Перамагае любоў да роднага краю

- 12:41Адукацыйная прастора, Рознае

Чарговая абласная краязнаўчая алімпіяда сярод навучэнцаў Гомельскай вобласці, якую арганізоўвае Гомельскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, прайшла на базе сярэдняй школы № 21 Гомеля.

Краязнаўчая алімпіяда праходзіць у вобласці з 2008 года і носіць назву “Румянцаўская” — у гонар аднаго з уладальнікаў Гомельскага маёнтка, міністра камерцыі, міністра замежных спраў, канцлера Расійскай імперыі, перадавога чалавека свайго часу, мецэната, які шмат зрабіў для Гомеля, — графа М.П. Румянцава. Пераможцы алімпіяды ўзнагароджваюцца спецыяльнымі — румянцаўскімі медалямі.

Апошнім часам абласное мерапрыемства значна пашырыла свае межы. У гэтым годзе ўдзел у алімпіядзе прымалі нават госці з Расійскай Федэрацыі.

Кожны год алімпіяда прысвячаецца пэўным юбілейным датам ці важным падзеям. Сёлета яна была прысвечана 30-годдзю з дня трагедыі на Чарнобыльскай АЭС і Году культуры.

Перад навучэнцамі стаяла задача справіцца з заданнямі трох тураў. Першы тур быў прысвечаны непасрэдна чарнобыльскай тэматыцы. Лепшымі ў гэтым інтэлектуальным спаборніцтве аказаліся вучні сярэдняй школы № 10 Светлагорска. Другі тур прысвячаўся аб’яўленаму ў Беларусі Году культуры. Самымі дасведчанымі ў культурным жыцці краіны былі навучэнцы сярэдняй школы № 3 Нароўлі. Добра праявілі сябе школьнікі з Гомельскага Палесся і ў трэцім туры, у якім неабходна было паказаць свае веды па роднай літаратуры, а менавіта па жыцці і творчасці пісьменнікаў-юбіляраў. Тут не было роўных навучэнцам сярэдняй школы № 1 з Лельчыц.

Каб вызначыць пераможцаў, журы яшчэ належала падвесці агульныя вынікі. Пакуль суддзі аналізавалі інтэлектуальныя спаборніцтвы кожнага тура, удзельнікам былі прадэманстраваны фільмы пра чарнобыльскую трагедыю, прадастаўленыя цэнтрам прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС.

Потым былі аб’яўлены канчатковыя вынікі. У агульным заліку першае месца пакінулі за сабой навучэнцы сярэдняй школы № 1 г.п.Акцябрскі імя А.Р.Салаўя. На другім — пастаянныя ўдзельнікі розных конкурсаў, алімпіяд і фестываляў — навучэнцы гімназіі № 51 Гомеля. Трэцяе месца — у вучняў сярэдняй школы № 3 Нароўлі.

Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і памятнымі медалямі.

Наталля ЛУТЧАНКА.