Перавернуты педсавет

- 11:54Адукацыйныя праекты

Змешанае навучанне — адзін з трэндаў сучаснай адукацыі. Яно спалучае традыцыйныя формы аўдыторнага навучання з элементамі электроннага навучання, у якім выкарыстоўваюцца спецыяльныя інфармацыйныя тэхналогіі (камп’ютарная графіка, аўдыя­-і відэаматэрыялы, інтэрактыўныя сродкі).

Адна з найбольш распаўсюджаных мадэлей змешанага навучання — перавернуты клас, калі адукацыйны працэс уяўляе сабой паслядоўнасць фаз традыцыйнага і электроннага навучання, якія чаргуюцца ў часе. Так, інтэрактыўнае групавое навучанне праводзіцца ў класе пад кіраўніцтвам выкладчыка, а самастойнае навучанне з дапамогай ІКТ праходзіць па-за класам. Гэта самая простая для асваення і рэалізацыі мадэль змешанага навучання. Адукацыйны працэс літаральна пераварочваецца: лекцыйны матэрыял вывучаецца самастойна дома з дапамогай анлайн-курсаў, а ў класе дэталёва прапрацоўваюцца найбольш складаныя моманты. Перавага такога падыходу ў тым, што пры неабходнасці вучні могуць шмат разоў праглядаць дома лекцыйны матэрыял, які выклікае цяжкасці, і прыйсці ў клас з канкрэтным пытаннем.

Многія выкладчыкі Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання ўжо апрабавалі гэтую тэхналогію і паспяхова выкарыстоўваюць яе ў педагагічнай практыцы. Больш за тое, метадычная служба кале­джа прымяняе мадэль перавернутага класа ў арганізацыі педсаветаў, напрыклад, на тэму “Метадычная і інавацыйная кампетэнтнасць выкладчыка — дзейсны інструмент павышэння якасці адукацыі”, каб далучыць педкалектыў да вырашэння канкрэтных задач.

Безумоўна, перавернуты педсавет патрабуе шмат часу і сіл, перагляду традыцыйных падыходаў да яго правядзення. Спачатку трэба сфармуляваць мэту, выбраць віды дзейнасці і сродкі, дзякуючы якім вырашаюцца пастаўленыя задачы. Важна вызначыць, якую частку матэрыялу і з дапамогай чаго педагогі будуць вывучаць на пасяджэнні педсавета, а якую частку яны самастойна выву­чаць анлайн і на якой платформе. Улічваючы тое, што наша ўстанова даўно працуе ў сістэме дыстанцыйнага навучання Moodle, мы размясцілі матэрыялы і заданні менавіта там.

Калектыў азнаёміўся з інавацыйнай формай правядзення педсавета, атрымаў інструкцыі па яго пад­рыхтоўцы. Увазе ўдзельнікаў былі прапанаваны даклад і прэзентацыя. Педагогі адказвалі на пытанні, выконвалі заданні, праходзілі апытанне з дапамогай Google-формы ў агульным чаце ў Viber. Менавіта на гэтым этапе ўзніклі пэўныя цяжкасці. Некаторым педагогам спатрэбіліся індывідуальныя кансультацыі, пераважна па пытаннях тэхнічнага суправаджэння новай формы работы. Але паколькі каледж ужо некалькі гадоў працуе над стварэннем актыўнага Smart-ася­роддзя, на базе якога рэалізуюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты, звязаныя з выкарыстаннем мабільнага навучання і воблачных тэхналогій, то ў большасці выкладчыкаў пытанняў не ўзнікла.

У выніку традыцыйнае чытанне дакладаў на педсавеце цалкам адсутнічала. З тэарэтычнымі матэрыяламі педсавета педагогі азнаёміліся загадзя дома ў зручны час, а на пасяджэнні атрымалі адказы на пытанні, распрацавалі ў групах сумесныя дакументы і прэзентацыі ў сэрвісах Google і агучылі вынікі работы: вызначылі ўмовы, якія садзейнічаюць інавацыйнаму развіццю ўрока; назвалі прычыны, якія перашкаджаюць працаваць у інавацыйным рэжыме; прапанавалі шляхі павышэння метадычнай і інавацыйнай кампетэнтнасці педагогаў; распрацавалі праекты заняткаў з выкарыстаннем сучасных тэхналогій.

Перавернуты педсавет дазволіў вынікова ўзаемадзейнічаць з іншымі членамі савета, абмяркоўваць праблемы і вырашаць іх, ствараць сумесныя прадукты, задаваць пытанні і дзяліцца атрыманымі звесткамі, ацэньваць уласную і чужую работу, праяўляць лідарства і несці адказнасць, праяўляць ініцыятыўнасць і самастойнасць.

Многія педагогі адзначылі, што новая форма работы вельмі цікавая і плённая. Прынятыя рашэнні дазваляюць укараніць у метадычную практыку эфектыўныя формы і метады дзейнасці, накіраваныя на ўдасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці выкладчыкаў і павышэнне якасці падрыхтоўкі выпускнікоў.

Наталля ГЕРАСІМОВІЧ,
метадыст Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання.