Педагогіка стварэння

- 14:46Адукацыйная прастора

Пачынаючы з першага дня, пераступіўшы парог школы, дзіця павінна акунуцца ў вір школьных падзей і акалічнасцей, якія вызначаць яго пазіцыю ў класе, яго першапачатковае ўражанне аб іншых і іншых аб ім. Узаемадзеянне аднаго з адным, настаўнікамі будзе залежаць ад таго вопыту, які дзіця набыло ў сям’і, у дашкольнай установе і асобныя нормы і правілы якога перанесла ў свае новыя акалічнасці — школьнае жыццё… і выявіла для сябе, што ў гэтым свеце трэба быць іншым. Але якім?

Прыйшлося задумацца, а хто ў новых сітуацыях дапаможа, падкажа, растлумачыць, папярэдзіць, супакоіць? Хто гэты “хто”; хто гэтыя “яны”: настаўнікі, бацькі, равеснікі, аднакласнікі, сябры? У гэты момант у большасці выпадкаў галоўным з’яўляецца настаўнік, які сёння стаў сам іншым, зусім не тым, аб кім пісалі вялікія педагогі. Ён стаў чалавекам у гэтым соцыуме, такім, як і ўсе астатнія. Яшчэ не да канца патаптаныя законы мінулага настаўніцтва, але шукаць у настаўніку “тату” і “маму” не варта. У настаўніка доўг і абавязкі ўжо іншыя — сучасныя. У настаўніка няма часу на тое, каб разгледзець “усё” і “ўся” ў дзіцяці. У яго ёсць галоўная мэта: даць навучэнцам веды, выканаць вучэбную праграму, арганізаваць працэс навучання. Але ў гэтым працэсе адсутнічае самае галоўнае — тое, што звязана з выхаваннем, чаму шмат увагі адведзена ў педагогіцы. Вось як ёсць. Хто не паспеў выканаць праграму — гэта яго справа. “Хто не паспеў, той спазніўся”. Не вельмі хочацца быць тым, хто спазніўся. Трэба шукаць магчымасці ў нечым праяўляцца. Хто падкажа? Бацькі сварацца, настаўнік незадаволены, равеснікі прагнуць больш “прасунутых”. Кожны сам за сябе. А дзе ж унікальная сістэма А.С.Макаранкі? Дзе нараджэнне калектыву, у якім “ад зін за ўсіх, а ўсе за аднаго”? Дзе праграма высокага і глыбокага пачуцця патрыятызму за свой калектыў?

Раней гэтыя праблемы вырашаліся пры дапамозе арганізаваных заняткаў навучэнцаў у спартыўнай дзейнасці, уд зел у розных выканаўчых калектывах (харавых, аркестравых, тэатральных і інш.). Сумна, што ў дзяцей не праяўляецца цікавасці да гэтага, а дарослыя не ведаюць, куды ўладкаваць сваё дзіця для рэалізацыі ўласных амбіцый: ці то вялікі тэніс, ці то хакей, ці то вакал і г.д. Вынік — раз’яднанне: школа — і хутчэй дадому. Для многіх там утульны куточак узаемадзеянняў з тэхнікай. Колькі там усяго забаўнага! І ўсё адразу, і ўсё маляўнічае і цікавае, уражлівае. Навошта кудысьці ісці на мерапрыемства, рыхтавацца да яго — усё на месцы, толькі пальчыкам трэба націснуць. Атрымліваецца расслаенне, пры якім пачынае працаваць свядомасць дзіцяці і дарослых зусім па-іншаму: “я” і “калектыў”, “калектыў” і “я”. “Калектыў — гэта мы” паступова адыходзіць са свядомасці ўжо ў 1 класе. А наперадзе столькі гадоў сумесных адносін дзяцей і бацькоў, сям’і і школы.

Сусвет мяняе вектары свайго стану ва ўсіх кірунках, часам чалавецтву нават не зразумець і не адразу ўсвядоміць, а што ж адбываецца навокал? Але паспрабуем вярнуцца да сутнасці, таго, што ёсць і называецца “сёння”, і ў прыватнасці да педагогікі — яе ўплыву на свядомасць чалавека ў адносінах да яго адукацыі, выхавання, развіцця. Што значыць увогуле адукацыя для сённяшняга чалавека? Зразумела, што кожны гэта разумее і прымае па-свойму. У айчыннай педагогіцы — гэта даць магчымасць чалавеку пры дапамозе пэўных дысцыплін атрымаць асновы ведаў, неабходных яму для ўзаемасувязі з грамадствам, соцыумам. У гэтым плане айчынная педагогіка справілася дастаткова добра, калі лічыць галоўным стрыжнем адукацыі веды па асноўных прадметных галінах.

Рэчаіснасць вызначыла жыццёвыя пазіцыі кожнага. У большасці з’явіліся сэнсы, вызначыліся мэты, якасна высокімі матывацыямі сталі рэалізоўвацца жыццёвыя планы ў большасці з іх. Маладзёжнае асяроддзе паспяхова авалодала сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, выкарыстоўваючы іх у розных мэтах, але ў большасці выпадкаў у тых, якія даюць ім магчымасць для адносна нармальнага існавання і развіцця.

Сёння, як ніколі, педагагічныя ідэі і погляды філосафаў, педагогаў, псіхолагаў усіх часоў вяртаюць нас да думкі аб тым, што ў гэты складаны палітычны і эканамічны час адбываюцца падзеі далёка нечалавечых учынкаў у чалавечым грамадстве. Неабходна процістаяць антыідэалам, якія асабліва шырока распаўсюдзіліся ў канцы ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя.

Праяўленне зла многааблічнае — нядобразычлівасць, зайздрасць, сквапнасць, гнеў і інш. Зразумела, што зло спадарожнічала чалавеку на працягу ўсёй гісторыі яго існавання, і з ім змагаліся. Але ў гэты перыяд яно праяўляецца ў шэрагу выпадкаў вельмі агрэсіўна, што нясе за сабой наступствы, накіраваныя на знішчэнне чалавечых жыццяў — самага галоўнага на зямлі.

Што можа педагогіка ў адукацыі і выхаванні чалавека, каб пазбегнуць гэтага страшнага зла? Многа. Я пераканалася ў гэтым, чытаючы лекцыйны курс “Педагагічная этыка і педагагічнае майстэрства” студэнтам БДЭУ. На адной з лекцый узнікла дыскусія аб кар’ерным росце маладога спецыяліста. Гэта “хворае” пытанне для моладзі. Амаль кожнаму з іх хочацца самасцвердзіцца, ста ць найлепшым. Але якім чынам гэта зрабіць так, каб былі пазітыўнымі адносіны іншых да таго, што ты зрабіў і як ты зрабіў? І тут роля педагогікі і яе прадстаўнікоў: вучоных, педагогаў, настаўнікаў, выхавальнікаў — вельмі вялікая і адказная ў сувязі з тым, што зараз на моладзь абрыньваецца вадаспад маскультуры, якая асабліва паўплывала на тых, у каго няцвёрдыя маральныя крытэрыі. І толькі выхаваўча-адукацыйныя праграмы, распрацаваныя на аснове педагагічных прынцыпаў і ўкаранёныя ў сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшага звяна, дазволяць маладому спецыялісту знайсці маральны шлях, па якім можна ісці да жаданага выніку і, нарэшце, выканаць сваю жыццёвую праграму. У адваротным выніку ён можа апынуцца Герастратам, які спаліў храм Артэміды Эфескай, што лічыўся сёмым цудам свету, каб праславіць сябе.

Адна з важнейшых мэт сучаснай педагогікі — вызначыцца з ідэяй, якая стане маральным арыенцірам для кожнага ў жаданні ствараць, а не разбураць, як мы бачым у апошні час на фактах гібелі вялікай колькасці людзей, глабальных разбурэнняў у асобных краінах. Гэтая ідэя павінна рэалізоўвацца ў практычных жыццёвых акалічнасцях, а для гэтага патрабуецца ў сістэме адукацыі і выхавання звярнуць асаблівую ўвагу на патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне чалавека з самага ранняга ўзросту.

Ларыса ГЛАЗЫРЫНА,
доктар педагагічных навук, прафесар кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі БДПУ.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.