Педагогі Касцюковіч клапоцяцца пра тое, каб школьнікі адпачывалі з карысцю

- 12:25Пресс-тур «Настаўніцкай»

Лета ў сярэдняй школе № 1 Касцюковіч насычанае. Педагогі клапоцяцца пра тое, каб школьнікі адпачывалі з карысцю. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На працягу летніх канікул дзейнічаюць некалькі разнапрофільных змен у школьным лагеры. Не першы год арганізоўваецца профільны аздараўленчы лагер “Абаронца”. Дырэктар навучальнай установы Святлана Касцянкова расказала, што напрыканцы змены заўсёды праводзіцца ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”, дзе дзеці дэманструюць свае спартыўныя і ваенныя навыкі.

 У час нашага візіту якраз адбывалася закрыццё змены, таму мы на ўласныя вочы пабачылі, з якім азартам хлопцы і дзяўчаты пераадольвалі падрыхтаваную для іх спартыўную паласу. Акрамя таго, “Зарніца” праходзіла з удзе­лам начальніка групы прызыву на вайсковую службу Касцюковіцкага РВК маёра Паўла Гарбачова.

— Мы заўсёды запрашаем прадстаўнікоў раённага ваеннага камісарыята і не толькі. Робім гэта, каб захоўваць і ўмацоўваць традыцыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, развіваць у іх пачуццё любові да Радзімы, паважлівае стаўленне да службы ў войску, — адзначыла Святлана Анатольеўна.

Важнае значэнне маюць і тэматычна-асветніцкія дыялогавыя пляцоўкі для старшакласнікаў. У прыватнасці, у дыялогавай пляцоўцы “Мо­ладзь і права” прынялі ўдзел першы сакратар Касцюковіцкага РК ГА “БРСМ” Лізавета Андрэйчанка, адвакат юрыдычнай кансультацыі Касцюковіцкага раёна Аляксандр Астапенка. Падчас сустрэчы ішла гаворка аб асноўных напрамках дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Беларусі, аб правах моладзі ў жыллёвай, працоўнай і іншых сферах жыцця.

Акрамя таго, летам вучні 1-й касцюковіцкай школы — актыўныя ўдзельнікі экскурсійнага руху. Цікавымі з’яўляюцца гістарычныя экскурсіі, выхады на прыроду, якія суправаджаюцца пазнавальнымі загадкамі і рухавымі гульнямі. Напрыклад, экскурсійны маршрут “Знакавыя месцы майго роднага горада” знаёміць з гісторыяй узнікнення Касцюковіч, этапамі станаўлення і развіцця горада. Дарэчы, Касцюковічы — самы ўсход­ні з усіх гарадоў Беларусі, размешчаны на рацэ Жадунька. Першая згадка пра яго датуецца 1508 годам. Сёлета Касцюковічам спаўняецца 512 гадоў.

З канца чэрвеня ў школе арганізавана працоўная практыка для фарміравання працавітасці, адказнасці, самастойнасці, ініцыятыўнасці. Да таго ж зробленае сваімі рукамі цэніцца значна вышэй, таму калі школьнікі навядуць парадак на тэрыторыі сваёй школы, то і падтрымліваць яго бу­дуць з большай ахвотай.

 ***

Такога ж прынцыпу прытрымліваюцца ў Мурынборскай сярэдняй школе Касцюковіцкага раёна. Тут у лагеры працы і адпачынку “Імпульс” навучэнцы даглядаюць школьны агарод і не толькі.

Настаўніца працоўнага навучання Алена Прыходзькіна з навучэнцамі

Немалая тэрыторыя навучальнай установы ўражвае сваёй дагледжанасцю: роўны газон, прыгожыя кветнікі і праполатыя грады, на якіх растуць морква, буракі, цыбуля, капуста, бульба.

 Акрамя таго, як зазначыла дырэктар школы Ніна Дыліка, ужо трэці раз вучні школы далучаюцца да сельскагаспадарчага студэнцкага атрада “Зорка” імя воіна-інтэрнацыяналіста ­М.К.Брындзікава, дзе маюць магчымасць падзарабіць.

Але ж расклад у “Імпульсе” не толькі працоўны. Для дзяцей арганізоўваюцца шматлікія тэматычныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Нядаўна ў лагеры прайшоў тэматычны дзень “Беларусь паспяховая”, а напярэдадні Дня Незалежнасці — “Вучымся ў герояў Айчыну любіць”.

Галоўным мерапрыемствам гэтага дня стаў урок мужнасці “Пакуль мы памятаем — мы жывём”, прысвечаны подзвігу аднавяс­коўцаў. На ўроку дзеці гаварылі пра сваіх прадзедаў, якія аддалі жыццё за мірнае неба. Успамінаючы вызваленчую аперацыю “Баг­раціён”, акцэнтавалі ўвагу на дзейнасці партызан, якія актыўна ўдзельнічалі ў аперацыі. Акрамя таго, абмеркавалі фільм “Час вярнуцца”, прагляд якога быў арганізаваны ў лагеры.

Для малодшых дзяцей на базе Мурынборскай сярэдняй школы працуе лагер “Планета дзяцінства”. Яго праграма такая ж насычаная і цікавая, як і ў “Імпульсе”. Тут таксама арганізоўваюцца тэматычныя дні. Напрыклад, у дзень экалогіі асаблівая ўвага ўдзялялася праблеме забруджвання навакольнага асяроддзя. У гульнявой дзейнасці з дапамогай крыжаванак, загадак школьнікі пашырылі свае веды аб рэдкіх, знікаючых раслінах і жывёлах,  замацавалі правілы беражлівых адносін да прыроды.

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА