Перагаворы аб уступлені Беларусі значна актывізаваліся

- 10:21Інфармацыйная гадзіна

Старшыня рабочай групы па далучэнні Беларусі да СГА, пастаянны прадстаўнік Турцыі пры СГА Кемаль Мадэнаглу адзначыў значную актывізацыю перагавораў Беларусі і пацвердзіў падтрымку хутчэйшаму ўступленню краіны ў Арганізацыю. На гэтым была акцэнтавана ўвага ў час яго сустрэчы з першым намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Андрэем Еўдачэнкам, паведамілі ў прэс-службе МЗС.

У знешнепалітычным ведамстве расказалі, што 11—15 верасня ў Жэневе (Швейцарыя) беларуская дэлегацыя на чале з Андрэем Еўдачэнкам прымае ўдзел у чарговым раўндзе перагавораў па далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Так, прайшла сустрэча з Кемалем Мадэнаглу і выконваючым абавязкі дырэктара дэпартамента па далучэнні новых краін Сакратарыята СГА Маіка Ашыкава.

Бакі абмеркавалі сітуацыю ў перагаворным працэсе па далучэнні Беларусі да СГА і ход падрыхтоўкі да 9-га пасяджэння рабочай групы. Узаемна быў адзначаны дасягнуты з пачатку гэтага года прагрэс Беларусі ў працэсе далучэння да СГА, у тым ліку распаўсюджванне першага праекта даклада рабочай групы і завяршэнне двухбаковых перагавораў з шэрагам краін — членаў СГА. Андрэй Еўдачэнка перадаў запрашэнне міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея старшыні рабочай групы і супрацоўнікам дэпартамента па далучэнні новых краін Сакратарыята СГА наведаць Мінск у 2017 годзе.

У той жа дзень у Жэневе быў таксама падпісаны пратакол аб завяршэнні двухбаковых перагавораў па доступе на рынак тавараў з Эквадорам.

Ад імя ўрада Беларусі дакумент падпісаны першым намеснікам міністра замежных спраў, ад імя ўрада Эквадора — пастаянным прадстаўніком пры СГА Дыега Аўлестыя Валенсья. Бакі выказалі надзею, што далучэнне Беларусі да СГА будзе садзейнічаць далейшаму пашырэнню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва як паміж дзвюма краінамі, так і паміж Эквадорам і Еўразійскім эканамічным саюзам.

Эквадор стаў 13-м членам СГА, з якім Беларусь завяршыла двухбаковыя перагаворы па далучэнні да арганізацыі. У той жа дзень была дасягнута прынцыповая згода аб завяршэнні да канца 2017 года перагавораў па доступе на рынак тавараў з Эль-Сальвадорам.