“Вельмі хочацца прыўнесці ў сямейную справу сваё, значнае і каштоўнае”, — адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” выхавальніца дзіцячага сада № 2 Гарадка Аляксандра Багданава.
— Калі ў настаўніка за плячыма сямейная дынастыя ў чатыры пакаленні, як гэта адлюстроўваецца на рабоце і светаўспрыманні?
— Звяртаючыся ў думках да сваёй сям’і, адчуваю натхненне і гонар. Адказнасць — безумоўна. Але не цяжар адказнасці, зусім не. Побач са мной — вялікая колькасць калег, да якіх магу звярнуцца па дапамогу ці па параду, з якімі разам цікава працаваць. Вельмі важна, што сярод іх самыя блізкія, родныя мне людзі. Агульны педагагічны стаж нашай дынастыі набліжаецца да 200 гадоў: унікальная скарбніца прафесійнага вопыту! Мне пашчасціла, у любы момант магу з яе нешта для сябе пачарпнуць.
— З каго пачалася педагагічная дынастыя Багданавых?
— Маё знаёмства з нашай дынастыяй пачалося з роднага дому, такім чынам, і мы будзем рухацца да вытокаў, добра? Мае бацькі працуюць у нашым раёне, у гарадскім пасёлку Езярышча. Маці, Валянціна Анатольеўна, — выхавальніца, я пайшла па матчынай сцежцы. Дарэчы, гэтай жа прафесіі прысвяціла сябе мая прабабуля Таццяна Сяргееўна Багданава. Бацька, Ігар Аляксеевіч, выкладае ў школе гісторыю і геаграфію. Таццяна Аляксееўна, яго сястра, таксама педагог, яна працуе ў Віцебску. У майго дзядулі, Аляксея Фёдаравіча Багданава, доўгі педагагічны шлях — ад настаўніка гісторыі да дырэктара Сурмінскай дапаможнай школы. Яго жонка, Ганна Паўлаўна, была настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Прабабуля па лініі маці, Вольга Андрэеўна Шкрэдава (у дзявоцтве Зуева), да пачатку нямецка-фашысцкай акупацыі настаўнічала ў Расонах, выкладала ў пачатковых класах. Цікавы факт: у адным педкалектыве з Пятром Міронавічам Машэравым! Вялікая Айчынная вайна раскідала іх па розных мясцінах. Крыху шкада, што потым знаёмства перапынілася. Вольга Андрэеўна была сціплым па характары чалавекам. У пасляваенны час яна хацела, але так і не рашылася напісаць былому калегу, занятаму высокімі дзяржаўнымі клопатамі.
— У дзяцінстве гульня ў школу — адна з самых распаўсюджаных і вядомая ці не кожнаму. Вы падчас яе часцей вучылі ці вучыліся?
— Дзіця праз гульню пазнае навакольны свет, вучыцца ўзаемадзейнічаць з людзьмі, набывае пэўныя веды і сацыяльны вопыт. З гэтага пункту погляду, канечне, вучылася. Калі ж пераходзіць на ролі, то — няцяжка здагадацца — мяне прываблівала настаўніцкая. Заканамерна, бо тут я была больш дасведчаная ў параўнанні з равеснікамі. І ў мяне было шыкоўнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне! Ішлі ў ход падручнікі з бацькоўскіх запасаў. Стары школьны журнал савецкага ўзору дома знайшла, выпрасіла сабе і запісвала там праведзеныя “ўрокі”, выстаўляла адзнакі. Мой гульнявы рэквізіт бацькі збераглі, цяпер ён набыў статус сямейнага артэфакта. (Усміхаецца.) Увогуле, выхаванне ў сям’і педагогаў накладае выразны адбітак. Ты ў адукацыйным асяроддзі расцеш, адчуваеш сябе натуральна. Праяўляецца гэта нават у дробязях. Калі чула ад кагосьці з сяброў: “Ой, не магу спаць з уключаным святлом” — мне было дзіўна. Я з малых гадоў прывыкла: ужо засынаю, а бацькі напаўголаса працягваюць абмяркоўваць рабочыя пытанні, маці сядзіць над сшыткамі, тата гартае падручнік перад наступным школьным днём. Заўсёды так жылі.
— Прафесію для сябе, відаць, таксама вызначылі з маленства?
— Пра іншую неяк не думалася. Пэўныя ваганні былі толькі з прафесійным напрамкам. Прыцягвалі гісторыя з геаграфіяй, філалогія, дашкольная адукацыя. У выніку яна пераважыла як самая ўніверсальная. Бо выхавальніку неабходна ведаць пра змест і выкладанне ўсіх школьных прадметаў, каб адаптаваць, выкарыстоўваць у рабоце, выбудоўваць сваю сістэму. Іншымі словамі, не проста развіваць, выхоўваць і вучыць дзіця, а планамерна рыхтаваць яго да школы. Прычым увесь час самому развівацца — жыць актыўна, неабыякава і творча. Таму што мы задаём арыенціры для выхаванцаў, яны бяруць з нас прыклад у паводзінах, учынках. Мне гэта блізка. Плюс дашкольная адукацыя карысная кожнай будучай маці. Дакладна ведаць і разумець, што, калі і як адбываецца ў развіцці твайго дзіцяці, — звышкаштоўны бонус.
Мае бацькі неяк спрабавалі сябе ў іншых прафесіях. Нядрэнна атрымлівалася, але нядоўга, бо педагагічная дзейнасць аказалася больш блізкай і роднай. Вярнуліся. І я засвоіла галоўны ўрок: не варта марнаваць час, калі адчуваеш, што настаўніцтва — у тваёй крыві. Быць педагогам для мяне — прызванне, гэта назаўсёды.
— Рэгіянальны ўніверсітэт — выбар свядомы або выпадковы?
— Адназначна свядомы і падтрыманы сям’ёй. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава — альма-матар многіх прадстаўнікоў нашай педагагічнай дынастыі. Студэнцкія гады ўспамінаю з удзячнасцю да выкладчыкаў, цёплымі пачуццямі да аднакурснікаў. Гэта магутная прафесійная база, сплаўленая з імкнення да новых ведаў, сяброўства, пазітыву. Калі атрымлівала свой чырвоны дыплом, у сэрцы адгукалася радаснае: “Вучоба мая ўдалася”. Прывяду як прыклад толькі адзін характэрны момант. У інтэрнаце я жыла з дзвюма суседкамі, мы па сённяшні дзень падтрымліваем адносіны. У кожнай з нас дыплом з адзнакай. Жартуем паміж сабой, што зарадзілі інтэрнацкі пакой на поспех для наступных пакаленняў студэнтаў!
— Працаваць пачалі ў Гарадку?
— Не, да гэтага было працоўнае лета ў Езярышчы. Уладкавалася ў дзіцячы сад літаральна на сезон, я тады яшчэ вучылася ва ўніверсітэце. Хацелася ўсю прафесійную кухню знутры па магчымасці вывучыць і сябе выпрабаваць у рабоце. Засталася задаволеная. Мне гэты вопыт вельмі спатрэбіўся, калі ў мінулым годзе пасля размеркавання прыйшла на першае працоўнае месца. Адаптавалася хутка. Не ў апошнюю чаргу таму, што раней на практыцы засвоіла ўсе значныя арганізацыйныя моманты. Галоўнае, я люблю дзяцей, сваю работу і ў калектыве мяне прынялі як сваю. Не было такога, каб прадставілася кіраўніцтву і калегам, пастаяла збоку белай варонай — ды засталася, вобразна кажучы, на выселках, пакуль малады спецыяліст. Атрымалася з дакладнасцю да наадварот: амаль адразу ўключылася ў агульныя справы. Сярод вызначальных прыярытэтаў, якія дапамагаюць у прафесійным станаўленні, хочацца асобна вылучыць удзел у конкурсным руху. Цікава, пашырае магчымасці і моцна матывуе.
— У якіх конкурсах за год з невялікім паўдзельнічалі?
— Усе яны або маюць непасрэднае дачыненне да маёй прафесіі, або з ёй судакранаюцца. Напрыклад, традыцыйна праводзіцца конкурс маладых работнікаў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Гарадоцкага раёна “Стымул”. На мінулым конкурсе ўдзельнікам прапаноўвалася зрабіць прэзентацыі ў дзвюх намінацыях, “Праект банера. Дзень пісьменства — 2023. Гарадок” і “Макет любімай кнігі”, а трэці тур праходзіў у фармаце інтэлектуальнага турніру. У мяне 2-е месца. Кнігу беларускага пісьменніка патрабавалася прадставіць на роднай мове так, каб яскрава прасочвалася сувязь пакаленняў. Я выбрала “Сымона-музыку” Якуба Коласа, цяпер гэты макет упрыгожвае фае на першым паверсе нашага дзіцячага сада. Удзельнічала ў рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”, перамагла на раённым этапе. Да абласнога конкурсу “Лічбавыя адукацыйныя рэсурсы ў фарміраванні сацыяльна-маральных і асобасных кампетэнцый выхаванцаў установы дашкольнай адукацыі” падрыхтавала сцэнарый развіццёвага мультфільма пра сяброўства, над конкурснай работай мы працавалі на базе нашай анімацыйнай студыі “Мульці-Land” разам з яе кіраўніком Аленай Генадзьеўнай Пакуш. Па выніках гэтага конкурсу ў мяне дыплом ІІІ ступені. Зараз удзельнічаю ў адкрытым абласным конкурсе публікацый “ІДЭЯ” сярод выхавальнікаў, настаўнікаў, педагагічных работнікаў спецыяльнай адукацыі. Прыемна, што маім першым прафесійным перамогам шчыра радуюцца калегі, што падтрымлівае кіраўніцтва дзіцячага сада, аддзела па адукацыі райвыканкама. Але ўдвая прыемней радасць і гонар у вачах маіх бацькоў, бабулі Ганны — яны бачаць дастойны працяг сямейнай дынастыі.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара