Педагогі дзіцячага сада № 7 Петрыкава знаходзяць падыход да кожнага выхаванца

- 9:00Главная, Образование

Раніца ў выхаванцаў дзіцячага сада № 7 Петрыкава пачынаецца ўрачыста — з Дзяржаўнага гімна. Дзеці ўпэўнена яго выконваюць, а добрая традыцыя абяцае, што дзень пройдзе на ўра! Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзяцінства — важны перыяд у жыцці кожнага чалавека, бо ад таго, як яно прайшло, залежыць, якім будзе далейшае станаўленне дзіцяці, які будзе ўзровень развіцця яго здольнас­цей, маральных якасцей. У 7-м пет­рыкаўскім дзіцячым садзе створана асаблівая атмасфера — утульнасці, камфорту, добразычлівасці і партнёрства. Гэта адчуваецца ўжо пры першым наведванні ўстановы. Стварэнне спрыяльнай абстаноўкі дапамагае малышам хутчэй адаптавацца ў калектыве і адчуваць сябе як дома. Дзякуючы вопытным педагогам, хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць максімум увагі і клопату. Пакуль побач няма мамы і таты, выхавальнікі вучаць малышоў правілам паводзін у соцыуме, дапамагаюць ім раскрыць свае магчымасці і набыць новыя навыкі.

У пастаянным развіцці

Загадчыца дзіцячага сада з 43-гадовым педагагічным вопытам Галіна Каса акцэнтуе ўвагу на галоўным патэнцыяле ўстановы — кадрах. Выхавальніцы Надзея Глушко і Ларыса Рэут разам з нас­таўнікам-дэфектолагам Галінай Беластоцкай паспяхова рэалізуюць як агульнаадукацыйныя, так і шэраг карэкцыйных задач. Дае вынікі і іх работа з дзецьмі, якія маюць парушэнні ў маўленні. Беражлівы і індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці дапамагае педагогам дасягаць поспеху. Таксама ва ўстанове працуе раённы рэсурсны цэнтр па фарміраванні асноў бяспекі жыцця­дзейнасці, што дае магчымасць фарміраваць у дзяцей навыкі правільных паво­дзін у надзвычайных сітуацыях.

— У нашым садзе функцыянуюць шэсць груп, у якія кожную раніцу спяшаюцца 80 маленькіх чамучак, — гаворыць Галіна Фёдараўна. — Дзве групы спецыяльныя і адна інтэграваная. У іх дзеці займаюцца пад чулым кіраў­ніцтвам педагогаў, якія робяць усё магчымае, каб выхаванцы пераадолелі маўленчы бар’ер. Самы галоўны і важны патэнцыял нашай установы — прафесіяналы сваёй справы.

У садзе працуюць 20 педагогаў, з іх сем чалавек — з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і шэсць — з першай. Штат папоўнілі і чатыры маладыя спецыялісты. Кожны з іх імкнецца павысіць сваю кампетэнтнасць.

— У гэтым навучальным го­дзе перад педагогамі ўстановы ста­яць дзве задачы: захаваць і ўмаца­ваць здароўе выхаванцаў праз забеспячэнне псіхалагічнай бяспекі і фарміраванне нацыянальнай свядомасці ў дзяцей, — працягвае загадчыца. — Выхаванне патрыятычных пачуццяў, любові да роднага краю, культуры і традыцый пачынаецца з дашкольнага ўзросту.

У петрыкаўскім садзе не так даўно з’явілася добрая традыцыя, якую педагогі лічаць фішкай. У чац­вер — дзень правядзення заняткаў па беларускай мове — раніца ў кожнага дзіцяці пачынаецца адметна: разам з выхавальнікамі дзеці спяваюць Дзяржаўны гімн. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі ведаюць, як сябе паводзіць пры яго выкананні, але і з задавальненнем гучна яго спяваюць, ведаюць словы.

Значная ўвага ўдзяляецца фізічнаму і псіхалагічнаму здароўю дзетак, створаны ўсе ўмовы для развіцця юных грамадзян. Фізічная культура ў дзіцячым садзе — важны складнік агульнага развіцця выхаванцаў. Кожны з бацькоў хоча бачыць сваю дачку ці сына здаровым, актыўным і жыццярадасным. Каб дзіця заўсёды было такім, асновы трэба закладваць як мага раней. Менавіта таму ў садзе вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю спрыту, сілы і вынослівасці малышоў. Кіраўнік фізічнага выхавання Галіна Голік больш за 30 гадоў працуе з дзецьмі. Яна сапраўдны ас, у яе вельмі багаты вопыт. Педагог выкарыстоўвае асобасна арыентаваны падыход, ведае стан здароўя кожнага выхаванца. Яна ўпэўнена, што фізічная культура ў дзіцячым са­дзе садзейнічае развіццю ра­зумовых здольнасцей, мыслення, увагі, успрымання, фарміраванню шкілета, правільнай паставы і паляпшэнню стану імуннай сістэмы. Педагог з радасцю дзеліцца сваім багатым вопытам з калегамі на адкрытых занятках, спартыўных мерапрыемствах актыўнага адпачынку.

Адкарэкціраваць паводзіны дзіцяці, пакуль у яго пластычная псіхіка, дапамагчы выхавальніку разабрацца ў складанай сітуацыі і падказаць бацькам, як правільна выбудоўваць зносіны з дзіцем, — асноўныя задачы педагога-псіхолага Наталлі Кебец. Акрамя гэтага, яна клапоціцца пра тое, каб у да­школьнай установе быў спрыяльны псіхалагічны клімат як для выхаванцаў, так і для супрацоў­нікаў. Таксама праводзіцца вялікая работа з бацькамі ў рамках мацярынскай школы. Педагагічная падтрымка дае магчымасць татам, мамам і дзеткам хутчэй адаптавацца, кароткачасова наведваючы ўстанову дашкольнай адукацыі.

У рамках адукацыйнага праекта “Інфарматыка без разеткі” ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту развіваецца лагічнае мысленне і фарміруюцца алгарытмічныя ўменні без выкарыстання камп’ютара. Чатыры цьютары зай­маюцца падрыхтоўкай дашкольнікаў да далейшага навучання ў галіне інфарматыкі, інжынерных і прыродазнаўчых навук. Акрамя гэтага, у садзе рэалізуецца праект “Зялёныя школы”.

Рэсурс бяспекі

Першыя крокі ў свет бяспекі дзеці робяць пад наглядам дарослых: у садзе функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр па фарміраванні бяспекі жыццядзейнасці.

— Рэсурсны цэнтр поўнасцю створаны рукамі педагогаў, і дзецям падабаецца праводзіць тут час з карысцю, — акцэнтуе ўвагу кіраўнік цэнтра намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталля Галавач. — Выхаванцы наведва­юць кабінет кожны дзень, займаюцца па яркіх дапаможніках, гуляюць у дыдактычныя гульні, прымяраюць касцюмы ратавальнікаў.

Праграма па навучанні транспартнай, пажарнай, экалагічнай бяспецы пры надзвычайных сітуацыях пабудавана на прынцыпах гульні. А атрыманне ведаў, запэўнівае педагог, адбываецца на падсвядомым узроўні шляхам шматразовага пражывання зма­дэляваных сітуацый і выканання правільных дзеянняў у надзвычайных сітуацыях.

Заняткі ў цэнтры наведва­юць выхаванцы не толькі 7-га сада, але і іншых дашкольных устаноў. Шмат мерапрыемстваў праводзіцца ў цесным супрацоўніцтве з МНС і іншымі ведамствамі.

— Штуршком для развіцця ў гэтым напрамку стаў паспяховы ўдзел у конкурсе “Бяспечнае дзяцінства”, — працягвае аповед Наталля Галавач. — На ім мы атрымалі “серабро” і з таго часу не стаім на месцы — пастаянна ўдасканальваем веды па бяспецы жыццядзейнасці. Напрыклад, зараз сярод выхаванцаў вялікай папулярнасцю карыстаюцца тэматычныя спектаклі, у якіх яны прымаюць непасрэдны ўдзел. Больш за ўсё ім падабаецца адчуваць сябе ў ролі эксперта і тлумачыць сваім сябрам, як правільна сябе паво­дзіць, скажам, падчас пажару.

Каштоўна кожнае слова

З году ў год колькасць дзяцей з парушэннямі маўлення павяліч­ваецца. Адкрываюцца ўсё новыя маўленчыя групы ў дзіцячых садах і школах, пункты карэкцыйнай дапамогі. У дзяцей бываюць розныя праблемы, многія не могуць справіцца з вымаўленнем новых гукаў, таму паклапаціцца аб правільным фарміраванні маўлення бацькам варта загадзя. У прадухіленні і выпраўленні гэтых праблем дапамагае наведванне групы для дзяцей з парушэннямі маўлення.

Работа з дзецьмі ў гэтым напрамку праводзіцца сур’ёзная. Тут важныя нагляднасць, паўтарэнне, замацаванне, — адзначае педагог сярэдняй спецыяльнай групы Надзея Глушко. — Заняткі з настаўнікам-дэфектолагам право­дзяцца эфектыўна, рэгулярна і паслядоўна, да таго ж аказваецца пастаянная падтрымка з боку выхавальніка, гэта значыць, адбываецца замацаванне пройдзенага матэрыялу і пастаўленых гукаў. Гукі паставіць бывае няцяжка, а вось аўтаматызаваць іх і ўвесці ў штодзённае маўленне — складана. Кожнаму дзіцяці на гэта патрабуецца розны час. Шмат залежыць ад лагапеда (настаўніка-дэфектолага), бацькоў і самога дзіцяці. Для спецыялістаў заўсёды важная ўзаемная зацікаўленасць у выніку.

Летась работа выхавальнікаў групы Ларысы Рэут і Надзеі Глушко ў тандэме з настаўнікам-дэфектолагам Галінай Беластоцкай мела поспех. Педагогі, дзякуючы эфектыўным методыкам і прыёмам, рэалізавалі шэраг карэкцыйных задач. У рамках вывучэння кожнай тэмы настаў­нік-дэфектолаг і выхавальнікі праводзілі карпатлівую работу па ўдакладненні, узбагачэнні і актывізацыі слоўнікава запасу, фарміраванні навыкаў словазмянення і словаўтварэння, умення складаць сказы. Добры вынік, якога ўдалося дасягнуць у рабоце з выпускнікамі мінулага года, натхняе: ва ўсіх дзяцей маўленчыя праблемы былі пера­адолены.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара