актыўны маніторынг, зносіны з прыродай спалучаюцца з магчымасцямі інтэрнэту. Дзякуючы STEM-цэнтру, створана адкрытая пляцоўка для ўключэння дзяцей у праектную і даследчую дзейнасць, канструяванне, праграмаванне і інжынерную творчасць.

Навучэнцаў педагог размеркавала па групах: 6—7 клас — гэта “Суперназіральнікі”, 8—9 клас — “Юныя біёлагі і эколагі”, вучні 9—11 класаў уваходзяць у групу “Адкрый у сабе вучонага”. Дзеці выконваюць даследчыя работы, прымаюць удзел у конкурсах, форумах і канферэнцыях.

З 2019 па 2021 год Наталля Міхайлаўна ўдзельнічала ў рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне ма­дэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умова прафесійнага самавызначэння вучняў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях”. Навучэнцам педагог прапанавала азнаёміцца з прафесіяй агранома. У працэсе рэалізацыі індыві­дуальных адукацыйных праграм дзеці даследавалі склад і ўласцівасці глебы, закладвалі розныя кампостныя сумесі, вывучалі іх па пэўных параметрах, разлічвалі дозу ўнясення ўгнаенняў і кампостаў на эксперыментальным участку. Даследаванні ладзіліся пры дапамозе датчыкаў лічбавай лабараторыі, кожны змог прымераць на сябе ролю агранома.

З 2019 года пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлаўны даследчай дзейнасцю займаецца Яўген Сарасек. У 2022 го­дзе юнак перамог на XXXIII Рэспуб­ліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ і Расійскім Нацыянальным юніёрс­кім водным конкурсе ў Маскве. У лютым 2023 года Яўген прымаў удзе­л у семінары-дыскусіі “Праектная экалагічная дзейнасць як новы фармат расійска-беларускага маладзёжнага супрацоўніцтва” і ў адкрытай Маскоўскай інжынернай канферэнцыі школьнікаў “Патэнцыял”, дзе папоўніў скарбонку ўзнагарод дыпломам І ступені ў секцыі “Экалогія, прыродакарыстанне”. Нядаўна Жэня зноў стаў пераможцам рэспубліканскага воднага конкурсу даследчых праектаў.

На працягу некалькіх гадоў хлопец даследуе антрапагенныя палімеры (мікрапластык). Гэта цвёрдыя часціцы сінтэтычных палімераў менш за 5 мм у дыяметры, якія не маюць клетачнай структуры, але маюць аднастайны, часцей ярка афарбаваны колер і бляск. Драбнюткія пластыкавыя часціцы трапляюць у каналізацыю, а потым — у вадаёмы ў працэсе мыцця, пры выкарыстанні касметыкі, сродкаў асабістай гігіены і ў шэрагу іншых сітуацый. 

Паверхня ўсіх акіянаў на Зямлі змяшчае 245 тысяч тон пластыку. Каля 80% мікрапластыку ў сцёкавых водах — гэта сінтэтычныя валокны, якія трапля­юць у сцёкі пасля мыцця адзення. Пластык здольны акумуляваць на сваёй паверхні многія таксіны і забруджвальныя рэчывы і ў той жа час з’яўляецца прывабнай “ежай” для птушак і рыб. Небяспека заключаецца ў тым, што мікрапластык не раскладаецца ў прыродных умовах і не падлягае перапрацоўцы.

Даследаванні Яўген пачаў з маніторынгу паступлення мікрапластыку ў водныя аб’екты на прыкладзе ракі Бася Чавускага раёна. У гэтым яму дапамагалі вучні на той час 10 класа Алена Белавусава і Аляксей Тужыкаў, старэйшы сын Наталлі Міхайлаўны. Усе атрыманыя даныя былі выкарыстаны для стварэння камп’ютарнага дадатку “Мікрапластык — нябачная праблема сусветнага маштабу” на мове Scratch для фарміравання экалагічнай культуры насельніц­тва. Заключаны акт укаранення з раён­ным вучэбна-метадычным кабінетам на выкарыстанне дадатку ў вучэбна-адукацыйным працэсе. У далейшых даследаваннях Яўген даў ацэнку заб­руджванням сцёкавых вод і водных аб’ектаў антрапагеннымі палімерамі і вызначыў шляхі іх утылізацыі. Для ачысткі вод ад часціц мікрапластыку ён прапанаваў выкарыстоўваць актыўны глей і прыродны палімер хітазан. Юны даследчык расказаў аб экалагічных і эканамічных аспектах гэтага працэсу. 

Што кожны з нас можа зрабіць, каб мінімізаваць азначаную праблему? Зні­зіць спажыванне тавараў з пластыку або з яго ўтрыманнем, а таксама весці асветніцкую работу па пытаннях пластыкавага забруджвання.

Надзея ЦЕРАХАВА