Педагогі Тухавіцкага дзіцячага сада Ляхавіцкага раёна вялікую ўвагу ўдзяляюць тэатральна-гульнявой дзейнасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Гэта звязана з тым, што сучасныя бацькі з-за недахопу часу мала размаўляюць з дзецьмі, не гуляюць з імі ў сюжэтна-ролевыя гульні, хаця дзеці вельмі любяць інсцэніроўкі казак, падчас якіх паказваюць артыстычныя здольнасці, пашыраюць слоўнікавы запас, развіваюць маўленне, — тлумачыць загадчыца дашкольнай установы Зінаіда Гунько.
Выхавальнікі пастаянна папаўняюць тэатральна-гульнявое асяроддзе ў групах. Так, Жанна Пабягайла размясціла ў тэатральным кутку розныя віды тэатра: кулонавы, конусавы, лялечны, тэатр капялюшыкаў, аднаразовых шклянак, кіндар-сюрпрызаў, хустак і інш. Дзякуючы нестандартнаму падыходу, дзеці з большай ахвотай удзельнічаюць у казачных драматызацыях, вучацца дыялогавым зносінам, праяўляюць фантазію.
Дашкольнікі вельмі любяць дапамагаць вырабляць лялек і атрыбуты да інсцэніровак. Жанна Антонаўна выкарыстоўвае на занятках цацкі, якія мяняюць голас у залежнасці ад персанажа. Выхаванцы вучацца быць актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу.
— Перад інсцэніроўкай казкі “Пых” дзеці спачатку вучацца пераказваць і расказваць яе па карцінках, у тым ліку пасля праслухоўвання ў аўдыязапісе, а затым адказваюць на пытанні, якія прымушаюць думаць, суадносіць, перажываць, — гаворыць Зінаіда Гунько. — А вось пры інсцэніроўцы казкі “Церамок” фарміруецца не толькі правільнае вымаўленне гукаў, але і чуласць да мастацкіх вобразаў.
Конусавы тэатр жывёл, дзе з дапамогай выхавальніка хлопчыкі і дзяўчынкі прыдумляюць эпітэты для Лісы, Мядзведзя, Вожыка і Вавёркі, падштурхнуў Зінаіду Гунько да напісання аўтарскай казкі “Жыві з сябрамі ў ладзе”:
“Жылі-былі ў лесе звяры: Ліса-крыкуха, Мядзведзь-таптун, Вавёрка-паскакуха, Вожык-жэўжык. Аднойчы лясныя жыхары пачулі, як Ліса выхвалялася, што яна самая прыгожая і хітрая: “У мяне самы пушысты хвост, няма нікога больш прыгожага за мяне!”
Саскочыла Вавёрка-паскакуха з верхавіны дрэва і кажа: “Ліса, што гэта ты хвалішся, нічога не робіш, хутка зіма, а ў цябе ніякіх запасаў няма. Ты — Ліса-гультайка!”
Пачула Ліса крыўдныя словы пра сябе ды як закрычыць: “Ніхто ў цябе не пытаецца! Паглядзі на сябе! Хвост толькі і чапляецца за галіны дрэў! Каму патрэбны твае запасы: арэхі ды грыбы? Сквапная ты, Вавёрка!”
Крыўдна стала Вавёрцы, ускочыла яна на дрэва і схавалася ў дупле. А Ліса-крыкуха не спыняецца: “Мядзведзь-таптун, які з цябе толк у лесе? Толькі дрэвы ламаеш ды пужаеш усіх! Вось я — прыгажуня! Мой востранькі нос чуе ўсе пахі! Адна я самая хуткая: магу зайца злавіць, магу мыш дагнаць!”
Спыніўся Мядзведзь-таптун ды кажа: “Ты б сабе нару падрамантавала, а то ўся развалілася. Злая ты, Ліса-крыкуха, усе цябе баяцца. Ні з кім не хочаш па-добраму пагаварыць”. І пайшоў касалапы гуляць з медзведзянятамі.
А Ліса-крыкуха не сціхае: “А хто гэта коціцца тут пад ногі? Вожык спяшаецца! Яблык нясе на калючках. Нічога не умее, толькі колецца! Зараз як схаплю за твой нос, дык нічога ад цябе не застанецца!”
Вожык-жэўжык спыніўся і абурыўся: “Як табе не сорамна! Усіх крыўдзіш у лесе, нагаворваеш… Нікчэмная ты, Ліса-крыкуха”.
Пакаціўся Вожык-жэўжык сваёй дарогай.
Сабраліся звяры на палянцы і пачалі думаць, як Лісу-крыкуху правучыць.
— Давайце яе напужаем, — прапанаваў Мядзведзь-таптун. — Я буду ў барабаны біць і трашчаць голлем, Вавёрка-паскакуха арэхамі кідацца, а Вожык-жэўжык жалудамі.
І вось затрашчала ўсё наўкол. Спалохалася Лісіца-крыкуха, бяжыць, ад страху дрыжыць і кліча: “Сябры, дзе ж вы, дапамажыце, абараніце!”
А звяры пахаваліся і вырашылі: няхай Ліса-крыкуха падумае над сваімі паводзінамі. Жыві з сябрамі ў ладзе — будзеш у спагадзе!”
— Пры інсцэніроўцы казкі выхаванцы прыходзяць да пэўных высноў, параўноўваюць казачных персанажаў, адказваюць на пытанні: “Чые паводзіны і ўчынкі вам спадабаліся і чаму?”, “Якія парады можна даць Лісе?” — працягвае Зінаіда Гунько. — Асаблівая ўвага ўдзяляецца выразнасці маўлення і творчым заданням, якія прымушаюць складаць сказы і будаваць дыялог, развіваюць разумовыя здольнасці дзяцей.
На рахунку юных акцёраў — інсцэніроўкі казак “Як кот звяроў напалохаў”, “Рукавічка”, “Рэпка”, “Каза-манюка”, “Пад грыбам” і інш.
Работа педагогаў па развіцці звязнага маўлення сродкамі тэатралізаванай дзейнасці зацікавіла бацькоў. У планах сумеснай работы — сустрэчы з Несцеркам, Лявоніхай, Бабай Ягой і Карлсанам, а таксама творчая акцыя “Прыдумай казку” з афармленнем кніжкі і інсцэніроўкамі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ





