Педагог, які натхняе на творчасць. Алена Семянчук з Лоева адказна ставіцца да ўсяго, што робіць

- 10:03Образование

Алену Семянчук, настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова, ведаюць у раёне і па­за яго межамі як творчага, адкрытага да ўсяго новага педагога, які ўмее натхніць вучняў на першыя крокі ў навуку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Першыя крокі

Уменне натхніць сваіх вучняў на даследаванні стала вынікам захап­лення краязнаўчай дзейнасцю яшчэ падчас вучобы ў Лоеўскай сярэдняй школе імя М.І.Калініна.

— Гісторыю і грамадазнаўства ў нашым класе выкладала сама дырэктар — Надзея Трафімаўна Маторная, — расказвае Алена Васільеўна. — І цяпер памятаю яе захапляльныя ўрокі і цвёрдую патрыятычную пазіцыю: доб­ра ведаць гісторыю іншых краін, але найперш трэба ведаць гісторыю сваёй малой радзімы. Гэтая настаўніца натхніла мяне на пазнанне гісторыі шляхам адкрыццяў і экскурсійнай дзейнасці, менавіта з якой і пачалося маё захапленне края­знаўствам.

Дарэчы, за работу ў складзе школьнай экскурсійнай групы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, удзель­нікамі бітвы за Днепр, Алене Семянчук была ўручана падзяка Савецкага камітэта ветэранаў вайны за подпісам старшыні Паўла Іванавіча Батава. Са слоў педагога, гэта надало ёй не толькі ўпэўненасці, але і адказнасці, а таксама аказала вялікі ўплыў на фарміраванне жыццёвага прынцыпу “адказна стаўся да ўсяго, што робіш”.

Алена Васільеўна скончыла школу з сярэбраным медалём і паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. Атрымала спе­цыяльнасць выкладчыка гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплін. Настаўнічала ў Слабажанскай базавай школе Хойніцкага раёна, у Артукоўскай сярэдняй школе Рэчыцкага раёна. З 2012 года працуе ў Лоеўскай сярэдняй школе імя А.В.Казлова.

Метадычныя перавагі

— У арганізацыі даследчай і праектнай дзейнасці заўсёды кіруюся прынцыпам “у цэнтры ўсяго — самі вучні”. На маю думку, пазбавіць дзяцей прамых указанняў, як і што трэба рабіць, — значыць даць ім магчымасць стаць творцамі. Трэба толькі пастаянна адрасаваць ім пытанні, — адзначае Алена Васільеўна.

У дыдактычным арсенале педагога шмат сродкаў. Для павышэння пазнавальнай актыўнасці вучняў яна выкарыстоўвае інтэрактыўныя мультымедыйныя заданні. Візуалізацыю лічыць выдатным спосабам засваення навучэнцамі гістарычных дат, фактаў і з’яў, асаблівы ўпор ро­біць на стварэнне вучнямі інфаграфікі,
гексаграм, ментальных карт, стужак часу, скрайбінгу і інш. Для эфектыўнага замацавання вучэбнага матэ­рыялу, па яе меркаванні, вельмі падыходзяць элементы медыяадукацыі і міжпрадметныя сувязі. Адным словам, настаўніца задзейнічае шмат рэсурсаў, каб захапіць сваімі прадметамі вучняў і натхніць іх на даследаванні і выкананне праектаў.

Практычныя вынікі

Пра тое, што даследчы пошук прыносіць навучэнцам Алены Ва­сільеўны плён, сведчаць наступныя прыклады. Даследаванне Аляксандры Казярожац (11 клас) “Паштоўка як гістарычная крыніца Лоеўшчыны першай паловы ХХ стагоддзя” — пераможца Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў 2020 года. Даследчая работа Юльяны Худалей “Беларускі Мярэсьеў. Чалавек-легенда А.В.Казлоў” атрымала высокую ацэнку на рэс­публіканскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць”. На аснове даследавання аб Герою Савецкага Саюза А.В.Казлове ва ўстанове створаны сайт “Яго імя носіць школа”, аформлена тэматычная экспазіцыя. Сумесна з установай культуры “Музей бітвы за Днепр”
распрацаваны праект “Патрыётамі не нараджаюцца — патрыётамі становяцца”, тэматычная экспазіцыя “Іх подвіг у памяці патомкаў захаваем”. Усё гэта складнікі адзі­най прасторы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, створанай у школе і раёне.

Сёння 15% навучэнцаў 7—11 класаў займаюцца пошукава-даследчай дзейнасцю пад кіраўніцтвам Алены Васільеўны. Яна пераможца другога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”.

Калектыў школы ўдастоены дыплома І ступені па выніках абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы. У мінулым годзе на абласным узроўні былі адзначаны даследчыя пошукі навучэнкі 11 класа Юльяны Худалей. Увогуле, вынікі даследчай дзейнасці вучняў ляглі ў аснову праекта “Памятаем, шануем, наследуем”.

Ваенна-патрыятычнае выхаванне ў школе ажыццяўляецца праз узаемадзеянне з пагранзаставай Мікалая Сушанава, пагранічнай камендатурай “Лоеў”, вайсковай часцю 1242.

Алена Семянчук як кіраўнік атрада “Юныя сябры пагранічнікаў” пад­рыхтавала групу экскурсаводаў з ліку гурткоўцаў. Педагог і сама праводзіць экскурсіі ў складзе групы экскурсаводаў музея бітвы за Днепр.

За апошнія пяць гадоў 12 выпускнікоў педагога атрымалі высокія балы на ЦТ па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве і сталі студэнтамі БДУ, ГДУ імя Ф.Скарыны, Акадэміі МУС, Ваеннай акадэміі. Аднак ацэньваць выдатныя вынікі вучняў як уласнае дасягненне Алена Васільеўна не спяшаецца:

— Калі бачу, што, дзякуючы нашым агульным намаганням, вучні дасягаюць поспехаў, то адчуваю сябе шчаслівай.

Такім чынам, важны складнік шчасця для педагога з 32-гадовым стажам — паспяховасць навучэнцаў. І выхаванцы Алены Васільеўны сапраўды паспяховыя, што было б немагчыма без іх настаўніцы — чалавека сціплага, творчага і адказнага. Дзяржаўнага чалавека.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК