Педагог з Ганцавіч Ірына Мінько выкарыстоўвае ў рабоце як напрацоўкі народных майстроў, так і сваю багатую фантазію

- 14:17АРТ-квартал, Образование

Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці — гэта дружная каманда вопытных педагогаў, якія дапамагаюць раскрывацца юным талентам. У іх ліку прафесіяналы самых розных напрамкаў. Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» заглянуў у аб’яднанне дэкаратыўнай творчасці.

Перад тым як зайсці ў памяшканне, дырэктар цэнтра Алена Ленкавец папярэджвае: сустрэне нас цудоўны, таленавіты педагог Ірына Мінько. Дадае, што калісьці майстрыха «сама сюды хадзіла на гурткі — а сёння навучае дзетак».

Ірына Мікалаеўна — з клеем у руцэ, укладвае на стале тугія скруткі сена спіраллю: прыкідвае, як зрабіць для курачкі стылізаванае гняздзечка. Ад задумы да ўвасаблення — шлях немалы. І курка няпростая — велікодная прыгажунька з вышыванкай. І будзе яна, пэўна што, несці яйкі няпростыя — велікодныя. Іх таксама ўжо ствараюць у майстэрні. Падчас размовы даведваемся, што тыя прыёмы дэкаратыўнай творчасці, якія асвоіла майстрыха і якім навучае выхаванцаў, даюць магчымасць усім праяўляць вельмі багатую фантазію. Пры тым улічваюцца розныя прапановы, творцы ідуць «няходжанымі сцежкамі» — а ўзровень майстэрства дае гарантыю, што сіламі талакі ўвасобленая задума стане творам мастацтва.

Гаворым пра тое, што ёсць адметная сімволіка ў Вялікадня (найперш усё, што звязана з абуджэннем прыроды пасля зімы, яйкамі, пірагамі, упрыгажэннем святочнага стала і Уваскрэсеннем Хрыста, цудоўным з’яўленнем яго перад вучнямі-апосталамі). Вядома ж, у народнай свядомасці святы ўспрымаюцца непарыўна, ды ў творчасці важна разумець, што да чаго: каб і з пачуццём меры было ўсё зроблена, і эстэтыка, сімволіка свята не парушалася.

Проста калекцыя ідэй!

Творчы метад у Ірыны Мінько такі: знайсці ўжытак для матэрыялаў, што ёсць пад рукой, — і пры тым зрабіць прыгожыя рэчы. А вельмі народны падыход! Гэтак майстры па вёсках асвойваюць сучасныя матэрыялы: розныя віды пластыку, шпагат, тэкстыль… І ў яе, як заўважыла па ходзе размовы Алена Ленкавец, проста калекцыя ідэй, незвычайных творчых знаходак — бо чалавек увесь час у творчым руху. Да таго ж імкнецца, «каб у майстэрні заўсёды ўтульна было, прыгожа — і дзеці сюды з ахвотай самі беглі».

«Гэта мы рыхтуем работы на конкурс «Светлае свята Уваскрэсення Хрыстова», — паказвае на курачку і яе будучае гняздо Ірына Мінько. — Курачка, як бачыце, пры парадзе. Ёй зробім седала — так у вёсках называюць курынае гняздо. Праца вялікая, робім усё талакой. Вось гэтае сена скруцілі з дзецьмі, я крыху дапамагаю там, дзе пакуль маім выхаванцам вопыту не хапае».

Родам Ірына Мінько з Ганцавіч. У школе асаблівых схільнасцей да такой творчасці не было, хоць у гуртках і займалася. Адкрыліся таленты ў Баранавіцкім дзяржуніверсітэце, дзе рыхтавалася стаць педагогам пачатковых класаў і гуртковай дзейнасці. «Першай маёй работай была шкатулка — змайстравала з палачак для марожанага. Яна недзе тут ёсць, — расказвае майстрыха. — А далей пайшло… Цяпер асвойваю розныя віды творчасці, бо ні стаяць на месцы, ні рабіць нешта «на канвееры» не люблю. Так і рухаемся з дзеткамі: увесь час фантазію, уяўленне развіваем і майстэрства ўдасканальваем. А калі нейкі адзін від творчасці практыкаваць, то выхаванцам і нецікава можа быць. Мне ж хочацца цягу да творчасці, стваральны патэнцыял у кожным з іх разбудзіць».

Пра малавядомую карысць марожанага

Тым часам дырэктар на палічках знайшла «палачкавую шкатулку». Арыгінальна! І вечка падагнана, і ўнутр можна заглянуць, падзівіцца, як там усё складзена. Як такую тэхніку назваць?.. А дзе столькі палачак набраць? Усміхаецца майстрыха: «Усім у сям’і была каманда: не выкідваць, збіраць! А сям’я марожанае любіць: два хлопчыкі ў нас і дзяўчынка: Аляксей, Андрэй і Алена. Яны, дарэчы, усе пры справе, праз маю творчую лабараторыю прайшлі. З хлопчыкамі вельмі шмат ляпілі з пластыліну, можна сказаць, куплялі тонамі. Ленка са мной рукадзельнічае, работы і на конкурсы робім».

Яшчэ адзін штрышок да партрэта працалюбівай суразмоўніцы: яна вядзе ажно 9 груп юных майстроў. Больш за 100 дзетак ходзіць на заняткі! Па сваёй ахвоце, што сведчыць і пра вялікі педагагічны талент Ірыны Мікалаеўны. Без такога «магніта» сотню гарэзлівых юных творцаў, вядома ж, у адным месцы ніяк не ўтрымаеш.

У майстэрні вывучаюць досвед народных майстроў, робяць акцэнт на выставачных работах: у іх канцэнтруюцца і дашліфоўваюцца ўсе ранейшыя напрацоўкі. Скажам, вышыўка ў велікоднай курачкі — адзін з элементаў мясцовай традыцыі. Тут працуе яшчэ педагог Марына Леанідаўна Цялушка, і творчыя каманды супрацоўнічаюць, аб’ядноўваюць намаганні. «Навучаем у асноўным школьнікаў 11—14 гадоў, — тлумачыць Ірына Мікалаеўна. — І вось бачыце: ужо відаць узровень іх майстэрства. Кожны сваю «кропельку» ўносіць у велікодны праект, потым усё разам злучаем».

Арыентацыя — на інкрустацыю

Адно з рамёстваў — інкрустацыя саломкай. Так упрыгожваюць і яйкі пры велікоднай курачцы. Бачым на іх арнаменты з мясцовых вышывак. Іх жа выкарыстоўвалі, кажа Ірына Мінько, калі рабілі навагоднія ёлачныя цацкі. Дарэчы, адна з калядных работ ганцавіцкіх умельцаў была на конкурсе «Усе дзеці таленавітыя», потым яе падарылі губернатару вобласці. Гаворачы пра тое, згадваем, што народнае мастацтва інкрустацыі саломкай — перспектыўны кірунак. Яго шырока выкарыстоўвалі майстры Брэсцкай фабрыкі сувеніраў: прыгожыя шкатулкі прадаваліся па ўсім Савецкім Саюзе і за яго межамі.

«Мы вучымся рабіць інкрустацыі, аплікацыі, а пляценне з саломкі пакуль яшчэ не асвоілі, але да таго падступаемся, гаворыць Ірына Мікалаеўна. — Што дзе ўбачу цікавае — тое асвойваю і дзетак навучаю. Тут заўжды кіпіць праца: хто з клеем, хто з разцом, хто з нажнічкамі… Прычым штораз апрабоўваем новыя ідэі. Цяпер шмат чаго робім з гафрыраванага кардону. Гэта звычайна ўпакоўка для кветак, яго нам аддаюць гандляры, а мы знаходзім яму новае прымяненне».

Мне паказалі, як здорава глядзіцца голуб, зроблены з гофракардону, пры вазоне з кветкамі. Падораная «Ганцаўчанка» ў рэдакцыйным пакоі таксама нагадвае, як «з нічога» можна пры дапамозе фантазіі, майстэрства, пад кіраўніцтвам вопытнага майстра сваімі рукамі стварыць прыгажосць.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара