Першае дашкольнае лясніцтва пачало працаваць у Мінскай вобласці

- 12:45Образование

Падчас правядзення добраахвотнай рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» ў дзіцячым садзе № 2 «Вясёлка» Валожына прайшло ўрачыстае адкрыццё дашкольнага лясніцтва «Зубраня», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У межах мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння, выхаванцы, педагагічныя работнікі, бацькі і прадстаўнікі Валожынскага лясгаса высадзілі памятную алею на тэрыторыі дзіцячага садзіка, — падзялілася навіной начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама Таццяна Крыкала. — Што тычыцца ідэі ствараць такія аб’яднанні ў дзіцячых садзіках, то гэтая ініцыятыва належыць Міністэрству лясной гаспадаркі.

Са слоў суразмоўніцы, дзякуючы такім праектам малышы даведаюцца яшчэ больш пра важнасць захавання лясоў і іх значэнне.

— Дзеткі спазнаюць многа цікавага пра лясную гаспадарку і людзей, якія працуюць у гэтай сферы, — упэўнена начальнік раённага ўпраўлення. — Спецыяльна для выхаванцаў пашылі форму, адзін у адзін як у дарослых работнікаў лесу. Упэўнена, такі фармат узаемадзеяння будзе спрыяць у тым ліку экалагічаму выхаванню і беражліваму стаўленню да навакольнага асяроддзя.

Наталля САХНО