Педагогі Вялічкавіцкай школы арганізуюць экспедыцыі для папаўнення экспазіцыі этнаграфічнага музея

- 14:11Пресс-тур «Настаўніцкай»

Адраджэнне культурных традыцый, папулярызацыя народных промыслаў і нацыянальных здабыткаў — гэта тое, дзеля чаго ў Вялічкавіцкай сярэдняй школе Салігорскага раёна калісьці быў створаны этнаграфічны музей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як толькі госці пераступа­юць парог музея, іх адразу сустракаюць экскурсаводы — навучэнцы, апранутыя ў нацыянальнае адзенне. Прыгажэйшая за яго, мабыць, толькі беларуская мова, на якой дзеці праводзяць экскурсіі.

“Каб любіць сваю Радзіму, трэба заўсёды памятаць, што мы — беларусы, што жывём на сваёй зямлі. Каб прывіць гэтую любоў і даць веды па гісторыі роднага краю дзецям, з’явілася неабход­насць стварыць этнаграфічны музей “Беларускае Палессе”, — расказ­вае яго кіраўнік настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ала Іванаўна Далматовіч.

Ад ідэі да яе рэалізацыі не адзін крок. Педагог расказала, што адкрыццю музея папярэднічала маштабная пошуковая работа ўсяго школьнага калектыву. Спачатку яна вялася пад кіраўніц­твам настаўніка гісторыі, а інфармацыя, якую ўдалося сабраць і сістэматызаваць, захоўвалася ў музейным кутку “Беларуская хатка”.

“У школе не хапала месца, таму вырашылі, што адзіны музей аграгарадка Вялічкавічы бу­дзе размешчаны ў Доме культуры, — працягвае Ала Далматовіч. — У той час загадчыкам музея была Святлана Віктараўна Радзько. Работнікі Дома культуры таксама збіралі экспанаты, а пасля аб’ядналі іх з тымі, што прынеслі мы. Дзякуючы сумесным намаганням, адкрыты музей налічваў каля 150 экспанатаў асноўнага і 28 дадатковага фонду. А кіраваць ім стала настаўніца пачатковых класаў Антаніна Андрэеўна Шавель”.

Час ішоў, колькасць экспанатаў расла. Як вынік, чатыры гады назад музей быў перанесены ў памяшканне дзіцячага сада.

“З таго часу я пачала гаспадарыць у музеі”, — сціпла адзначае кіраўнік “Беларускага Палесся”.

Сёння памяшканне музея складаецца з двух пакояў. Першы нагадвае інтэр’ер беларускай хаты, другі — класны пакой, дзе стаяць парты і размяшчаецца экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне.

У першым пакоі знаходзіцца макет беларускай печы, ложак, які ўбраны вышытымі падушкамі. Недалёка ад печы — палічкі з драўляным і гліняным посудам. Тут жа, у куце, прылады працы для мужчын, для апрацоўкі льну.

У апошнія гады работа па зборы экспанатаў аднавілася. Для таго каб папоўніць экспазіцыю “Беларускага Палесся”, навучэнцы разам з педагогамі арганізавалі экспедыцыю ў вёску Вейна. Ведаючы, што ў Вялічкавіцкай школе навучэнцы адра­джаюць народную спадчыну, яе жыхары перадалі ў музей 70 экспанатаў. Сярод іх — каштоўныя і рэдкія барана драўляная з драўлянымі зубамі, граблі драўляныя з зубамі “ў шахматным парадку”, ложак драўляны, дзіцячая мэбля.

“Дзякуючы экспедыцыям, была сабрана вялікая коль­касць экспанатаў, — дадае педагог. — Гэта вышыванкі, прадметы конскай вупражы, кола драўлянае ад воза і інш. Таксама мы наведалі жыхароў сваёй вёскі, у выніку чаго былі перададзены ў музей новыя даматканыя льняныя і паркалё­выя ручнікі, накідкі і навалачкі на падушкі, ільняная посцілка — усяго каля 30 экспанатаў”.

Папаўняюць экспазіцыю музея і бацькі навучэнцаў. Сярод рэдкіх экспанатаў — дзяжа з ліпавымі драўлянымі абручамі, валёнкі жаночыя і інш. Іх яны прывозяць з камандзіровак па краіне.

“Краязнаўства — невы­чэрп­ная крыніца выхавання любові да свайго краю, — заўважае Ала Далматовіч. — Мае вучні з вялікай ахвотай збіраюць і народны фальклор. Прымаўкі, прыказкі, загадкі, песні, калыханкі, якія чуюць ад мясцовых жыхароў, старанна запісваюць, а таксама знаёмяцца з народнымі ўмельцамі, якія займаюцца ткацт­вам, вышыўкай, разьбой па дрэве”.

Сёння “Беларускае Палессе” налічвае 338 экспанатаў. У будучыні ўдзельнікі гуртка плануюць пашырыць музей, папоўніць яго прадметамі ваеннага часу, адзеннем ХХ стагоддзя, а таксама актывізаваць навукова-даследчую і пошукавую работу.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА