Педагог з Маларытчыны ўстанавіў уладальніка знойдзенага баявога медаля

- 10:02Новости

Кіраўнік гістарычна-краязнаўчага музея Мельніцкай базавай школы Маларыцкага раёна, выдатнік асветы БССР, настаўнік-метадыст Пётр Ківачук устанавіў імя ўладальніка медаля «За адвагу», знойдзенага на месцы жорсткіх баёў, якія ішлі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны па лініі абароны Хаціслаў — Мельнікі — Мелавая гара.

Спачатку педагог некалькі разоў перагледзеў матэрыялы 7 экспазіцый школьнага музея: «Гісторыя ўзнікнення вёскі і яе развіццё да 1941 г.», «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і бой ля вёсак Мельнікі і Хаціслаў 25 чэрвеня 1941 г.», «Партызанскі рух у Маларыцкім раёне і ўдзел у ім жыхароў вёсак Мельнікі і Хаціслаў», «Аперацыя савецкай разведкі 14 мая 1944 г. па выратаванні і адпраўцы ў Маскву польскай дэлегацыі на сустрэчу са Сталіным», «Нашы аднавяскоўцы — удзельнікі вызвалення Еўропы ад фашызму», «Трагедыя партызанскіх сем’яў» і «Гісторыя Мельніцкай школы: 1884—2016 гг.» Але сярод багатага матэрыялу, які скрупулёзна збіраўся і захоўваецца ва ўстанове з 1969 г., Пётр Ківачук адказу не знайшоў. Не дапамаглі і ўспаміны вяскоўцаў, і інфармацыя мясцовых краязнаўцаў.

Тады педагог звярнуўся па дапамогу да Глеба Цукалава, унука камандзіра ўзвода 115-га стралковага палка малодшага лейтэнанта Ігната Цукалава. Глеб Валер’евіч не адзін год сур’ёзна вывучае баявы шлях 75-й стралковай дывізіі, якая ў ліку першых прыняла на сябе ўдар на тэрыторыі Маларыцкага раёна і да 27 чэрвеня 1941 г. стрымлівала на сваім участку прасоўванне нямецкіх захопнікаў. Большасць воінаў дывізіі з чэрвеня па верасень 1941 г. загінулі і зніклі без вестак, многім давялося перажыць жахі фашысцкіх канцлагераў. Тыя, каму ўдалося вырвацца з акружэння, працягвалі ваяваць. Частка дакументаў 75-й стралковай дывізіі па розных прычынах была страчана яшчэ пад Маларытай. Пётр Ківачук спадзяваўся, што Глеб Цукалаў дапаможа знайсці ўладальніка медаля. І не памыліўся!

На адваротным баку медаля выбіты яго рэгістрацыйны нумар 3447655. Глеб Цукалаў звярнуўся ў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расіі. Там і дапамаглі знайсці ўладальніка ўзнагароды. Ім аказаўся жыхар вёскі Мельнікі Рыгор Саўчук.

У школьным гістарычна-краязнаўчым музеі ёсць фотаздымак гэтага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Ён усё жыццё пражыў у родных Мельніках, выгадаваў з жонкай 6 дзяцей. Рыгор Саўчук не вельмі любіў успамінаць і расказваць пра гады ліхалецця, падчас якога яму давялося многае ўбачыць і перажыць. Ён быў героем вайны, але пра сваё геройства не расказваў на сустрэчах з вучнямі мясцовых школ. Пра тое, што Рыгор Саўчук узнагароджаны медалём «За адвагу», не ведалі нават яго дзеці. І толькі праз 80 гадоў пасля вызвалення Маларытчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гэта стала вядома.

Ва ўзнагародным лісце, выдадзеным Цэнтральным архівам Міністэрства абароны Расіі  і дасланым Глебам Цукалавым, напісана: «Саўчук Рыгор Трафімавіч, 1927 года нараджэння, гвардыі малодшы сяржант, камандзір гарматы 71-га гвардзейскага цяжкага танкавага самаходнага  палка 12-й гвардзейскай танкавай дывізіі 2-й танкавай арміі, беларус, член УЛКСМ, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з 12 снежня 1944 года па 1 мая 1945 года».

Рыгор Саўчук, ваюючы стралком-аўтаматчыкам на Берлінскім напрамку, 1 мая 1945 г. атрымаў раненне ў левае плячо. Нягледзячы на гэта, не пакінуў поле бою, працягваў страляць па ворагу і знішчыў яшчэ 9 салдат. За праяўленую мужнасць і адвагу ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзнагароджаны медалём «За адвагу». Пазней Рыгор Саўчук атрымаў медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «30 гадоў Савецкай Арміі і Флоту», ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Пасля вайны Рыгор Саўчук, які пайшоў на фронт не маючы яшчэ і 18 гадоў, скончыў палкавую школу, атрымаў званне малодшага сяржанта, камандаваў гарматным разлікам. У арміі адслужыў 7 гадоў.

Як медаль «За адвагу» апынуўся ў лесе на былой лініі абароны ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, невядома. Пётр Ківачук у бліжэйшы час збіраецца перадаць знойдзены медаль дачцэ Рыгора Саўчука.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара