Перамаглі… гуляючы

- 11:02Адукацыйная прастора

“Мы не таму перастаём гуляць, што пастарэлі. Мы старэем, бо перастаём гуляць!” — з гэтымі словамі англійскага драматурга Б.Шоу цалкам згодны педагогі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца.

У што гуляюць сучасныя дзеці? Ці вядомы і цікавы ім гульні, у якія некалі гулялі сённяшнія дарослыя? Свет камп’ютарных гульняў настолькі паглынуў падлеткаў, што часам невядома, ці можа іх зацікавіць яшчэ нешта, акрамя “стралялак”. Як зрабіць так, каб хлопчыкам і дзяўчынкам захацелася навучыцца асвоіць “жывыя” гульні? Як пры дапамозе гульні аб’яднаць дарослых і дзяцей, каб яны атрымалі задавальненне ад сумеснай карыснай дзейнасці?

У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца пра гульні ведаюць усё. Педагогі не толькі самі актыўна гуляюць, але і з радасцю вучаць гэтаму выхаванцаў. Нядзіўна, чаму творчыя і ініцыятыўныя людзі, якія працуюць у цэнтры, не застаюцца ў баку ад розных конкурсаў, дзе атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды.

Сёлета камянецкія педагогі ўпершыню ўдзельнічалі ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу гульнявых праектаў “Гуляюць дзеці — гуляем мы!”. Увазе гледачоў была прапанавана тэатральна-гульнявая праграма “Каму — рок, каму — фолк, абы ў гэтым ведалі толк!”, удзельнікі якой паказалі высокае майстэрства і артыстызм. Перамога ў абласным этапе спаборніцтва дазволіла педагогам дадатковай адукацыі Наталлі Андрэеўне Водневай і Варвары Аляксандраўне Грыб, а таксама культарганізатару Аляксандры Сяргееўне Дацкевіч прыняць уд зел у ХІІІ Рэспубліканскім конкурсе гульнявых праектаў “Гуляюць дзеці — гуляем мы!”, які нядаўна праходзіў у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. У мерапрыемстве ўдзельнічалі 17 каманд гульнятэхнікаў з розных рэгіёнаў нашай краіны і блізкага замежжа. Усе каманды былі ў нечым адметнымі, у кожнай было чаму павучыцца.

Н.А.Воднева і В.А.Грыб — выдатныя педагогі, якія зараджаюць пазітывам і крэатывам усіх навокал. На іх можна паспадзявацца ў любой сітуацыі, што патрабуе творчага падыходу і самааддачы, прычым кожны педагог зробіць гэта з задавальненнем і карысцю для далейшага самаўдасканальвання і асобаснага росту. Ім лёгка даюцца любыя прафесійныя вобразы. Адданыя педагагічнай прафесіі Н.А.Воднева і В.А.Грыб ахвотна перадаюць дзецям веды і вопыт творчай дзейнасці.

Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Вясёлая карусель” пад кіраўніцтвам Н.А.Водневай рыхтуюць невялікія тэатральныя пастаноўкі, дзе спрабуюць сябе ў ролі артыстаў. Працуючы над эцюдамі і ролямі, яны рэалізоўваюць творчыя здольнасці і атрымліваюць вялікае задавальненне ад захапляльнага працэсу. Прымяраючы розныя вобразы, дзеці вучацца праяўляць пачуцці і разумець пачуцці іншых. Педагог як майстар сваёй справы з’яўляецца для выхаванцаў прыкладам для пераймання.

В.А.Грыб праводзіць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах “Юны мастак” і “Міраж”. Раскрываючы дзецям свет выяўленчага мастацтва і пескаграфіі, малады педагог вучыць іх разнастайваць уласны ўнутраны свет. У рабоце Варвара Аляксандраўна выкарыстоўвае розныя тэхнікі і матэрыялы. Педагог развівае ў дзяцей фантазію, творчае мысленне і дробную маторыку, захоўваючы пры гэтым аўтарскі погляд і індывідуальнасць творчасці кожнага. В.А.Грыб добразычлівая і шчырая, робіць усё магчымае, каб заняткі былі цікавымі і пазітыўнымі.

Вельмі ярка Варвара Аляксандраўна праявіла сябе ў раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, дзе заняла 2-е месца і атрымала спецыяльны прыз за лепшыя адкрытыя заняткі аб’яднання па інтарэсах. Работы выхаванцаў В.А.Грыб перамагалі ў конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Майстар-класы педагога цікавыя і запамінальныя. Ініцыятыўная і энергічная, Варвара Аляксандраўна заўсёды адкрыта для супрацоўніцтва. Ёй пад сілу самыя розныя вобразы: і пяшчотнай Снягуркі, і вясёлай Карамелькі, і шкоднай Злосніцы.

— Наталля Андрэеўна і Варвара Аляксандраўна — адказныя памочнікі ў рэалізацыі творчых ідэй цэнтра, — гаворыць культарганізатар А.С.Дацкевіч, адказная за сцэнарый і музычнае суправаджэнне конкурснай праграмы. — Падчас рэпетыцый мы актыўна і весела прадумвалі выступленне, адчувалі сябе не толькі сапраўднымі майстрамі пераўвасаблення, але і адной камандай. Паводле сюжэта, мама і дачка спрачаюцца, якая музыка лепшая — рок ці фолк. Адметна, што мама па імені Гідраклёпка ўпарта абараняла рок. А вось дачка Алёнка лічыла, што для слыху няма больш мілых гукаў, чым меладычная фальклорная музыка. Кожны персанаж вылучаўся характарам, манерай гаварэння, стылем адзення. Наталля Андрэеўна ўзяла ролю баявой і энергічнай мамы. Для праўдзівасці вобраза ёй давялося грунтоўна разабрацца ў сучасных музычных напрамках. Варвара Аляксандраўна па-майстэрску ўжылася ў лірычны і мяккі вобраз дачкі Алёнкі. Гледачам гульня педагогаў вельмі спадабалася. Журы ацаніла актуальнасць тэмы, арыгінальнасць сцэнарнай ідэі, музычнае афармленне, касцюмы і работу з глядацкай залай. Наша каманда была адзначана спецыяльным дыпломам у намінацыі “За акцёрскае майстэрства”. Галоўнае цяпер — не спыняццца на дасягнутым, а пакараць новыя вяршыні і дабівацца новых перамог.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.