Педагогі гімназіі Лунінца стварылі глобус перамог сваіх навучэнцаў

- 9:00Главная, Образование

На глобусе перамог, які стварылі педагогі гімназіі Лунінца, адзначаны краіны, дзе навучэнцы паказалі найлепшы вынік на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях у экалагічным кірунку. Тут стракацяць сцяжкі з імёнамі і фота даследчыкаў, якія заваявалі для Беларусі 7 залатых, 2 сярэбраныя і 1 бронзавы медаль. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

ЗША, Інданезія, Бразілія, Кенія, Турцыя — гэта няпоўны пералік краін, у якіх былі прызнаны лепшымі праекты старшакласнікаў Ільі Карпяца, Хрысціны Неўдах, Уладзіслава і Ксеніі Андрэйчук, Уладзіслава Барысевіча, Валерыі Латышэвіч.

Да новага навучальнага года дырэктар установы Ірына Абраменя падрыхтавала канверцік са сцяжкамі для імён будучых пераможцаў:

Гэта не намінальныя перамогі на паперы і на нашым глобусе — многія навучэнцы зрабілі свой уласны прадукт, чым прынеслі рэальную карысць нашай навуцы. Так, напрыклад, Ілья Карпец стварыў мікапратэін на другасных адходах малочнай прадукцыі, а Уладзіслаў Андрэйчук вывучаў водарасць трантэполію, якая расце на кары дрэў. Ён даказаў, што гэтая водарасць змяшчае ў сабе караціноіды і таму можна выкарыстоўваць яе для вытворчасці біялагічна-актыўных дабавак. Праект Ксеніі Андрэйчук па распрацоўцы і апрабацыі мікафільтраў у 2021 г. быў адзначаны залатым медалём у Турцыі і стаў важным адкрыццём у кірунку радыеэкалогіі. Яна стварыла мікафільтры для дэзактывацыі цэзію ў глебе. У мінулым навучальным годзе праект Валерыі Латышэвіч «Радыяцыйны маніторынг вызначэння эфектыўных спосабаў зніжэння радыенуклідаў у ягадах» таксама быў адзначаны залатым медалём на міжнароднай алімпіядзе навуковых праектаў у Турцыі.

Гімназісты, якія цікавяцца экалогіяй, з’яўляюцца ўдзельнікамі навуковага таварыства навучэнцаў «Батаніка. Прыкладная мікалогія», ім кіруе старшы выкладчык кафедры батанікі біялагічнага факультэта БДУ і педагог дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алеся Шавялёва. Выкладчык праводзіць з падлеткамі анлайн-заняткі, а таксама запрашае ў Мінск, каб яны маглі папрацаваць у лабараторыі. Разам з Алесяй Аляксандраўнай маладыя навукоўцы і рэалізуюць свае праекты.

Такія высокія перамогі з’яўляюцца таксама вынікам шматгадовай работы многіх педагогаў гімназіі, якія прывіваюць цікавасць да даследаваняў дзецям ужо з першага дня іх навучання. У прыватнасці, самыя першыя крокі ў свет навукі юныя гімназісты робяць пры падтрымцы настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Кароль, кіраўніка аб’яднання па інтарэсах «Сацыяльная экалогія». Пра яе спосабы зацікавіць навукай, пра аўтарскія метадычныя распрацоўкі і педагагічныя знаходкі чытайце ў хуткім часе ў «Настаўніцкай газеце».

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара