Педагогі Гомельшчыны — калектыў аднадумцаў

- 11:27Адукацыйная прастора

Шмат цёплых віншаванняў, узнагарод за добрую працу і цікавых канцэртных нумароў атрымалі педагогі Гомельшчыны напярэдадні Дня настаўніка.

Педагагічную грамадскасць вітаў начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. Ён адзначыў, што ў вобласці склаўся вельмі добры, высокапрафесійны калектыў педагогаў, калектыў аднадумцаў, з якімі заўсёды можна працаваць на аснове даверу і ўзаемаразумення.

Сёлета Гомельская вобласць стала першай у рэспубліцы сярод абласцей па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Сваіх выпускнікоў-стабальнікаў удалося падрыхтаваць 26 педагогам. За сваю стараннасць усе яны былі ўзнагароджаны граматамі, падзякамі і каштоўнымі прызамі.

Узнагарод у гэты дзень было шмат. Нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” атрымалі дырэктар Гомельскага дзяржаўнага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Таццяна Радкоўская і начальнік рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі Уладзімір Глазуноў. Дарэчы, Уладзімір Іванавіч з’яўляецца ініцыятарам універсітэцкіх субот, якія, паспяхова стартаваўшы на Гомельшчыне, сталі папулярным прафарыентацыйным мерапрыемствам ва ўсёй рэспубліцы.

Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны дырэктар Камарынскага фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Мікалай Шубянок, граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — дырэктар Васілевіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Ігар Цыцура. Многія педагогі атрымалі граматы і падзякі Гомельскага аблвыканкама, Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі і Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Не засталіся ўбаку і абласныя аддзяленні грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру”, якія з даўніх часоў з’яўляюцца надзейнымі партнёрамі адукацыйнай сферы Гомельшчыны.

Кубкамі, дыпломамі ўпраўлення адукацыі і сертыфікатамі на атрыманне спартыўнага інвентару ўзнагароджаны аддзелы адукацыі, спорту і турызму раёнаў, каманды якіх сталі пераможцамі і прызёрамі ХХІХ Абласной спартакіяды школьнікаў. Падзякі за актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемствах атрымалі і асобна педагогі.

На Гомельшчыне даўно склалася добрая традыцыя: штогод падчас святкавання Дня настаўніка словы ўдзячнасці гучаць у адрас педагогаў-хлебаробаў. У намінацыі “Хвала рукам, што пахнуць хлебам” узнагароды атрымліваюць работнікі ўстаноў адукацыі, якія ўнеслі свой уклад у збор ураджаю. Проста дзівішся, як шмат такіх працаўнікоў, тым больш што сярод іх нямала жанчын. Сёлета, напрыклад, чатыры настаўніцы працавалі ў полі, тры з іх — з устаноў адукацыі Рэчыцкага раёна. А ёсць і такія педагогі, хто сумяшчае настаўніцтва з працай у полі амаль усё жыццё. Настаўнік фізікі і працоўнага навучання Варатынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна Леанід Макушынскі яшчэ дванаццацігадовым хлапчуком пачынаў працаваць на жніве з бацькам, не пакідаў справу і ў студэнцкія гады. Цяпер да хлебаробскай працы прывучае свайго сына Мікалая, навучэнца 11 класа. У гэтым годзе каманда бацькі і сына намалаціла амаль тысячу тон збожжа.

У намінацыі “Зберагаючы традыцыі” ўзнагароду прымала загадчык аддзела Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска, кіраўнік узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Каларыт”, прызёр Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” Алена Рашэцька. Асноўны напрамак яе творчасці — беларускія народныя рамёствы. Алена Алегаўна абвяргае сцвярджэнне песімістаў, якія запэўніваюць, што сучасным дзецям гэта нецікава: яе студыю наведваюць 120 юнакоў і дзяўчат, якія прынялі ўдзел і атрымалі перамогі ў мностве конкурсаў рознага ўзроўню.

Педагог-майстар — гэтае высокае званне атрымала выкладчык старшыня цыклавой камісіі “Працоўнае навучанне і выяўленчае мастацтва” Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Валянціна Драгоева. Каледжу прысвечана ўся працоўная дзейнасць Валянціны Леанідаўны. Больш як 30 гадоў вучыць яна будучых настаўнікаў перадаваць свае пачуцці і эмоцыі праз малюнкі. Творчыя працы навучэнцаў педагога-майстра атрымліваюць высокія ўзнагароды на абласных і рэспубліканскіх конкурсах, а сама Валянціна Леанідаўна з’яўляецца аўтарам шэрага артыкулаў у зборніках навукова-практычных канферэнцый і часопісах.

Высокі прафесіяналізм, мудрасць, цярпенне, адданасць прафесіі і сапраўдная любоў да дзяцей — усё гэта дазволіла выдатнаму педагогу Валянціне Іванаўне Ісаевай на ўсе часы застацца добрым успамінам і лепшым прыкладам у памяці вучняў. Яна з тых, чыё дзяцінства было апалена вайной. Магчыма, таму ў яе сэрцы так шмат любові і дабрыні да дзяцей і да людзей увогуле. Педагагічны стаж Валянціны Іванаўны складае 55 гадоў, і амаль усе яны прайшлі ва ўстановах адукацыі Жлобіншчыны. Апошнія 15 гадоў працы настаўніцы хіміі прайшлі ў сярэдняй школе № 13 Жлобіна. У намінацыі “Чалавек-легенда” Валянціну Іванаўну віншавала і выказвала ёй словы падзякі былая вучаніца, а сёння настаўніца хіміі той жа жлобінскай школы Вольга Шышова.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.