Перадумовы прафесійнага поспеху: агляд майскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 17:10Журнал "Народная асвета", Новости

Што можна назваць перад­умовамі прафесійнага поспеху настаўніка? Думаю, амаль кожны адкажа, што гэта любоў і павага да дзяцей, глыбокае веданне свайго прадмета, няспынная метадычная падрыхтоўка і самаадукацыя, разуменне ўзроставай псіхалогіі і развіты эмацыянальны інтэлект…

Гэты спіс можна прадоўжыць, але на першае месца я ўсё ж паставіла б псіхалагічнае здароўе. Нездарма працай сэрца і нерваў назваў прафесію настаўніка вядомы педагог Васіль Аляксанд­равіч Сухамлінскі. Як патэнцыяльна эмацыягенную вызначаюць яе вучоныя. Высокі дынамізм, надзвычайныя перагрузкі, частыя сітуацыі цэйтноту, складанасць і разнастайнасць выхаваўчых калізій, цяжар пастаяннага і разнавектарнага ацэньвання дзей­насці, інтэнсіўныя і не заўсёды пазітыўныя кантакты з вялікай колькасцю лю­дзей, не кажучы ўжо аб сістэматычным разумовым напружанні. Усе гэтыя цалкам аб’ектыўныя акалічнасці ўяўляюць сабой пэўныя пагрозы для псіхалагічнага здароўя настаўніка. Пагрозы можна і трэба папярэдж­ваць. Якія для гэтага ва ўстанове адукацыі павінны быць створаны ўмовы, а таксама якія мерапрыемствы спрыя­юць прафілактыцы парушэнняў псіхалагічнага здароўя педагогаў — у майскім выпуску праекта “Педагагічная асамблея”.

Сярэдняя школа № 28 Віцебска імя Е.С.Зяньковай, вопыт якой мы прадстаўляем на старонках творчага праекта “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”, — адметная ўстанова адукацыі. Гэтая школа першай у Віцебску атрымала статус Школы міру і зараз вельмі актыўна працуе ў гэтым кірунку. Тут адкрыта адзіная ў Беларусі музейная экспазіцыя “Блакадны Ленінград”, на базе якой праводзяцца разнастайныя сустрэчы, экскурсіі, міжнародныя тэлемасты і відэаканферэнцыі. Дзякуючы рабоце вучняў і настаўнікаў, адзін з былых ленінградцаў адшукаў сваякоў, з якімі на многа гадоў яго разлучыла вайна. Школа актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці навучэнцаў. Да таямніц народнай культуры настаўнікі вядуць сваіх вучняў па шляху творчасці: дзеці спрабуюць, напрыклад, складаць вершы-забаўлянкі, ствараюць цудоўныя рэчы, якія захоўваюцца ў музейным пакоі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Куфэрак народных рамёстваў”. А школьная бібліятэка стала сапраўдным цэнтрам культуры сямейнага чытання і ўвасаблення творчых ідэй школьнікаў. Каб рабіць цікавым кожны ўрок, падтрымліваць імкненне дзяцей спасцігаць нязведанае, настаўнікі распрацоўваюць даследчыя заданні міжпрадметнага характару, праводзяць квесты, прапануюць сваім вучням захапляючыя экскурсіі. У арсенале педагогаў многа эфектыўных інструментаў навучання і выхавання. На старонках часопіса вы зможаце азнаёміцца з вопытам работы настаўнікаў з Віцебска і выбраць тое, што будзе карысным для вас і вашых вучняў.

Як заўсёды, вельмі сур’ёзныя тэмы разглядаюцца ў нашым інтэрактыўным праекце “Бацькоўскі сход”. Гэтым разам мы звярнуліся да цяжкасцей цяжкіх падлеткаў. Згодна з агульнапрынятай у педагагічным асяроддзі трактоўкай, такі падлетак неўспрымальны да станоўчага сацыяльнага вопыту. Ён не засвойвае неабходных правіл і каштоўнасцей, не ўспрымае патрабаванняў бацькоў і настаўнікаў. Аднак пры знешнім падабенстве гэтых паводзінскіх праяўленняў прычыны іх у розных падлеткаў могуць быць прынцыпова рознымі. Супраціўляльнасць выхаваўчым уздзеянням можа абумоўлівацца і адхіленнямі ў эма­цыянальна-валявой сферы падлетка, і несфарміраванасцю сістэмы маральных каштоўнасцей (так званай педагагічнай запушчанасцю), і асобаснымі змяненнямі, звязанымі са скажэннем уяўленняў маладога чалавека аб сваіх узаемаадносінах з навакольнымі, і памылкамі ва ўзаемадзеянні дзіцяці, бацькоў і настаўнікаў. Таму зразумела, што спосабы псіхолага-педагагічнай падтрымкі ў кожным з гэтых выпадкаў павінны быць рознымі. Больш падрабязна — у майскім выпуску “Бацькоўскага сходу”.

Завяршае часопіс наш рэтраспектыўны агляд артыкулаў, якія былі надрукаваны ў “Народнай асвеце” ў 1950 годзе. Яны, як вы заўважыце, аб’яднаны тэмай, вельмі актуальнай і для сучаснай школы. Дакладней, для любой школы любых часоў. Аўтары разважаюць пра тое, як павысіць якасць навучання і выхавання школьнікаў. Прычым гэта нават не разважанні, а грунтоўны аналіз прычын галоўнай праблемы — непаспяховасці вучняў. Так, О.Вадэйка вядзе размову аб пераадоленні другагодніцтва: “Кожнаму з нас вядома, што самае бліскучае выкладанне, самая правільная пабудова ўрока не дасць жаданых вынікаў, калі да ўспрымання яго дзеці не ў роўнай меры падрыхтаваны. А ў класе заўсёды знойдуцца слабейшыя і менш падрыхтаваныя дзеці, якія патрабуюць асобнага падыходу настаўніка не толькі на самім уроку, але і ў пазаўрочны час. I калі такім дзецям настаўнік своечасова не дапаможа, то ён не здолее поўнасцю дасягнуць пастаўленай перад класам мэты. Непаспяховасць звычайна пачынаецца там, дзе настаўнік траціць здольнасць бачыць і адчу­ваць, у якой меры кожны з выхаванцаў успрымае яго словы…

Несур’ёзныя настаўнікі, не азнаё­міўшыся грунтоўна з асаблівасцямі вучня, спяшаюць наклеіць на яго ярлык: “гультай”, “няздольны”, “няўважлівы”. Такія адносіны да вучня надзвычай шкодзяць справе. Не ярлыкі трэба наклейваць, а выясняць прычыны непаспяховасці вучня і неадкладна прымаць адпаведныя меры ўздзеяння. Святы абавязак настаўніка — не толькі заўважыць прабел у ведах, але і падбадзёрыць вучня, дапамагчы яму хутчэй запоўніць гэты прабел… У сваіх адносінах да вучня настаўнік павінен быць чулым і тактычным”.

“У святле вырашэння задач навучання і выхавання работа класнага кіраўніка набывае вялікае значэнне, — падкрэслівае А.Рыжараў. — Яго роля ў агульнай сістэме выхавання і навучання — не толькі ў тым, каб змагацца за высокія веды вучняў свайго класа, за трывалае засваенне імі праграмнага матэрыялу, але і выхаваць з іх актыўных людзей, высокаадукаваных, людзей валявых, настойлівых, якія не баяцца цяжкасцей, умеюць пераадольваць гэтыя цяжкасці.

…Ёсць безліч прыкладаў, калі дрэнна арганізаваны клас у руках спрактыкаванага класнага кіраўніка, які любіць сваю справу, ператвараецца ў самы ўзорны. Праўда, для гэтага патрэбна настойліва і ўпарта выву­чаць кожнага вучня, ведаць яго схільнасці і запатрабаванні, яго хатнія ўмовы. Трэба сказаць, што класны кіраўнік павінен з’яўляцца не толькі добрым педагогам, але і добрым псіхолагам”.

Пра тое, як можна стаць такім педагогам і псіхолагам, чытайце ў прапанаваных артыкулах.

А ўвогуле, мы па майскай традыцыі жадаем вам, паважаныя педагогі, лёгкага заканчэння навучальнага года, ні пуху ні пер’я выпускнікам на іспытах і, безумоўна, усім моцнага здароўя!

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар