Настаўніца біялогіі, геаграфіі і працоўнага навучання Бельскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Святлана Бялова яшчэ ў дзяцінстве вырашыла: жыццё звяжа менавіта са сферай адукацыі. З выбранага прафесійнага шляху не звярнула, нягледзячы на складанасці лёсу. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Услед за марай
— Педагогіка была маёй марай. Паўплывалі на гэта школьныя настаўнікі. Яны ў мяне былі цудоўныя! Больш за палову нашага класа выбралі педагагічную прафесію. У тым ліку і я. Прычым без ніякіх сумненняў у якасці профілю вызначыла для сябе біялогію. У гэтым заслуга майго класнага кіраўніка біёлага Галіны Аляксандраўны Шалянок, — паведаміла Святлана Бялова.
Юнацкае імкненне Святлана Дзмітрыеўна рэалізавала. Вучылася ў Іркуцкім педагагічным інстытуце і маладым педагогам накіравалася ў адну з малакамплектных сібірскіх школ. Там у сельскай расійскай глыбінцы адбылася як настаўніца, наладзіла хатні побыт. Здавалася, змяненняў у жыцці не прадбачыцца, а яны адбыліся. Прычым кардынальныя.
— Па пэўных прычынах мы з сям’ёй пераехалі ў Казахстан. Гэта быў даволі складаны перыяд, бо я вымушана была пайсці з прафесіі. Усё змянілася, калі нашым пастаянным месцам жыхарства стала Беларусь. Тут, у дрыбінскай вёсцы Белая, я змагла вярнуцца да педагогікі. Магчымасць зноў выкладаць стала сапраўдным падарункам, бо дзяцей і школы мне вельмі не хапала. Канечне, вяртанне праходзіла цяжка. Адрозніваліся вучэбныя праграмы, выкладаліся прадметы на беларускай мове, якую тады ведала дрэнна. Даводзілася і падручнікі перакладаць, і пісаць планы ўрокаў па начах. Але цяжкасці нам даюцца для таго, каб іх пераадольваць. Асабіста мне дапамаглі самаадукацыя і вялікае жаданне настаўнічаць, — падзялілася Святлана Дзмітрыеўна.
Ключык да кожнага
Сёння Святлана Бялова — педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яна выпрацавала свае дзейсныя методыкі навучання па ўсіх прадметах, якія выкладае. На ўроках выкарыстоўвае як класічныя прыёмы, так і сучасныя адукацыйныя методыкі.
— Заняткі заўсёды стараюся праводзіць эфектыўна і эфектна. Шырока выкарыстоўваю інфармацыйна-камунікацыйныя, гульнявыя і інтэрактыўныя тэхналогіі, тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, праектны і даследчы метады. Важным лічу фарміраванне ў дзяцей чытацкай дасведчанасці, — заўважыла настаўніца.
Цікавасць да вучэбных прадметаў Святлана Бялова развівае праз уласны прыклад, бо ўпэўнена: дзеці вучацца з задавальненнем толькі тады, калі іх з задавальненнем вучаць. Па яе меркаванні, урок павінен быць дыялогам, якім педагог кіруе як своеасаблівы рэжысёр.
— Але дыялогу не атрымаецца без паразумення паміж настаўнікам і вучнямі. Па гэтай прычыне да кожнага навучэнца я шукаю свой ключык. Гэта дазваляе разгледзець здольнасці дзяцей і накіраваць іх у патрэбнае рэчышча, — адзначыла Святлана Дзмітрыеўна.
У прыярытэце ў Святланы Бяловай і практыкаарыентаванасць урокаў. Яна не проста дае дзецям веды, а вучыць прымяняць іх у тыповых штодзённых сітуацыях. Стараецца прывіць навучэнцам ключавыя ўменні і кампетэнцыі, неабходныя ў жыцці.
Дзякуючы такому падыходу, на занятках у гэтай настаўніцы ўсе вучні працуюць, разважаюць, абмяркоўваюць. Прычым робяць гэта з энтузіязмам. Педагог памкненні дзяцей падтрымлівае.
— Нават самыя маленькія самастойныя адкрыцці выдатна матывуюць дзяцей на вучобу. Гэта адзін з лепшых спосабаў дасягнуць добрай вучэбнай паспяховасці, — пераканана настаўніца.
Павышаную ўвагу Святлана Дзмітрыеўна ўдзяляе не толькі навучанню. Упор яна робіць і на выхаванне дзяцей. Прычым асабліва важным лічыць фарміраванне ў вучняў нацыянальнай самасвядомасці.
— Імкнуся да таго, каб усе ўрокі, заняткі або мерапрыемствы неслі ў сабе як вучэбны, так і выхаваўчы кампанент: прывівалі любоў да Радзімы, сям’і, прыроды. Захапіць дзяцей беларускай культурай дапамагаюць нашы сумесныя праекты і даследаванні, удзел у тэматычных рэгіянальных фестывалях. Дрыбіншчына — край самабытных рамёстваў. Разам з навучэнцамі мы вывучаем сваю мясцовую культурную спадчыну, спрабуем асвоіць віды рукадзелля, якія дайшлі да нас праз стагоддзі. Такая работа дае магчымасць дасканала азнаёміць вучняў з традыцыямі і звычаямі продкаў, далучае іх да родных вытокаў і закладвае асновы патрыятызму, — упэўнена Святлана Бялова.
Нагоды для радасці
Значнае месца ў сваёй педагагічнай дзейнасці Святлана Дзмітрыеўна адводзіць рабоце з адоранымі навучэнцамі. Здольнасці таленавітых вучняў настаўніца раскрывае, рыхтуючы іх да ўдзелу ў алімпіядах і конкурсах даследчага характару.
— З адоранымі дзецьмі некалькі разоў на тыдзень сустракаемся на факультатыўных і стымулюючых занятках. У мяне ёсць спецыяльныя хвілінкі алімпіяднікаў на ўроках, шэраг аўтарскіх заданняў для самастойнага вывучэння, — расказала Святлана Бялова.
Па яе словах, на этапе падрыхтоўкі педагогу трэба застацца ў ролі каардынатара і інструктара. Гэта павышае цікавасць і адказнасць навучэнцаў. Нельга забываць і аб маральнай падтрымцы, матывацыі. Бо поспех магчымы толькі тады, калі вучань верыць у сябе і свае сілы.
— Вядома, на работу са здольнымі навучэнцамі затрачваецца многа асабістага часу. Але ж яго ніколькі не шкада, бо ўзамен бачыш захопленыя вучобай дзіцячыя вочы. Таму не заўсёды нашы сустрэчы з вучнямі абмяжоўваюцца сценамі школы. Яны часта прыходзяць да мяне дадому, дзе мы зноў карпатліва рыхтуемся да выступлення на алімпіядзе ці конкурсе. А потым таксама разам радуемся заслужаным перамогам, — гаворыць Святлана Дзмітрыеўна.
Дарэчы, нагод для такой радасці ў педагога і яе вучняў дастаткова кожны навучальны год. Пад чулым кіраўніцтвам настаўніцы бельскія школьнікі са сваімі даследчымі праектамі па біялогіі перыядычна становяцца прызёрамі адпаведных абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Вызначаюцца навучэнцы Святланы Дзмітрыеўны і ў алімпіядным руху: неаднаразова яны станавіліся пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.
Актыўнасць ва ўсім
Амаль штодня Святлана Бялова спяшаецца ў школу да сваіх вучняў. Урокі, факультатывы, падрыхтоўка да конкурсаў і алімпіяд… Дзіўна, але і ў вольны ад выкладання час Святлана Дзмітрыеўна паспявае праяўляць актыўнасць. Настаўніца мэтанакіравана займаецца грамадскай работай. Ужо не ўпершыню аднавяскоўцы выбіраюць яе ў склад сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў. А ў педагагічным калектыве яна прафсаюзны лідар.
— Як кіраўнік прафсаюза максімальна падтрымліваю калег-педагогаў, сачу за выкананнем сацыяльных гарантый. Заўсёды даступная і для жыхароў аграгарадка, маіх выбаршчыкаў. Зваротаў, канечне, мноства. Але ўсім па меры магчымасцей дапамагаю: звяртаюся да кіраўніцтва раёна, у арганізацыі. Шмат праблем такім чынам было знята. Людзі мне давяраюць, і гэта вельмі каштоўна. Мая грамадская работа — своеасаблівы прыклад для навучэнцаў. Дзеці цікавяцца, задаюць пытанні, стараюцца самі праяўляць грамадзянскую пазіцыю, — патлумачыла мая суразмоўніца.
Плённая праца Святланы Дзмітрыеўны неаднойчы адпаведна адзначалася. Яна з’яўляецца ўладальнікам звання “Выдатнік адукацыі”, узнагароджана ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу і Міністэрства адукацыі, шматлікімі дыпломамі мясцовых выканаўчых улад.
— Уласныя ўзнагароды — рэч прыемная, але ж вучнёўскія поспехі для мяне больш значныя. Я вельмі ганаруся тым, што мае навучэнцы па ўзроўні ведаў не саступаюць школьнікам са сталіцы і абласных гарадоў. Вучні смела ідуць у дарослае жыццё, свядома выбіраюць прафесійную будучыню. Шэраг выпускнікоў пайшлі педагагічнай дарогай. Прычым профілем выбралі біялогію і працоўнае навучанне. Такія моманты лічу сваім галоўным працоўным дасягненнем. У гэтым заключаецца маё настаўніцкае шчасце, — запэўніла Святлана Бялова.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара