У рабоце з пачаткоўцамі настаўніца брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Дар’я Качамірава звяртаецца да аўтарскіх вучэбных задач, якія дапамагаюць паспяхова авалодаць замежнай мовай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пры вывучэнні тэмы “Прадукты харчавання” педагог прапануе трэцякласнікам скласці крыжаванку, прычым не толькі для аднакласнікаў, але і для шасцікласнікаў. Дзецям вельмі падабаецца такое заданне, бо распрацаваць яго для старэйшых школьнікаў ганарова і адказна.
— Вучні таксама любяць маляваць генеалагічнае дрэва сваёй сем’і і прэзентаваць вынікі работы ў класе, — гаворыць Дар’я Качамірава. — Школьнікі маляўніча афармляюць дрэвы: малююць членаў сям’і, уклейваюць іх фотаздымкі. Выконваючы гэтую задачу, дзеці вучацца выкарыстоўваць у маўленні лексіку па тэме “Сям’я”. Вынікам работы з’яўляецца выстава малюнкаў, з якімі знаёмяцца не толькі аднакласнікі.
Яшчэ настаўніца прапануе выхаванцам падрыхтаваць запрашэнне на дзень нараджэння, выкарыстоўваючы каляровыя алоўкі, фламастары, фарбы і іншыя матэрыялы. Запрашэнне павінна быць прыгожым і без памылак. Працуючы над ім, дзеці вучацца складаць невялікія па аб’ёме тэксты на нямецкай мове. У якасці апоры педагог прапануе пачатак сказаў.
— Перад напісаннем запрашэнняў на факультатыўных занятках вучні знаёмяцца з прыкладнымі тэкстамі аналагічнага характару нямецкіх школьнікаў, паўтараюць парадкавыя лічэбнікі, прыназоўнікі месца і часу ў нямецкай мове, а таксама сачыняюць нескладаныя сказы па тэме. Акрамя таго, дзеці параўноўваюць нямецкамоўныя і рускамоўныя запрашальныя паштоўкі. Малодшыя школьнікі з цікавасцю шукаюць падабенства і адрозненне паміж чужой і роднай культурай, — заўважае Дар’я Качамірава.
Паколькі вучням падабаюцца рыфмаванкі, вершы і песні, перад падрыхтоўкай запрашэнняў настаўніца развучвае іх з дзецьмі для паўтарэння назваў месяцаў і праводзіць карагоды. Такім чынам ствараецца станоўчая эмацыянальная атмасфера і фарміруецца цікавасць да работы.
— Даволі эфектыўныя ў вывучэнні нямецкай мовы і разнастайныя інсцэніроўкі. Так, прапаную дзецям інсцэніраваць казку “Калабок”, падабраўшы для сябе адпаведныя ролі. Такую пастаноўку мэтазгодна арганізаваць з трэцякласнікамі напрыканцы навучальнага года — пасля вывучэння тэмы “Жывёлы”, — працягвае педагог. — Школьнікі на ўроках чытаюць казку па ролях, звяртаючы ўвагу на інтанацыю сказаў. Дзеці апісваюць казачных герояў (іх знешнасць і характар) па-нямецку, рыхтуюць з дапамогай родных дэкарацыі і касцюмы. Сумесная работа згуртоўвае і дорыць шмат станоўчых эмоцый. А вось для замацавання лексікі па тэме варта паглядзець мультфільм “Калабок” на нямецкай мове і абмяняцца потым уражаннямі.
Не менш цікава вучні працуюць і над інсцэніроўкай апавядання Томаса Шлёйзінга “У Лілі дзень нараджэння”, выкарыстоўваючы цацкі (фігуркі звяроў). Дзеці загадзя рыхтуюцца да пастаноўкі: прыносяць цацкі, афармляюць дэкарацыі. Апавяданне прайграецца з задавальненнем некалькі разоў. Асаблівым поспехам карыстаецца гульня-драматызацыя паводле гэтага твора. Вучні самі выбіраюць сабе ролі і добра засвойваюць лексічны матэрыял па тэме “Жывёлы”.
— Авалодаць замежнай мовай дапамагаюць і вершы нямецкіх класікаў, — расказвае Дар’я Качамірава. — Дзеці дэкламуюць паэтычныя творы, звяртаючы ўвагу на інтанацыю, вымаўленне і паўзы, і ствараюць малюнкі да вершаў. У якасці прыкладу прапаную на выбар адаптаваныя вершы Ёгана Гётэ Meeresstille і Mailied і Тэадора Шторма Über die Heide.
Вучні чытаюць творы на ўроках і факультатыўных занятках з настаўнікам, а дома — з бацькамі. Дзеці любяць рабіць ілюстрацыі да прачытаных вершаў. Даволі эфектыўнае праслухоўванне аўдыязапісаў, створаных носьбітамі нямецкай мовы. Дзякуючы гэтаму, дзеці вучацца слухаць і разумець іншамоўнае маўленне на слых, засвойваюць новую лексіку. Разам з тым у школьнікаў выпрацоўваецца правільнае маўленне, фарміруецца яго выразнасць.
— Пачаткоўцы ахвотна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і арганізацыі розных конкурсаў, — гаворыць настаўніца. — Асаблівай папулярнасцю карыстаецца конкурс чытальнікаў, дзе вучні дэкламуюць вершы, паказваюць малюнкі і слайды. Выступленні ацэньвае журы з ліку педагогаў і старэйшых школьнікаў. Спаборніцтва дысцыплінуе, вучыць адказным адносінам да работы, фарміруе сяброўскія пачуцці і ўзаемадапамогу.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі





